Прайшла Онлайн-Канфэрэнцыя са Зьмітром Дашкевічам


Напярэдадні Новага Году лідэр Маладога Фронту Зьміцер Дашкевіч паўдзельнічаў у онлайн-канфэрэнцыі, прысьвечанай вынікам дзейнасьці Маладога Фронту за год.

Дзякуем усім, хто не застаўся абыякавым і дасылаў свае цікавыя пытаньні нам : )

Шаноўны Зьміцер! Як Вы ставіцеся да сёньняшняй палітычнай сытуацыі ва Ўкраіне і хто Вам найбольш падабаецца з украінскіх палітыкаў? Зь якімі украінскімі партыямі ці арганізацыямі супрацоўнічае Малады Фронт? Як Вы адносіцеся да УПА?

Палітычная культура ва Ўкраіне толькі фармуецца і менавіта гэтым абумоўлены тыя хістаньні, якія мы можам назіраць у Радзе. Зерне дэмакратыі можа ўзысьці толькі на здаровай глебе, і вось гэтая глеба ў вас цяпер фармуецца. Таму адношуся да палітычнай сытуацыі ва Ўкраіне, як да натуральнай.

З украінскіх палітыкаў найбольш мне падабаюцца Турчынаў Аляксандр і Юры Луцэнка.

З украінскіх палітычных сілаў Малады Фронт найбольш пасьпяхова супрацоўнічае з Хрысьціянска-дэмакратычным зьвязам.

Да ЎПА адношуся як да вялікіх змагароў за сваю Бацькаўшчыну, якія не пабаяліся кінуць выклік і нямецкаму, і савецкаму фашызму.

Ці мае Малады Фронт свой офіс ці штаб? Дзе можна набыць маладафронтаўскую сымболіку?

Як арганізацыя, што дзейнічае ў фактычным падпольлі, офісу, у канкрэтным разуменьні гэтага слова, ня маем. Маладафронтаўскую сымболіку мы распаўсюджваем сярод нашых актывістаў, можаце замовіць яе, зьвярнуўшыся да нас праз паштовую скрыню info@mfront.net

Якімі на Вашую думку, павінныя быць адносіны Беларусі і Расеі ў будучыні? Як Вы лічыце, ці ёсьць ў Расеі нармальныя сілы, зь якімі магчыма было б супрацоўнічаць?

Адносіны паміж Беларусьсю і Расеяй павінны быць адносінамі паміж двума незалежнымі і раўнапраўнымі партнэрамі. Хаця мы, безумоўна, ня мусім мець ілюзіяў, што Расея тое хутка зразумее. Сілы, зь якімі можна супрацоўнічаць у Расеі ёсьць, але, на жаль, сілы тыя ня маюць ніякага ўплыву ні на ўладу, ні на грамадзкую думку. Імпэрскім мысьленьнем дагэтуль прасякнута ўсё грамадзка-палітычнае жыцьцё нашага ўсходняга суседа.

Вашая думка пра ўступ Беларусі ў будучыні ў блёк НАТА?

Беларусь мусіць увайсьці ў НАТА. Дадатковым пацьверджаньнем зьяўляюцца падзеі расейска-грузінскага канфлікту, якія засьведчылі што Расея ня спыніцца ні перад чым, каб падпарадкаваць сабе былыя савецкія рэспублікі ці адарваць ад іх хаця б нейкую частку. Па майму перакананьню НАТА – гэта гарантыя бясьпекі і стабільнасьці для яе чальцоў.

Ці падтрымоўвае Малады Фронт адносіны з вэтэранамі Вялікай Айчыннай (як савецкай арміі, так і БКА, партызанамі)? Што Вы думаеце пра магчымасьць вызнаньня вэтэранаў антысавецкага супраціву дзяржавай?

Па-першае, зазначым для чытача, што такой вайны як “Вялікая айчынная” сусьветная гістарыяграфія ня ведае. Ёсьць Другая сусьветная вайна, распачатая па савецка-нямецкай змове Рыбентропа-Молатава 1 верасьня 1939 году Германіяй, да якой Савецкі Зьвяз далучыўся 17 верасьня.

