“Каб адрадзіць Беларусь, нам штодня трэба весьці за яе барацьбу…”


Лідэр Маладога Фронту Зьміцер Дашкевіч правёў анлайн-канфэрэнцыю на нашым сайце.

Дзякуем Вам, нашым актывістам і чытачам, за шматлікія цікавыя пытаньні і прапануем Вашай увазе меркаваньні Зьмітра Дашкевіча па зазначаных тэмах.

Яраслаў: калі мы пераможам не маральна, а фізычна…?

Яраслаў, толькім тады, калі будзем да гэтага маральна падрыхтаваныя. Да прыкладу, у 2006-м, апазыцыя не была да таго падрыхтавана ні маральна, ні духова. Менавіта таму 19-га чысла лідэры дэмакратычнага руху заклікалі сваіх прыхільнікаў ісьці укладаць кветкі, а не адстойваць ідэалы свабоды і справядлівасьці да канца, да самае перамогі над беззаконьнем. Зь іншага боку паказальна сытыацыя з “беларускім майданам”, на якім некалькі соцень духова моцнай і маральна падрыхтаванай моладзі, прымусілі Лукашэнку на паўмесяцы зьнікнуць з тэлеэкранаў і радыёкропак, прымусілі яго перанесьці каранацыю і праводзіць яе на пустой плошчы, ачэпленай спэцназам. Таму маральная перамога на “плошчы”, перакананы, сталася значна больш важкай для беларусі чым нават магчымая фізычная перамога беларускай апазыцыі 19-га.

Наста: Што трэба рабіць нам штодзень, каб адрадзіць Беларусь?

Ведаеце Наста, у Зянона Станіслававіча ёсьць добрыя словы наконт беларусізацыі. На ягоную думку, і я зь ёй згодны, для таго, каб беларусізаваць Беларусь, трэба толькі тое, каб усе патрыёты пачалі штодня і паўсюль размаўляць па-беларуску. Простая і геніальная ісьціна! Таму каб адрадзіць Беларусь нам штодня трэба весьці за яе барацьбу. Малітваю – крышачы справы д’ябла, словам – пераконваючы людзей, дзеяньнем, як сьведчаньнем нашай веры ў Адраджэньне Бацькаўшчыны.

Уладзь: Якім каштоўнасьцям ты надаеш найбольшы прыярытэт ва ўмовах Беларусі: нацыянальным, хрысьціянскім альбо дэмакратычным?

Безумоўна хрысьціянскім, бо яны ёсьць сапраўдным падмуркам і дэмакратыі – Гасподзь, а ня нейкі ўрад сьвету даў чалавеку свабоду выбара, і асноваю любой пасьпяховай нацыянальнай ідэі – бо, як кожны чалавек, так і кожны народ маюць у Божым пляне сваю, прыгожую і дасканалую місыю. І толькі спазнаўшы Ісьціну, народ можа зьдзесьніць сваё пакліканьне на зямлі. Не дарэмна Ян у Адкрыцьці гаворыць аб тым, што ён пакліканы быў прарочыць пра народы: “І кажуць мне: “Ты павінен зноў прарочыць пра народы, пра плямёны, пра мовы і прамногіх цароў” (Адкрыцьцё 10:11). Гэта азначае, Уладзь, што калі для моваў і народаў ёсьць прароцтва, для іх ёсьць і план, а калі ёсьць план – яго трэба шукаць і рэалізоўваць.

Кася: Вашае стаўленьня да сьмяротнага пакараньня?

