ПАКАЛЕНЬНЕ МАЛАДОГА ФРОНТУ. Павал Севярынец
ГІСТОРЫЯ МОЛАДЗІ, НАРОДЖАНАЙ У 1970-85гг
Аўтар выказвае шчырую падзяку за дапамогу ў падрыхтоўцы кнігі Ўправе Маладога Фронту: Вікторыі Дышлевіч, Ліі Кійко, Юлі Кручынінай, Алесю Тарасевічу, Віталю Кошалеву. Кансультантам: Вячаславу Сіўчыку і Аляксею Шэіну. Прафэсару, доктару сацыялягічных навук, дырэктару Незалежнага Інстытута Сацыяльна-Эканамічных і Палітычных Дасьледваньняў Алегу Манаеву, і кандыдату эканамічных навук, намесьніку дырэктара НІСЭПД Аляксандру Саснову. А таксама: Генадзю Быкаву, Сяргею Сахараву, Сяргею Касьцюкевічу, Артуру Фінькевічу, Сяргею Хінейку, Максу Мігалю, Сержуку Лісічонку й Барысу Гарэцкаму.
"ПАКАЛЕНЬНЕ МАЛАДОГА ФРОНТУ" - асэнсаваньне фэномэну моладзі Беларусі, народжанай у 1970-85 гг. Пакаленьне краху камунізму, дэклярацыі незалежнасьці й дыктатуры Лукашэнкі выходзіла на вуліцы ўвесну 1996-га і стварала Малады Фронт, кансьпіравалася ў падпольлі й займалася шоў-бізнэсам, прападала ў субкультурах і гінула ў правале Нямігі, абараняла Курапаты й ішло да Хрыста.
Хто яны - пакаленьне Івана Іванкова й Макса Мірнага, Севы Янчэўскага й Зьміцера Завадзкага, Паўла Мажэйкі й Аляксандра Старыкевіча? Дзеці СССР, юнацтва перабудовы, моладзь незалежнасьці? "Дзеці хлусьні", БПСМ, РНЕ, наркаманіі й крыміналу? Генэрацыя мітынговых байцоў і Ды-джэяў Адраджэньня, палітычных рухаў і хрысьціянскіх грамадаў? 2-мільённае пакаленьне - 2000 - велізарны зарад пераменаў, жывы бар'ер між савецкім састарэлым грамадзтвам і нацыяй Адраджэньня на самай мяжы новага тысячагодзьдзя. Гэта Малады Фронт веры, любові й свабоды, які праз спакусы й пакуты ідзе да Новае Беларусі. Гэта - заўтра нашае краіны. "Пакаленьне Маладога Фронту" - не мастацкая літаратура, ня хроніка й не публіцыстыка. Гэта гісторыя. ГІСТОРЫЯ БУДУЧЫНІ БЕЛАРУСІ.
[красавік -- жнівень 2002]
Акрэсьціна - Менск |