Малады Фронт ажыцьцяўляе сумесныя праекты падтрымкі савецкіх дысыдэнтаў, вэтэранаў-аўганцаў з дабрачыннымі і праваабарончымі арганізацыямі Беларусі. Цэнтралізаваную дапамогу вэтэранам Другой сусьветнай вайны мы, на жаль, не аказваем. Зьвязана гэта з тым, што, па-першае, вэтэранаў ваенных дзеяньняў, як такіх, у Беларусі практычна не засталося – кожнаму зь іх цяпер як мінімум 80-85 гадоў. Па-другое мы ня маем доступу да агульнанацыянальных сьпісаў нават гэтых вэтэранаў. У тых рэгіёнах, дзе маладафронтаўцы маюць знаёмых вэтэранаў, нашыя актывісты ім дапамагаюць.

Вэтэранаў антысавецкага падпольля, безумоўна, трэба вызнаваць як барацьбітоў за нашую Бацькаўшчыну.

Ў разе прыходу да ўлады Малады Фронт адмяніў бы сьвята Дзень Перамогі ці не?

Я разумею чаму узьнікаюць такія пытаньні — гэтым Вы хочаце зазначыць, што савецкі рэжым ёсьць антычалавечы. Гэта абсалютная праўда. Аднак што азначае адмяніць сьвята “Дзень перамогі”? Гэта значыць – сьцьвердзіць, што барацьбіты з фашызмам, мякка кажучы, ня мелі рацыю, калі ваявалі з нацыянал-сацыялістамі, якія вызначылі нашую нацыю, як нацыю недачалавекаў. Таму давайце ня будзем шукаць які з фашыстоўскіх рэжымаў больш крывавы – нацыянал-сацыялістычны, ці камуна-сацыялістычны. Для мяне бясспрэчна, што камунізм і нацыянал-сацыялізм – два бакі аднаго мэдалю. Хаця камунізм для нас цяпер больш небясьпечны, бо ў адрозьненьні ад нацыянал-сацыялізму ён не асуджаны і не забаронены ў многіх краінах сьвету, а ў Беларусі працягвае прапагандавацца як прагрэсіўная ідэалёгія. І мала хто задумваецца нават цяпер, што пад чырвоным сьцягам камунізму зьнішчылі, па самых сьціплых падліках, больш за сто мільёнаў чалавек, у той час як асуджаны нацыянал-сацыялізм – каля сарака мільёнаў. Таму прыйшоўшы да ўлады Дзень Перамогі не адменім, а камунізм ва ўсіх ягоных праявах забаронім.

Вялікі дзякуй за адказы!

Посьпехаў Вам!

Жыве Беларусь!

Дзякуй і Вам за пытаньні! : )

Жыве вечна!

Зьміцер, прывітаньне!

Спачатку жадаю падзякваць Вам за самааданасьць і перакананасьць у думках, за лепшую долю нашай радзімы!!!! Вы малайцы! Вы гісторыя, у якой імёны Вашыя будуць напісаны з вялікай літары!!! А зараз пытаньне. Зарэгістравалі рух “За Свободу”, а калі я ўжо буду мець магчымасьць уступіць у Малады Фронт, не хвалюючыся быць адлічаным зь інстытуту і прайсьці па ўсім вядомым артыкуле?

Дзякуй! Клімавічы з Маладым Фронтам імкнуцца да свабоды!!!

Вялікі дзякуй Вам за добрыя словы! : )

Малады Фронт прадпрымаў спробы рэгістрацыі ў той час, калі зарэгістравацца ў Беларусі дэмакратычнаму аб’яднаньню было апрыёры немагчыма, і мы будзем працягваць гэтыя спробы надалей. Мы вельмі радыя за Аляксандра Мілінкевіча і ўзначальваемы ім рух “За Свабоду”. Верым, што рэгістрацыя гэтага грамадзка-палітычнага аб’яднаньня паспрыяе барацьбе за незалежнасьць і дэмакратыю ў Беларусі. Малады Фронт меўся правесьці чарговы рэгістрацыйны Зьезд напрыканцы гэтага году, але фінансавыя праблемы нам пакуль не дазваляюць тое зрабіць. Спадзяюся, што ў лютым-сакавіку мы правядзем Зьезд Маладога Фронту і чарговы раз пададзім дакумэнты на рэгістрацыю.

