Пачаўся збор подпісаў за помнік Каліноўскаму ў Мінску

Пачаўся збор подпісаў за помнік Каліноўскаму ў Мінску

Ініцыятары прапануюць паставіць яго на Усходзе, каля Усіхсвяцкай царквы.

Моладзевая грамадская арганізацыя «Альтэрнатыва» (зарэгістраваная ў Латвіі) распачала збор подпісаў сярод жыхароў беларускай сталіцы з прапановай да ўлады пабудаваць помнік Кастусю Каліноўскаму. Сабраныя подпісы разам з адпаведным зваротам актывісты накіруюць у Мінгарвыканкам, Савет дэпутатаў, а таксама ў Міністэрства культуры.

«Альтэрнатыва» прапануе гарадской уладзе адобрыць ідэю будаўніцтва помніка лідару паўстання 1863–64 г. на тэрыторыі Беларусі, разам з тым арганізаваць сумесна з грамадскасцю конкурс на вызначэнне найбольш яскравага манумента. Усталяваць яго прапануецца недалёка ад Усіхсвяцкай царквы, у скверы, на перасячэнні праспекта Незалежнасці з вуліцай Каліноўскага. На пытанне, чаму помнік мусіць знаходзіцца менавіта на гэтым месцы, адказаў лідар «Альтэрнатывы» Алег Корбан:

 

«Чаму мы вырашылі абраць гэтую кропку, а не цэнтр сталіцы?

Прывяду нашыя аргументы:

1.

Побач з гэтым месцам пачынаўся рух за адраджэнне Бацькаўшчыны, адсюль пачыналіся знакамітыя „Дзяды“ у 1988 годзе,

якія сталі пачаткам новай хвалі ўваскрашэння Беларушчыны, незалежнасці, свабоды ад саветчыны. Гэтае месца сімвалічнае.

2.

Праз 100 метраў пачынаюцца Усходнія могілкі. Тут пахаваная не толькі савецкая эліта, але і нашыя народныя правадыры, гонар і сумленне нацыі — Караткевіч, Карпенка, Мулявін, Быкаў

і шмат іншых выбітных дзеячоў.

3.

Лагічна, каб помнік Каліноўскаму знаходзіўся там жа, дзе і вуліца ў гонар яго імя.

Прынамсі, ён можа знаходзіцца на гэтым месцы, пакуль у краіне не зменіцца палітычная сітуацыя, тады і саму вуліцу разам з помнікам можна было будзе перанесці ў цэнтр. Відавочна, сёння ўлада на такія саступкі не пойдзе, таму нам трэба дабівацца ад яе рэалізацыі найбольш кампраміснага варыянта.

4. Гэтае месца — не ўскраіна горада, гэта не Малінаўка, не Сухарава, не Шабаны. Побач знаходзіцца Нацыянальная бібліятэка. Па вуліцы Каліноўскага штогод рушыць шэсце на „Дзяды“ у Курапаты.

5.

Пабудаваны помнік будзе сустракаць усіх, хто ўязджае ў горад з боку Масквы,

а таксама з нацыянальнага аэрапорту. Такім чынам, Каліноўскі будзе вітаць усіх дыпламатаў, асноўную частку турыстаў і г.д. За помнікам пачынаецца сквер, які вядзе да Усіхсвяцкай царквы, якая, дарэчы, з’яўляецца храмам-помнікам у гонар усіх святых і ў памяць бязвінна забітых у нашай Айчыне».

Актывісты «Альтэрнатывы» запрашаюць усіх ахвотных валанцёраў да ўдзелу ў зборы подпісаў. Звязацца з камандай зборшчыкаў подпісаў можна па тэлефоне: (29) 152-11-75 (Наталля)

 

 

 

Падзяліцца:

Каментары