Новы сродак абысьці інтэрнэт-цэнзуру

27.07.2011:13:14
0
1 027
Навіны, Сьвет
Новы сродак абысьці інтэрнэт-цэнзуру

Верагодна, у бліжэйшы час карыстацца Vkontakte і іншымі заблякаванымі рэсурсамі па серадах і астатніх «небясьпечных» днях можна будзе прасьцей з дапамогай праграмы Telex. Яна распрацаваная праграмістамі ЗША і Канады каб абысьці «абмежаваную інтэрнэт-цэнзуру».

Як сьцьвярджаюць распрацоўшчыкі сыстэмы Telex — супрацоўнікі Мічыганскага ўнівэрсытэту і навукоўцы з унівэрсытэту Ватэрлоў у Канадзе — праграма здольная абысьці блякіроўку любога сайту, калі толькі Інтэрнэт у краіне цалкам не адключаны.

Працуе Telex па мэтаду проксы-сэрвэру, калі доступ да заблякаванага ўрадам сайту адбываецца праз партал-пасярэднік. Аднак калі шмат карыстальнікаў пачынаюць адначасова заходзіць на заблякаваны рэсурс праз такі проксі-пасярэднік, цэнзары могуць заблякаваць доступ і да гэтага парталу. Гэтак ужо здаралася ў Беларусі, калі разам з ужо стабільна блякаванай па вечарах у сераду сацыяльнай сеткай Vkontakte пад цэнзуру трапляў папулярны проксы-сэрвэр.

Telex здольны абыходзіць гэту праблему. Калі юзэр жадае зайсьці на забаронены сайт, праграма ўсталёўвае зашыфраванае HTTPS-злучэньне зь любым дазволеным рэсурсам. Але да запыту кліента дадаецца інфармацыя, якая мусіць быць прачытаная замежным правайдэрам, што ўсталяваў дадатковую праграму Telex. Далей запыт адпраўляецца на проксы-сэрвэр ці ў папулярную сетку Tor.


Так працуе праграма Telex

Гэткім чынам карыстальнік у Беларусі можа бачыць любы забаронены сайт, маючы ўсталяваную на флэшцы ці кампутары праграму Telex. Як адзначаюць распрацоўшчыкі, істотна, каб цэнзары «не адмянялі Інтэрнэт цалкам, а доступ быў забаронены толькі да асобных рэсурсаў і HTTPS-трафік не блякаваўся цалкам».

Як адзначае newscientist, дапамагчы пры поўным адлучэньні Інтэрнэту, як тое здаралася ў час эгіпецкай рэвалюцыі, Telex ня здольная.

Некалькі месяцаў таму ЗША заявіла аб сваім жаданьні змагацца зь інтэрнэт-цэнзурай па ўсім сьвеце, на што ўрад краіны гатовы вылучыць да $19 млн. Верагодна, распрацоўка мічыганскіх і канадзкіх навукоўцаў стане часткаю гэтай праграмы. Прынамсі, на гэта спадзяюцца распрацоўшчыкі, бо без падтрымкі буйных правайдэраў сыстэма Telex наўрад ці стане эфэктыўнай.

 

http://generation.by/

Падзяліцца:

Каментары