Дзень добры! Як вы можаце пракамэнтаваць тое, што магілёўская суполка Маладога Фронту цалкам перайшла у Маладую Беларусь?

З павагай Уладзь Швед, сябра Маладога Фронту, Магілёў.

Дарагі Уладзь, нічога фатальнага ў гэтым ня бачу. Хаця магілёўскія актывісты Маладога Фронту, цяпер і Маладой Беларусі, трэба прызнацца, нарабілі шмат шуму : ) Аднак у дзейнасьці любой арганізацыі, тым болей у дзейнасьці апазыцыйнай арганізацыі ў Беларусі, важкасьць мае ня колькасьць актывістаў, якія прыйшлі на паседжаньне, а колькасьць актывістаў, для якіх барацьба за Беларусь будзе штодзённым жыцьцём, колькасьць, так бы мовіць, спартанцаў. Таму адна справа сабраць 75 чалавек якія абвесьцяць аб стварэньні новай арганізацыі, а іншая справа накіраваць гэтых людзей у дзейнасьць. У Магілёве, пакуль, ёсьць адзін спартанец – Тацьцяна Буланава. У выніку за апошнія тры месяцы, якія дзейнічае МБ у Магілёве я магу ўзгадаць толькі дзьве інфармацыйныя нагоды магілёўцаў, зьвязаныя зь дзейнасьцю. Першая – збор подпісаў за ўсталяваньне гістарычнай шыльды БНР, другая – перадача гэтых подпісаў у Гарвыканкам. А вось калі усе 75 сябраў Тацьцяны стануцца спартанцамі як яна сама, вы ў Магілёве заменіце на гэтым самым Гарвыканкаме сьцяг.

Калі ж гаварыць аб самім працэсе ўсіх гэтых пераходаў-сыходаў, магу толькі пажадаць магілёўскім актывістам, каб яны разумелі што і дзеля якое мэты робяць, каб бачылі шлях свайго асабістага самаўдасканаленьня і разьвіцьця.

З павагай Галюся з Гародні. Наколькі мэтазгодна існаваньне структур МФу ў рэгіёнах, дзе колькасьць людзей не перавышае больш за два? Як яны падтрымліваюцца для далейшага развіцьця?

Мэтазгодна існаваньне структуры нават з аднаго чалавека. У нашых умовах чалавек, які ахвяруе чымсьці ў сваім жыцьці дзеля Беларусі ўжо, як мінімум, варты павагі. Падтрымоўваюцца невялікія структуры ў той ступені, у якой могуць рэалізаваць гэтую падтрымку.

У якой ступені МФ прытрымліваецца стратэгіі, якая была распрацавана на 2008 год? Якія вынікі? Якія недахопы? Што не прадугледзілі?

Надта пашыранае і грунтоўнае пытаньне, Галюсечка. Наколькі гэта магчыма ў публічным фармаце, я на яго адкажу. Па-першае, Стратэгія прымалася на Зьезьдзе на два гады, таму варта зазначыць што на выкананьне яе мы мелі 10 месяцаў з юрыдычных 24-х. Што датычна нейкіх грунтоўных недахопаў, не магу сказаць што яны мелі месца. Па прышэсьці амаль году, мог бы толькі падкарэктаваць гэты стратэгічны плян дзейнасьці нашае арганізацыі. А вось дапрацаваць мусім па многіх накірунках. Найперш па рэгіянальным. Самае галоўнае, што я хацеў бы зазначыць, тое, што у нас атрымалася рэалізаваць найбольш важкую частку Стратэгіі, яе першы разьдзел пад назваю “Рэфармацыя”. Духовыя перамены ў грамадзтве маладафронтаўцы ўсё болей разглядаюць праз прызму асабістых духовых пераменаў. Надзейнае ідэйнае бачаньне і духовая еднасьць – нашае самае вялікае дасягненьне 2008-га году.

