Падтрымаць палітвязьня – гэта падтрымаць Хрыста

Падтрымаць палітвязьня – гэта падтрымаць Хрыста

Многія пакаленьні людзей і ў многіх народах змагаліся за праўду. Некаторым удалося дачакацца пераможных вынікаў сваёй самаахвярнасьці, але большасьць, на жаль, перамогі Праўды убачыць не магла. Паўстае пытаньне: а для чаго тады яны ўвогуле ішлі супраць хлусьні і ўзурпатараў? Ішлі, безумоўна, дзеля іншых людзей і наступных пакаленьняў. Але гэта ня ўсё. Сам Ісус Хрыстос сьведчыць, што змагары за праўду маюць самую вялікую ўзнагароду гэтага сьвету – Валадарства Нябёснае. У Нагорнай казаньні Ён гаворыць:

“Дабрашчасныя гнаныя за праўду, бо іх ёсьць Валадарства Нябёснае” (Паводле Мацьвея 5:10).

І вось тут паўстае пытаньне ўжо да нас: як мы падтрымоўваем тых, хто знаходзіцца на самым пярэднім фронце барацьбы за праўду – на вайне, на барыкадах ці ў вязьніцы? У нашых умовах гаворка пакуль што пра тых, хто несправядліва ўвязьнены, хто за праўду пазбаўлены свабоды.

Падтрымка кожнага, хто церпіць за праўду ад уладумаючых – адзін з частых напамінаў Бібліі. Апостал Павал піша: “Памятайце вязьняў, як бы і вы зь імі былі ў кайданах, і пакутнікаў, бо і самі вы ў целе” (Да Габрэяў 13:3).

У іншым месцы Хрыстос гаворыць такую прыпавесьць:

“Калі ж прыйдзе Сын Чалавечы ў славе Сваёй і ўсе сьвятыя анёлы зь Ім, тады сядзе на троне славы Сваёй, і зьбяруцца перад Ім усе народы; і аддзеліць адных ад другіх, як пастух аддзяляе авечак ад казлоў; і паставіць авечак праваруч ад Сябе, а казлоў — леваруч.

Тады скажа Цар тым, якія праваруч ад Яго:“Прыйдзеце, дабраславёныя Айца Майго, прымеце ў спадчыну Царства, угатаванае вам ад стварэньня сьвету: бо быў галодны Я, і вы далі Мне есьці; быў сасьмяглы, і вы напаілі Мяне; быў падарожны, і вы прынялі Мяне; быў голы, і вы адзелі Мяне; быў хворы, і вы адведалі Мяне; у цямніцы быў, і вы прыйшлі да Мяне”.

Тады праведнікі скажуць Яму ў адказ: “Госпадзе! калі мы бачылі Цябе галоднага і накармілі? альбо сасьмяглага і напаілі? калі ж мы бачылі Цябе падарожнага і прынялі? альбо голага і адзелі? калі ж мы бачылі Цябе хворага, альбо ў цямніцы, і прыйшлі да цябе?”

І Цар скажа ім у адказ: “Праўду кажу вам: як што зрабілі вы гэта аднаму з братоў Маіх меншых, дык зрабілі Мне”.

Тады скажа і тым, якія леваруч ад Яго: “Ідзеце ад Мяне, праклятыя, у вагонь вечны, угатаваны д’яблу і анёлам ягоным: бо быў галодны Я, вы не далі Мне есьці; быў сасьмяглы, і вы не напаілі Мяне; быў падарожны, і не прынялі Мяне; быў голы, і не адзелі Мяне; хворы і ў цямніцы, і не адведалі Мяне”

Тады і яны скажуць яму ў адказ: “Госпадзе, калі мы бачылі Цябе галоднага, альбо сасьмяглага, альбо падарожнага, альбо голага, альбо хворага, альбо ў цямніцы, і не паслужылі Табе?”

Тады скажа ім у адказ: “Праўду кажу вам: як што вы не зрабілі гэтага аднаму з гэтых меншых, дык не зрабілі Мне.

І пойдуць гэтыя на пакуты вечныя, а праведнікі ў жыцьцё вечнае” (Паводле Мацьвея 25:31-46).

Давайце ня будзем абыякавымі назіральнікамі, давайце падтрымоўваць гнаных за праўду – палітвязьняў. Тым больш, каб праявіць сваю падтрымку пакуль што ня трэба і асаблівай ахвярнасьці – дастаткова проста ўзяць асадку ў рукі ды напісаць палітвязьню цёплыя словы салідарнасьці. Сёньня, у сьвяточны нядзельны дзень, дашліце паштоўку Эдурду Пальчысу, іншым палітвязьням. Хто ведае, можа гэтым самым мы дапамагаем ня толькі арыштанту, але і Самому Хрысту?

Адрэса для ліставаньня: 222160, Мінская вобл., г. Жодзіна, вул. Савецкая, 22А, турма №8. Пальчысу Эдуарду Аляксандравічу

Зьміцер Дашкевіч

Падзяліцца:

Каментары