Многія правыя партыі і ўрады падтрымоўваюць сьмяротнае пакараньне. Базуецца гэтая пазыцыя на Бібліі, пастановах Кнігаў Лявіт і Другазаконьня. Сьмяротнае пакараньне дзейнічала за ідалапаклонства: “Калі цябе пачне ўмаляць брат твой тайна […], кажучы: “хадзем і будзем случыць іншым багам, якіх ня ведаў ты і бацькі твае, багам тых народаў якія вакол цябе […], дык не згаджайся зь ім і ня слухай яго; і хай не пашкадуе яго вока тваё, і не шкадуй яго і не прыкрывай яго, а забі яго; твая рука павінна быць першая на ім, каб забіць яго, а потым рукі ўсяго народа” (Другазаконьне 15:6-9); за блюдадзейства: “калі знойдзены хто будзе лежачы з жонкаю замужняю, дык трэба аддаць сьмерці абаіх […]. А калі хто ў полі спаткаецца зь дзяўчынай заручанай і, схапіўшы яе, ляжа зь ёю, дык трэба аддаць сьмерці толькі мужчыну, які ляжаў з ёю, а дзяўчыне нічога не рабі; на ёй няма злачынства сьмяротнага” (Другазаконьне 22:22, 25-26); “Калі хто ляжа з мужчынам, як з жанчынаю, дык абодва яны ўчынілі гідоту: хай будуць аддадзены сьмерці, кроў іхняя на іх” (Лявіт 20:13); урэшце за забойства: “Калі хто будзе ворагам блізкаму свайму і будзе падпільноўваць яго, і паўстане на яго і заб’е яго да сьмерці, і ўцячэ з гарадоў тых, дык старэйшыны горада павінны паслаць, каб узяць яго адтуль і перадаць яго ў рукі помсьніка за кроў, каб ён памёр; хай ня літуе яго вока тваё” (Другазаконьне 19:11-13).

Пастановы гэтыя не адмяніліся ні Ісусам Хрыстом, ні ягонымі апосталамі. Калі мы гаворым, што сьмяротнае пакараньне мае падмурак Божык законаў, гэта бяспрэчная ісьціна. Аднак кожная праўда мае два бакі. Дадзены выпадак таксамане выключэньне. Другі бок тут палягае ў тым, што ў Божым законе ёсьць і патрабаваньні да судовай сыстэмы. Згодна з гэтымі патрабаваньнямі пры спрэчных момантах судзьдзі мусяць зьвяртацца да Бога і сьвятароў: “Калі ў судзе тваім цяжка будзе табе рассудзіць паміж крывёю і крывёю, паміж судом і судом, паміж пабоямі і пабоямі, і будуць нязгодныя меркаваньні ў варотах тваіх, дык устань і йдзі на месца, якое выбярэ Гасподзь, Бог твой, і прыдзі да сьвятароў лявітаў і да судзьдзі, які будзе ў тыя дні, і спытайся ў іх, і яны скажуць табе як рассудзіць; і зрабі паводле слова, якое яны скажуць табе, на тым месцы, якое выбярэ Гасподзь” (Другазаконьне 17:8-10). Гэта азначае, што сьмяротнае пакараньне можа адпавядаць Божым запаветам толькі тады, калі будзе адпаведная, створаная Богам, судовая сыстэма. Зважаючы ж на тое, што такой сыстэмы няма, для хрысьціянаў больш правільным і пасьлядоўным будзе выступаць супраць сьмяротнага пакараньня. Бо колькі мы ведаем пра карупцыю і заказны характар, тым больш у аўтарытарных дзяржавах, судовай сыстэмы. Не гаворачы ўжо аб судовых памылках, калі суд пазбаўляў жыцьця нявіннага чалавека. Таму, Кася, я выступаю за максымальнае пакараньне ў якасьці пажыцьцёвага зьняволеньня.

Уладзімер: Якім чынам будзе разьвівацца МФ у бліжэйшы час — як шырокі моладзевы рух альбо як элітарнае аб’яднаньне для абраных?

Мы ніколі ня ставілі на элітарнасьць у шырокай працы з моладзьдзю і ўсімі беларусамі. Нашая задача несьці свае каштоўнасьці шырокаму колу маладых беларусаў. Рух павінен далучаць як мага большую колькасьць моладзі да правядзеньня розных кампаніяў і акцыяў. Мы гэтым займаемся, праз гэтую супрацу закладаючы ў маладое пакаленьне нацыянальную ідэю і хысьціянскія прынцыпы. Той падмурак, які дазволіць кожнаму чалавеку рэалізавацца самому і прыносіць карысьць Бацькаўшчыне.

Кіраўніцтва ж аргінізацыі мусіць быць элітарным, то бок – ідэйным і маральным стандартам для іншых, і мы да гэтага імкнемся.

Люда: Ці разглядаеце Вы варыянт прымірэньня з Лукашэнкам пасьля прызнаньня рэжыму Захадам?