Якую можна даць ацэнку дзейнасьці МФ за 2008 год?

Не хацелася б уторыць лідэрам АДС, якія пасьля кожнай прайгранай кампаніі зьбіраюцца і падняцьцём рук даюць станоўчую ацэнку сваёй дзейнасьці. Нейкія маладафронтаўскія кампаніі 2008-га году, такія як “Горад Наш!”, “За МТС па-беларуску!” можна было правесьці лепей. Такія акцыі і кампаніі як “Дзень Сьвятога Валянціна”, “Байкот 2008!”, “Беларускую кнігу дзецям!”, Камунізм пад трыбунал!”, “Калядны Фэст” прайшлі на надзвычай высокім арганізацыйным узроўні. Найбольш мяне, як я зазначаў адказваючы на Вашае папярэдняе пытаньне, радуе што падчас рэалізацыі гэтых і іншых кампаніяў Малады Фронт здолеў зьяднаць назвычай ідэйную, едную і сяброўскую каманду, што ёсьць гарантыяй нашых будучых перамогаў.

Ці ня лічыце, што раскол у МФе (выключэньне Артура Фінькевіча) неяк паўплываў на дзейнасьць МФу?

Па-першае, Галюсечка, Артура ніхто не выключаў, ён быў зьняты з пасады намесьніка старшыні. Па-другое, мусім даць адказ на пытаньне што такое г. зв. “раскол”? Падзел 50 на 50? 60 на 40? Ці 70 на 30? Згодны, што ва ўсіх трох выпадках гэткі падзел можна было б назваць расколам. У МФе, дзякуй Богу, такога не адбылося, бо надта відавочнаю была памылковасьць таго шляху, на якім апынуўся падштурхоўваемы сваімі часовымі таварышамі Артур. Для мяне паказальнаю ва ўсёй гэтай гісторыю ёсьць пазыцыя нашых агульных з Артурам паплечнікаў, з каторымі мы працавалі штодня – менскіх маладафронтаўцаў, зь якіх ніводзін чалавек не перайшоў у нейкую новую арганізацыю. Бо яны былі бліжэй да таго канфлікту і на ўласныя вочы бачылі разьвіцьцё ўсяго канфлікту. І з гэтага свайго бачаньня зрабілі выснову.

Уплыў жа канфлікту на дзейнасьць арганізацыі, канешне, адбыўся. Гэта зьвязана найперш з эмацыйным станам маладфронтаўцаў, у большасьці пад узьдзеяньнем інфармацыйных матэрыялаў розных СМІ, ад Народнай Волі да Саўбеліі. Бо, на вялікі жаль, журналісты часта вельмі імкнуцца шукаць ня ісьціну, а гучныя лёзунгі. А тут такі падарунак! Дык чаму б і не пратрубіць чарговы раз пра “развал Маладога Фронту”? Але мы такіх “развалаў” перажылі ўжо безліч, і за 12 гадоў сваёй дзейнасьці застаёмся самай ідэйнай і буйной дэмакратычнай арганізацыяй беларускай моладзі.

Ці плянуюцца сумесныя кампаніі, акцыі супольна з Маладой Беларусьсю? Якія зараз адносіны (дыпляматычная, прафэсійныя) з МБ?

Сумесныя акцыі і кампаніі з МБ пакуль не плянуем. Некаторыя нашыя актывісты спрабавалі ўдзельнічаць у акцыях “Салідарнасьці”, арганізаванымі МБ у Менску і Полацку, але калі на гэтых акцыях пачалі раздаваць партрэты палітвязьняў з надпісам “Маладая Беларусь”, нават прыхільнікі супрацы з МБ адмовіліся ад такой сумеснай дзейнасьці.

