Як пачаць размаўляць па-беларуску

Як пачаць размаўляць па-беларуску

Парады чалавека, які сам гэта прайшоў. Найцяжэй пачаць размаўляць па-беларуску з тымі, хто памятае вас расійскамоўным.

Прачытаўшы пра апошнія вынікі апытання наконт ведання і ўжывання беларускай мовы, праведзенага недзяржаўнай арганізацыяй «Будзьма беларусамі», я засмуціўся. Безумоўна, мы не ведаем нічога пра якасць абедзвюх апытанак, іначай кажучы, наколькі блізкія вынікі да рэчаіснасці ў абодвух выпадках і ці сапраўды сітуацыя пагаршаецца.

Тым не менш, лічу патрэбным падзяліцца сваім вопытам маўленчых, нават больш псіхалагічных, практык з тымі, хто адчувае жаданне размаўляць па-беларуску штодня, але пры гэтым страчае тыя ці іншыя перашкоды на сваім шляху. Сам я з дзяцінства часта наведваў сваіх сваякоў у Латвіі, Украіне, працаваў у Еўропе. То бок вакол мяне заўсёды прысутнічала мінімум дзве мовы. І на падставе ўсяго перажытага і пабачанага я і будую сваю лінію праводзінаў.

Старыя знаёмцы

Паводле маіх назіранняў, найцяжэй пачаць размаўляць па-беларуску з тымі, хто памятае вас расійскамоўным. Трэба гэты лёд ламаць як найраней. Не трэба пытаць дазволу, тлумачыць, што «цяпер вы ўжо іншы». Гэта ўскладняе працэс. Проста пры наступнай сустрэчы ці то размове ад пачатку пачынайце яе па-беларуску. Хтосьці здзівіцца, хтосьці нават не заўважыць.

— Ты ж раньше по-русски говорил!

— Больш не гавару.

Безумоўна, калі кола вашых знаёмых і раней было дастаткова інтэлектуальным, ніякіх праблем тут не будзе, і вас калі і не падтрымаюць, то прынамсі паставяцца нейтральна.

Мова ёсць добрым маркерам вашых кантактаў. Тыя, хто праз мову ад вас адвернецца, ніколі не быў добрым сябрам, а значыць, вадзіцца з ім не варта было і без таго.

Мова таксама — добры фільтр у выбары партнёра. Усе годныя, прыязныя і прыгожыя дзяўчаты, якіх я ведаю, цудоўна валодаюць беларускай мовай і ахвотна на яе пераходзяць, стараючыся падтрымаць размову. Для дзяўчыны мова — і спосаб прывабіць, і спосаб «адшыць» адначасна. Прычым усё адбываецца на поўным аўтамаце.

Важна разумець: вы не навязваеце сваёй мовы і паважаеце мову суразмоўцы, але хочаце, каб паважалі і вашую.

Калі ў вас узнікае пачуццё віны, што вы не размаўляеце на мове суразмоўцы, гэта падманнае пачуццё. Кожны мае права размаўляць так, як яму зручна пры ўмове, што вас разумеюць.

Я не кажу, што людзі, якія не хочуць успрымаць вас як беларускамоўнага, нечым горшыя. Проста іхныя каштоўнасці істотна разыходзяцца з вашымі. Наколькі вам патрэбныя такія людзі ў кнізе кантактаў — адкажыце сабе самі на гэтае пытанне.

Бацькі

Сітуацыя з бацькамі трохі інакшая, чым са знаёмымі і сябрамі. Хіба толькі ў тым, што іх цяжэй адпрэчыць, і, магчыма, у вашай большай залежнасці ад іх. Добра, калі вы ўжо жывяце асобным ад бацькоў жыццём. У такім выпадку нават пры ўзнікненні канфлікту наўрад ці вам гэта пагражае нечым істотным. Вашыя прынцыпы, вашыя мэты жыцця, ваш духоўны рост даражэйшыя. Ва ўсялякім разе, я тут таксама не раю нешта загадзя абмяркоўваць.

Прыміце як устаноўку для сябе: у размове па-беларуску няма нічога звышнатуральнага. І пачувайцеся пры гэтым абсалютна кангруэнтна, быццам па-беларуску вы размаўлялі ўсё сваё жыццё. Вы не робіце гераічнага ўчынку, вы проста размаўляеце.

Ведайце: урэшце бацькі вас абавязкова падтрымаюць і не дазволяць крыўдзіць іншым агрэсіўным сваякам. Наагул, вашая сям’я — гэта тая сфера, дзе абавязкова трэба пасяліць беларускасць, нават калі за сценамі свайго дома вы будзеце цалкам расійскамоўным чалавекам. Гэта істотна падвысіць якасць энергіі, якую вы прапускаеце цераз сябе і дазволіць вам быць значна больш упэўненым у любых іншых сацыяльных сітуацыях.

Увогуле ж, мова — гэта той званочак, калі трэба задумацца: а ці не пачаць мне жыць самастойным жыццём?