Толькі пасьля таго, як ён пакаецца, прызнае незаконнымі рэфэрэндумы 1995, 1996, 2004 гадоў.

Уладзімір: Ці будзе МФ карыстацца спонсарскай дапамогай альбо будзе шукаць уласныя крыніцы фінансаваньня і ажыцьцяўляць уласную палітыку?

Вельмі важкае пытаньне з пункту гледзішча незалежнасьці палітыкі беларускіх арганізацыяў. Калі мы хочам на яго адказаць, нам дастаткова пералічыць арганізацыі, якія ў страшэнным міжнародным уціску да ўдзелу ў выбарчым працэсе, абвесьцілі кампанію “Байкот!”. І ўсё стане зразумела.

Калі ж я адкажу Вам на тэхнічны бок пытаньня, дык на акрэсьленай мною стратэгіі адразу будзе пастаўлены крыж. Таму выбачайце.

Настасься: Калі ў актывістаў МФ будзе добрая прававая абарона, як гэтага дасягнуць?

Малады Фронт спэцыялізуецца на грамадзка-палітычнай дзейнасьці, а ёсьць арганізацыі, якія займаюцца праваабарончай, ад працы якіх і залежыць узровень прававой абароны актывістаў дэмакратычнага руху.

Андрусь: Ці будзе мяняцца сымболіка МФ?

Прынамсі я прыхільнік таго, каб сымболіка нашай арганізацыі адпавядала спавядаемым намі каштоўнасьцям і ідэялам. Гэта падаецца мне цалкам лагічным і абгрунтаваным.

Уладзь: Якое месца ты адводзіш у будучай Беларусі паганству і іншым нехрысьціянскім веравызнаньням?

Маргінальнае. Што не датычна Юдэйства.

Людміла: Ці існуе распрацаваны плян дзейнасьці МФ і іншых прыхільнікаў байкоту на той выпадак, калі ўлады ніякім чынам ня будуць замінаць правядзеньню акцыі пратэсту на пл. Кастуся Каліноўскага 28 верасьня?

Думаю, што Лукашэнка дасьць загад сілавым службам не разганяць акцыю апазыцыі ў дзень галасаваньня. Інакш усе ягоныя крокі ўмоўнага лібералізму сталіся б бессэнсоўнымі.

Да мірнага правядзеньня акцыі мы і рыхтуемся. Зрэшты, як мы гэта рабілі і ў 90-годзьдзе БНР, і падчас іншых акцыяў. Тут усё залежыць толькі ад улады, якая заўсёды стаіць перад наступнаю дылемаю – не разганяеш сёньня пару тысячаў, заўтра будзе дзясяткі, не разганяеш дзясяткі, пасьлязаўтра ты іх ужо і не разгоніш.

Уладзімер: Калі на твой погляд Беларусь можа мець рэальныя шанцы на ўступленьне ў ЭЗ і НАТА?

Многія маюць скептычныя настроі нават на ўмоўна хуткую інтэграцыю Беларусі з ЭЗ і НАТА, нават па прыходзе дэмакратаў да ўлады. Але я перакананы, што ў нас даволі вялікія шанцы ўступіць у ЭЗ і НАТА, значна большыя чым у тых жа дэмакратыяў Украіны і Грузыі. Бо далучэцца да НАТА яны ня могуц, зважаючы на спрэчныя тэрыторыі – адпаведна Крым і Паўднювую Асэтыю з Абхазыяй. Для эўраінтэграцыі ў нас больш шанцаў па той простай прычыне, што беларусы – адназначна эўрапейцы і паводле гісторыі і паводле мэнталітэту. У пацьверджаньне гэтым словам можна прывесьці адно з апошніх выказваньняў амбасадара Велікабрытаніі Наджэла Гулд-Дэвіса, які раней працаваў у Расеі і параўноўваючы нашыя народы заявіў што быў зьдзіўлены сам, наколькі беларусы – эўрапейская нацыя. Гэтыя ж словы Вам могуць падцьвердзіць многія дыпляматы, якія працавалі да Беларусі ў краінах былога Саюзу.

Калі падумаць аб нейкіх часавах рамках, дык больш рэальна гаварыць аб 10-15 гадох.