Сумесная дзейнасьць Маладога Фронту з прыхільнікамі Артура з новай арганізацыі магчымая толькі ў выпадку яднаньня нашых агульных высілкаў і актывістаў у Маладым Фронце. Артуру я зрабіў такую прапанову, пагадзіўшыся зьняць зь сябе ўсе прэтэнзіі на кіраваньне Маладым Фронтам. Артур з паплечнікамі прапанову адмовіў. Мы ж прапанавалі яму падумаць над прымальным фарматам узнаўленьня дзейнасьці ў Маладым Фронце. Спадзяюся, што Артур, прызнаўшы памылковасьць некаторых сваіх учынкаў, а да ягонага гонару трэба дадаць што ён тое прызнае, зробіць правільны выбар. Бо для мяне і тады, падчас канфлікту, і цяпер абсалютна ясна, што калі б не сябры, якія стаялі за Артурам, канфлікт ня меў бы такога разьвіцьця і завяршыўся спусканьнем пары. Хіба мала было раней такога кшталту канфліктаў? Хапала. Усе рабілі памылкі, усе прасілі за іх прабачэньне і кожная праблемная сытуацыя завяршалася спакойна. Таму цяпер, калі Артур агледзеўся і ўбачыў хто ёсьць хто, ён можа прыняць мудрае і правільнае рашэньне.

Найбольш блізкая партыя па маральным каштоўнасьцям у адносінах МФу зьяўляецца БХД. Чаму ўжо даўно няма супольнай працы МФу і БХД?

Праблему бачу ў тым, што БХД знаходзіцца ў стадыі фармаваньня і выпрацоўкі сваёй зьнешняй палітыкі. Перакананы, што з часам нашая сумесная дзейнасьць будзе набываць усё больш канкрэтныя абрысы.

Якія будуць пажаданьні кожнаму маладафронтаўцу?

Працягваючы гэтую, так бы мовіць, “канфліктную” тэму хацеў бы пажадаць кожнаму маладафронтаўцу на шляху барацьбы ня згоршыцца з-за выпрабаваньняў. Перад намі мусяць быць прыклады біблейскіх прарокаў. Такіх як Майсей, каторы прыйшоў вывесьці з палону ўласны народ, аднак быў вымушаны 40 гадоў весьці барацьбу з гэтым самым народам. Ісуса ж не разумелі ня толькі тыя, хто аб Ім найбольш ведалі – фарызеі і кніжнікі, а нават Ягоныя ўласныя вучні. Апосталы Божыя больш праблемаў мелі не з язычніцкімі народамі, а з уласнымі, імі ж створанымі цэрквамі. Калі разважаеш над усім гэтым, падаюцца ўжо не такімі фатальнымі нашыя дробныя праблемы паміж сабою. Хаця нам, канешне, хочаца вырашыць усе праблемы ў чалавечых узаемадачыненьнях. І той, хто гэта зробіць, завалодае Сьветам. Мы, аднак, ведаем, што Сьветам завалодае толькі Ісус Хрыстос. Таму, прыкладаючы ўсе намаганьні каб пазбавіцца ўласнае гардыні, ня будзем самотнымі, калі нехта ў нейкі момант падумае, што яму з намі не па шляху.

Станіслаў. Дзе Вы былі 3 ліпеня?

Ня там.

Ці ёсць у Вас сябры?

Гавораць, што іх ня можа быць многа. Але мне падаецца, што гэта лухта. І ў Маладым Фронце, і ў сваёй царкве я маю столькі сьветлых і добрых сяброў, што лічу гэта самым вялікім блаславеньнем, якое даў мне ў маім жыцьці Гасподзь! : ) І я Яму за гэта бязьмежна ўдзячны!

Як Вы адносіцеся да лібэралізацыі,пра якую заявіў Лукашэнка А.Г.?

Я заўсёды зазначаў, што ўся гэтая “лібэралізацыя” ёсьць ня чым іншым, як ліцымернаю гульнёю Лукашэнкі. Ці адбыліся нейкія рэальныя зьмены ў грамадзка-палітычным жыцьці Беларусі? Вярнулі ў шапікі Нашу Ніву і Народную Волю? Гэта добра, але тут паказальна выказваньне Лукашэнкі ў якім ён заявіў, што мы іх вярнулі ў шапікі, але, маўляў, паглядзім за іхнім накладам. Перакананы, што калі наклады гэтых выданьняў падвысяцца ў разы, яны ізноў зьнікнуць з шапікаў. Што там яшчэ зь лібэралізацыі? Зарэгістравалі рух Аляксандра Мілінкевіча “За Свабоду!”? Але ў нас вось ужо 15 гадоў будзе, як з дзясятак партыяў зарэгістравана і тое мала на што паўплывала. Ды і прыглядаць за гэтым рухам будуць так жа, як і за тымі накладамі газэтаў.