Калегі

З калегамі праблемы могуць быць, а могуць і не быць. У кожным закрытым калектыве ёсць істотны плюс — узаемазалежнасць. Вы не можаце самавольна пазбавіцца калегаў, але ж і калегі не могуць проста так пазбавіцца вас. Давядзецца прымаць вас такім, які вы ёсць. А ў непрацоўны час хай хоць задушацца. Тут галоўнае задаць тон і не паступацца прынцыпамі.

Пры ўзнікненні непаразуменняў тлумачце па-расійску, але цалкам «класціся» пад калектыў няма ніякага сэнсу. Калі вы нечага варты як супрацоўнік, то і начальнік вас не выганіць. Самому даражэй будзе. Зноў жа, я апісваю зусім ужо гранічныя выпадкі. У рэчаіснасці я ніколі не меў праблем з беларускай мовай на працы.

Магчыма, мяне не ўсе любілі, але іншыя, наадварот, станавіліся лепшага меркавання пра мяне і збліжаліся. То бок стаўленне да вас хутчэй за ўсё будзе больш кантрастным. Для мяне гэта лепш, чым старацца спадабацца ўсім запар. І нават тое, чаго я заўсёды хачу. Калі мяне нехта ў калектыве ненавідзіць і скрыгоча зубамі ў сне, для мяне гэта найвышэйшы кайф. І ў прынцыпе, гэта паказнік таго, што вы нечага вартыя.

Не трэба патрабаваць, каб з вамі размаўлялі па-беларуску і давалі толькі беларускамоўныя бланкі і кантракты на подпіс — гэта спосаб нажыць сабе ворагаў. Але абараняць сваё законнае права размаўляць па-беларуску — ваш святы абавязак.

Кліенцкая праца

Дапусцім, вы не проста працуеце ў нейкім замкнёным калектыве, а вам яшчэ трэба «бакі забіваць» сваім кліентам, каб яны ў вас купілі нейкага тавару. Прызнаюся шчыра, вопыту ў мяне тут няшмат. Сам я па-беларуску гандляваў хіба нейкімі б/к побытавымі рэчамі, электронікай. З буйнога, бадай, толькі сваёй машынай, прычым яна сышла першаму ж ахвочаму яе паглядзець, а сама абвестка правісела менш за два дні. Але гэта ўсё C2C (citizen to citizen, грамадзянін грамадзяніну), я ж вяду размову пра B2C (бізнэс грамадзяніну) альбо нават B2B.

Але напэўна ведаю, што ў краме музычных інструментаў, што ў г/ц «Сілуэт», працуе цалкам беларускамоўны прадавец гітар. Прычым працуе ўжо дастаткова доўга. Здаецца, калі б справа не варушылася, яго б ужо даўно звольнілі. Думаю, дзейнічае тут звычайны прынцып: забабоны ўбок.

Не магу не схаваць сваёй радасці, што ўсё часцей у публічных месцах ці па тэлефоне людзі адказваюць ці стараюцца адказаць па-беларуску. Думаю, імідж беларускай мовы ў апошнія некалькі гадоў істотна палепшыўся нягледзячы ні на што.


Навучанне

У час навучання ва ўніверсітэце я размаўляў на абедзвюх мовах. Але дыплом па тэхнічнай спецыяльнасці пісаў і абараняў па-беларуску. Магчыма, гэта самае годнае, што я зрабіў за ўсе пяць гадоў наведвання той шэрай бетоннай каробкі. Па ідэі, была рызыка, што мяне наагул «завернуць». Аж не, паставілі найвышэйшы бал і прапанавалі застацца ў магістратуры (ад чаго я ветліва адмовіўся). Карацей, не бойцеся. Паставіць свой лёс на кон і здабыць патрэбны вынік не здрадзіўшы ідэалам — вельмі прыемна afterwards.

У школе я размаўляў па-расійску, таму што ў мяне яшчэ не было ні разумення патрэбы, ні жадання размаўляць па-беларуску. Пераехаўшы на час навучання ва ўніверсітэце ў Мінск, такое жаданне ў мяне хутка з’явілася. Я даволі лёгка перайшоў на беларускую мову, ніколі яе спецыяльна не вывучаючы.

Дзяржаўныя ўстановы і прадстаўнікі ўладаў

Па-мойму, найпрасцейшы выпадак. Права камунікаваць з імі на дзяржаўнай мове гарантаванае Канстытуцыяй. Адсюль і трэба адштурхоўвацца ў канфліктных сітуацыях.

Што рабіць, калі не стае слоўнікавага запасу

Нічога. Старайцеся падбіраць беларускія аналагі, гэта галоўнае. У скрайнім выпадку замяняйце расійскімі, ангельскімі (у пэўных асяродках «пракатвае»). Неба не абрынецца вам на голаў. А практыкаванне мовы — адзіны спосаб яе дасканалення. Немагчыма толькі чытаючы ці пішучы па-беларуску, навучыцца шпарка і прыгожа размаўляць. За маўленчы апарат адказваюць зусім іншыя часткі мазгоў. Добра, калі з вашага мабільнага тэлефона вы маеце пастаянны доступ да slounik.org. Гэта значыць, што вы можаце папаўняць свой слоўнікавы запас проста на бягу.