Тацяна: Лукашэнка ня раз паказваў сябе як ненадзейны і неадданы паплечнік Масквы. Якая, на Ваш погляд, верагоднасьць таго, што Масква паспрабуе скінуць Лукашэнку і паставіць камуніста Калякіна на ягонае месца? Што ў такім выпадку будзе чакаць Беларусь?

Думаю, што Крэмль разглядае магчымасьць замены Лукашэнкі на больш адданага прарасейскага палітыка. Бо Лукашэнка, па сутнасьці, зьяўляецца прарасейскім хутчэй у культурным і прапагандыска-ідэалягічным пляне. Расеі ж патрэбна цалкам падкантрольная тэрыторыя, акупаваць якую Рыгорыч, па вядомых прычынах, не дазваляе. Вось у сувязі з гэтым Масква і можа рабіць стаўкі на іншыя кандыдатуры на пасаду прэзыдэнта, якія па прышэсьці да ўлады здалі б Беларусь за пару дзён. І хаця ў выпадку з Калякіным гэты сцэнар малаверагодны, але тэрыятычна мы можам паўстаць перад такой дылемаю. Хаця Расеі, каб адважыцца праз нейкага свайго эмісара захапіць Беларусь, трэба ўзважыць колькасьць беларусаў, здольных паўтарыць вычын дзядоў і пайсьці бараніць Бацькаўшчыну ў лес.

Уладзімір: Якім чынам можна вырашыць праблему з РНЕ, НБП і сэксуальнымі меншасьцямі?

Калі носьбіты радыкальных нацыяналістычных каштоўнасьцяў ня вырашаць праблему з сэксуальнымі меншасьцямі самі, нам прыйдзецца перавыхоўваць іх усіх разам.

Калі ж больш сур’ёзна, дык сапраўды праблему граху і грэшнікаў, да якіх адносяцца ўсе вышэй пералічаныя групы, можна вырашыць, непасрэдна ўзьдзейнічаючы словам. У Маладога Фронту ёсьць досьвед працы з актывістамі РНЕ і НБП, якія, даведваючыся больш пра МФ, спавядаемыя намі каштоўнасьці, пра Беларусь, далучаюцца да дзейнасьці нашае арганізацыі. Таму перакананы, што посьпех у некаторых асяродках ідэяў расейскага нацыяналізму і шавінізму зьвязаны толькі са слабасьцю нацыянальнай беларускай ідэі, якая знаходзіцца ў цяперашняй Беларусі пад перасьледам. У дэмакратычнай жа Беларусі РНЕ і НБП ня здолеюць вытрываць канкурэнцыю на рынку свабодных ідэяў.

Маўлюда: Ужо цяпер зразумела, што Эўропа, у якую мы так рвемся, нашую краіну прадала і што парлямэнцкія выбары будуць прызнаныя. Як Вы лічыце, на што варта спадзявацца беларускаму народу ва ўмовах адсутнасьці падтрымкі ЭЗ і дастатковасьці ўласнага палітычнага капіталу для ўсталяваньня дэмакратычнага ладу? Усё ж на ЗША? На Балта-Чанаморскі зьвяз? Ці на духоўнае адраджэньне нацыі?

Пачнем з таго, што без духоўнага адраджэньня нацыі нам увогуле няма на што спадзявацца.

Сярод міжнароднай супольнасьці пазыцыя ЗША, канешне, значна болей пасьлядоўнейшая і прынцыповая ў пытаньнях адстойваньня ідэалаў свабоду. Таму на Штаты тут і надзея большая. Бо што не гавары, а Лукашэнку, на закаце палітычнай кар’еры, вельмі непакоіць тое, што ён уваходзіць у гісторыю апошнім дыктатарам Эўропы, зь якім не сустракаліся прэзыдэнты цывілізаваных краінаў. У гэтай сытуацыі найбольшую карысьць для дэмакратызацыі Беларусі прыносіць жорсткая мова патрабаваньняў і ўльтыматаў да рэжыму. Адзіная мова, якую разумее Лукашэнка.

Краіны ж Балта-Чарнаморскага рэгіёну найбольш ведаюць і разумеюць тую сытуацыю, у якой цяпер знаходзіцца Беларусь. Але краіны рэгіёну гэтага не валодаюць вялікаю геапалітычнаю вагаю, па-першае, а па-другое, нават сярод іх гучаць заклікі да дыялёгу з рэжымам Лукашэнкі.