Разважаючы над чарговым прыступам “лібэралізацыі” беларускага рэжыму, Станіслаў, мы мусім разумець, што лягічным і пасьлядоўным працягам гэтае “лібэралізацыі” павінны быць вольныя і дэмакратычныя выбары. Лягічным і пасьлядоўным працягам вольных і дэмакратычных выбараў будзе адхіленьне Лукашэнкі ад улады. Лягічным жа і пасьлядоўным працягам адхіленьня Лукашэнкі ад улады будзе прыцягненьне да крымінальнай адказнасьці. А там добра калі чацьвяртным абыдзецца. Таму відавочна, што гэтую схему Лукашэнка прыпыніць на першапачатковым этапе. Хаця апошні этап яму не абмінуць у любым выпадку.

Аднак мне не хацелася б быць разважаць аб мэтазгоднасьці ці немэтазгоднасьці працэсу пэўнай дэмакратызацыі. Мяркую, што мы мусім сфармуляваць да прыхільнікаў дыялёгу з Лукашэнкам патрабаваньні, якія б дазволілі потым разьвеяць апошнія міты аб “лібэралізацыі”. Гэтыя простыя патрабаваньні я сфармуляваў у наступным артыкуле: http://mfront.net/content.php?content.1472

Ільля Нагорны. Ці дастаткова мерапрыемстваў, прысьвечаных адраджэньню беларускай культуры, свабоды Беларускага слова, праводзілася ў мінулым годзе?

Малады Фронт праводзіў даволі багата мерапрыемстваў, накіраваных на адраджэньне беларускай культуры. Так маладафронтаўцамі праводзілася агульнанацыянальная кампанія “Беларускую кнігу дзецям”, у межах якой па ўсёй Беларусі у дзіцячыя дамы было перададзена некалькі тысячаў беларускамоўных кніг. У межах дабрачыннага “Каляднага Фэсту” сябрамі Маладога Фронту сабрана каля двух тысячаў беларускамоўнай хрысьціянскай літаратуры, якую да праваслаўных Калядаў мы таксама будзем перадаваць у дзіцячыя дамы і школы-інтэрнаты. Прысьвечаны адраджэньню беларускай культуры і маладафронтаўскія віктараны “Шоў Беларушчыны”, якія цягам году маладафронтаўцы праводзілі ў школах.

Паважаны Зьміцер !

Зьвяртаюся да Вас у першую чаргу як хрысьціянін да хрысьціяніна,бо лічу, што з правільнага стаўленьня чалавека да Бога выцякае правільнае разуменьне жыцьця, ў тым ліку й адносіны да ўладаў. Пагэтаму маё пытаньне: Вашае меркаваньне наконт суадносін улады й хрысьціяна? Біблія кажа: усялякая ўлада ад Бога (маюцца на ўвазе й добрая й дэспатычная ўлады,то бок і Сталін,які заліваў Беларусь крывёй, і Мікалай Радзівіл Чорны, які й сам быў сапраўдным вернікам і ншых да Хрыста клікаў і таму краіну ўзьняў ва ўсіх галінах).

Ці трэба хрысьціянам сяньня ўдзельнічаць у супраціве, а калі лічыце, што трэба,то ці ня робім мы грэх ?

Дзякуй за адказ. Марк Дзямідаў.

Дзякуй за такое грунтоўнае пытаньне, Марк. Я на яго, для сябе найперш і, канешне, для тых людзей каму ціква, адказаў у артыкуле “Для чыстых усё чыстае”, напісаным у шклоўскай калёніі: http://dashkevich.mfront.net/news.php?extend.15 Эпіграфам да гэтага артыкулы я дадаў бы цяпер выказваньне Джона Лока, прыведзенае ў “Хрысьціянскім маніфэсьце” вядомым багасловам Фрэнсісам Шэфэрам: “Без свабоды супраціўляцца незаконнай уладзе, усе астатнія свабоды губляюць сваё значэньне”.