Вопыт сацыяльных кантактаў і патэрны паводзінаў

Некаторыя раяць пачынаць пераход да беларускай мовы з ужытку пэўных словаў, такіх як «дзякую», «калі ласка». Я лічу такую практыку заганнай.

Па-першае, у вачах наваколля вы будзеце выглядаць дзіваком, які ведае толькі тры беларускія словы. Па-другое, не зусім ясны далейшы шлях. Калі спакваля павялічваць колькасць беларускіх словаў, то выйдзе трасянка. І наўрад ці вы зможаце на ёй натуральна размаўляць, каб вам было камфортна. Я прапаную адразу пераходзіць на беларускую мову. Хай гэта будзе спярша павольна, але старайцеся размаўляць правільна. Нічога страшнага, ваш суразмоўца пачакае. Перад гэтым можаце патрэніравацца ў інтэрнэце. Цяпер мы маем цудоўную магчымасць для гэтага.

Наагул, мая беларускамоўнасць падарыла мне вялікі кош прыемных сітуацый і знаёмстваў, палёгкаў там, адкуль ніколі не чакаў.

Але я цяпер пра сітуацыі менш прыемныя. Вы пазнаяце ў іх сябе і вашых апанентаў. — А колькі каштуе? — По-русски! — Колькі білет каштуе? — 80 тыс.

Выснова: не вядзіцеся на хамства. Я ніколі не пераходжу на расійскую мову, калі гэта просяць зрабіць у грубай форме, а проста працягваю сваю размову ў звычайнай танальнасці. Калі чалавек паказаў сваю адэкватнасць, я хутчэй нават сам перайду на расійскую проста з павагі да яго. Хоць звычайна спрабую размаўляць па-беларуску нават з расійцамі. Проста мне гэта ўжо даўно значна прасцей, чым па-расійску. Тыя, хто не з Масквы, цудоўна мяне разумеюць. Нядаўна стрэўшы жанчыну з Ніжняга Ноўгарада, быў агаломшаны колькасцю словаў, якія я лічыў беларускімі, у яе гаворцы. — Паненачка, можна нам рахунак? — ??? — Разлічыце нас, калі ласка. — К+

Выснова: калі вас не зразумелі, не спяшайцеся пераходзіць на расійскую. Гэта сведчыць пра другаснасць для вас беларускай мовы. Любое слова можна патлумачыць сродкамі самой жа мовы. Трэніруйцеся ў гэтым.

Мне даводзілася вандраваць па месцах, дзе не заўсёды выдатна разумелі ангельскую, а мовы мясцовасці я не ўмеў. Даводзілася думаць, як патлумачыць па-ангельску простымі словамі. У сваіх сацыяльных практыкаваннях таксама ўявіце, што расійскай мовы вы не ўмееце.

— Ой, а вы по-белорусски разговариваете? Вы учитель, наверное, белорусского языка или истории? (чамусьці часта думаюць, што я з гістарычнага факультэта). — Не, я просты чалавек. Працую інжынерам на фірме. — Ой, как здорово. Вы молодец, что не забываете мову.

І яшчэ (класіка). — А почему вы по-белорусски разговариваете? У нас ведь никто почти не говорит на этом языке. — Мне так падабаецца, так зручней, ямчэй магу апісаць свае думкі. — K+

Выснова: не трэба, як некаторыя, рабіць са сваёй беларускамоўнасці нейкую адметнасць, выдаваць гэта за нейкую барацьбу за светлую будучыню, абгортваць у напышлівыя абалонкі. Не трэба гаварыць, што вы размаўляеце па-беларуску таму, што вы беларус. Расійскамоўныя беларусы — таксама беларусы! Не трэба ўсёй гэтай прапаганды. Вы самі сваім існаваннем ужо нейкі прыклад. Усё астатняе — лішняе, яно толькі шкодзіць.

Любіце людзей, спакойна тлумачце ім і не гыркайцеся. Тады ўсё ў вас будзе добра. Колькі я бачыў агрэсіўных беларускамоўных, якія пастаянна нешта камусьці даказваюць, прыдумваюць крэпкія слоўцы, каб адказаць на кпіны, і самі кпяць з тых, хто не зразумеў там нешта па-беларуску ці не так паглядзеў. Гэта ўсё абаронная рэакцыя ад унутранай несвабоды, комплексаў. Працуйце з гэтым.

Я заўсёды дазваляю людзям глядзець на мяне ўтаропіўшыся, смяяцца з мяне, адказваць на бясконцыя пытанні, як нешта будзе па-беларуску (некаторыя так правяраюць «сапраўднасць»). У мяне гэта выклікае толькі ўсмешку. Несучы беларускасць без агрэсіі, мы маем больш шанцаў прышчапіць яе сэрцам і душам нашых суайчыннікаў!

Аляксей Несцераў, nn.by

 

Падзяліцца:

Каментары