Дэмакратычны лад, перакананы, беларускі народ усталюе сам. За нас гэта ніхто ня зробіць. А тое, што капіталу дастаткова, “Плошча” 2006-га засьведчыла.

Уладзь: Хто з беларускіх палітыкаў мае найбольшыя шанцы на перамогу на прэзыдэнцкіх выбарах?

Лукашэнка. Калі да іх дацягне.

Уладзімер: Ці будзеш ты працягваць палітычную дзейнасьць альбо плянуеш заняцца асабістым жыцьцём?

Было б нядобра занядбоўваць тое, да чаго пакліканы.

Зьміцер: Вашая адзнака кампаніі “БАЙКОТ!”?

Лічу, што кампанія праходзіць пасьпяхова. Калі напачатку Малады Фронт абвесьціў кампанію “БАЙКОТ 2008!” з заклікам выхдзіць на плошчу, многія аналітыкі скептычна выказваліся наконт пасьпяховасьці і байкоту, і масавасьці акцыі 28 верасьня, заяўляючы, што адзін Малады Фронт болей адной-двух тысячаў не зьбярэ. Цяпер жа відавочна і тое, што пераважная большасьць кандыдатаў будзе здымаць свае кандыдатуры, і тое, што масавая акцыя на галоўнай плошчы ў дзень галасаваньня будзе даволі пасьпяховаю – выходзіць людзей на вуліцу заклікалі ўжо пераважна ўсе палітычныя сілы Беларусі.

Хаця нельга сказаць, што мы адпачатку лічылі кампанію “БАЙКОТ” ісьцінаю ў апошняй інстанцыі, тым болей у сытуацыі, калі напачатку парлямэнцкай кампаніі пераважная большасьць палітычных сілаў прымала ў ёй удзел. Мы, аднак, разумелі, што выбары — гэта працэс дыялёгу. Працэс дыялёгу паміж уладаю і грамадзтвам. Тым больш дыялёг гэты мусіць назірацца ў аўтарытарнай краіне, калі самадзержац хоча правесьці выбары. Калі ён іх праводзіць ня хоча, дык натуральна, што яму і дыялёг не патрэбны.

У гэтай сытуацыі нашаю задачай было, наколькі гэта магчыма, ставіць ультыматумы рэжыму, патрабуючы дэмакратызацыі грамадзка-палітычнага жыцьця і такім чынам – дыялёгу. Таму кампанія “БАЙКОТ!” не была самамэтаю, але сродкам уціску на рэжым і данясеньня да беларусаў той праўды, што наш голас ужо скрадзены і адстаяць яго, абараніць сваё права самім выбіраць уладу, мы можам толькі на плошчы. Рэалізуючы кампанію “БАЙКОТ 2008!” мы дасягаем дзьвюх мэтаў. Па-першае, мы павялічваем у грамадзтве недавер да самаабвешчанай улады, пашыраючы разуменьне таго, што выбары сфальсыфікаваныя. Калі яны сфальсыфікаваныя – ўлада незаконная. Калі ўлада незаконная – ніхто і ніколі ня пойдзе яе бараніць. Па-другое, мы, праз актывізацыю грамадзтва і вывад людзей на вуліцу, імкнуліся і імкнемся надаць веру прыхільнікам дэмакратычных сілаў у тое, што перамены ў Беларусі магчымыя. Павераць яны ў гэта толькі тады, калі ўбачаць адказную палітычную сілу, якая будзе адстойваць іх інтарэсы і інтарэсы Беларусі пасьлядоўна і непахісна.

Таму, дарагі Зьміцер, мы мусім прыкласьці ўсе намаганьні, каб самаабвешчаная ўлада палічыла наш з Вамі голас! А зробіць яна гэта толькі ў тым выпадку, калі мы разам, 28 верасьня, а 20-й гадзіне, выйдзем на гераічную плошчу Кастуся Каліноўскага! Гэта адзінае месца ў нашай краіне, дзе мы можам здабыць волю сабе і сваёй Бацькаўшчыне!

Падзяліцца:
Каментары