Greml1n2@yandex.ru Скажыце, а чаму вы праводзіце канфэрэнцыю аднаасобдна?

На маю думку лягічна, калі старшыня арганізацыі нясе адказ за сваю дзейнасьць і дзейнасьць сваіх паплечнікаў.

Ці ня могуць вашыя, напрыклад, намесьнікі далучыцца да падвядзеньня вынікаў году?

Мы, як ужо зазначалася, не ў АДСе і не ставім сабе адзнакі. Няхай гэта робяць журналісты, аналітыкі, беларускі народ. Мае намесьнікі, як і любы сябра Маладога Фронту, могуць станоўча альбо адмоўна ацэньваць тыя ці іншыя аспэкты маладафронтаўскае дзейнасьці. Дасылайце свае пытаньні на info@mfront.net і мы будзем на іх адказваць.

Чым абумоўлена другая канфэрэнцыя менавіта з вашым удзлем?

Пытаньнямі.

Наколькі вы лічаце сябе аўтарытарным кіраўніком?

А наколькі Вы разумееце значэньне словаў “аўтарытарны кіраўнік”? Зважаючы на саму пастаноўку пытаньня ня вельмі. Патлумачу Вам тады. Аўтарытарызм (ад лат. auctoritas — улада, уплыў) — характарыстыка рэжымаў, заснаваных на неабмежаванай уладзе аднай асобы альбо групы асобаў. Кіраўнічымі ж ворганамі Маладога Фронту зьяўляецца не адзінаасобны старшыня, і нават не старшыня з намесьнікамі, але Управа, з 12 лідараў нашае арганізацыі і Сойм, у які ўваходзяць 24 менскіх і рэгіянальных лідары. Усе рашэньні, якія вызначаць дзейнасьць Маладога Фронту абмяркоўваюцца публічна і прымаюцца кіраўнічымі інстытутамі нашае арганізацыі. Я ж, як і любы іншы кіраўнік МФ, магу з дапамогаю досьведу і ўласнага аўтарытэту нейкія рашэньні лабіяваць. Мяркую, гэта натуральная і добрая зьява для любой нармальнай чалавечай супольнасьці.

Алесь, Магілёў. Як прайшоў год для Вас у Маладым Фронце?(распавядзіце цікавыя моманты)

Справа была зімою, Алесь, 23 студзеня. Здымаюць мяне, значыцца з працы, прыводзяць да дзяжурнага памочніка начальніка шклоўскай калёніі, а той гаворыць: “Дзіма, зьбірай рэчы”. Гэта самы цікавы момант, з якога ўсё і пачалося ў 2008 годзе.

Год жа гэты ў Маладым Фронце поўніўся ўсім. І радасьцю, і сумам, і паразамі, і перамогамі. Цяжка ўкласьці ўсё ў адказ на адно пытаньне. Сказаў бы, што год прайшоў плённа, бо маю вельмі шмат сяброў, каторым дасылаю Калядныя віншаваньні : )

Што даў Вам МФ за час знаходжання ў МФе?

МФ сфармаваў мяне як асобу. Падрабязна маю гісторыю і гісторыі іншых сябраў МФ, чытайце ў кнізе “Маладафронтаўцы”, маладафронтаўцамі ж напісаную, якая мае выйсьці напачатку наступнага году.

Пажаданне моладзі на 2009 год?

Даражэнькія сябры, няхай у 2009 годзе Гасподзь адкрывае нам усім Свой цудоўны плян для нашага асабістага жыцьця і для нашай Бацькаўшчыны! Прагну, каб кожны з нас убачыў і рэалізаваў той вялікі патэнцыял, які заклаў у нас і нашым народзе Творца!

Няхай Калядны вечар напаўняе нашыя сэрцы непахіснаю вераю і любоўю! Няхай Ягоная любячая рука кіруе намі ва ўсіх дзеях і справах! Тады 2009 год станецца для нас годам радасьці і перамогаў!

Падзяліцца:
Каментары