Палажанка патрабуе судзіць адміністрацыю ВК у Горках

Палажанка патрабуе судзіць адміністрацыю ВК у Горках

Наста Палажанка зьвярнулася ў Генэральную пракуратуру з патрабаваньнем завядзеньня крымінальнай справы на Адміністрацыю выпраўленчай калёніі №9 у Горках.

Генэральнаму пракурору Рэспублікі Беларусь

Рыгор Аляксеевіч!
Я заклікаю Вас спыніць тое беззаконьне, якое робіцца ў Горкаўскай калёніі № 9, у каторай знаходзіцца лідэр Маладога Фронту Зьміцер Дашкевіч. Вось ужо больш за месяц ад яго не было лістоў, да Дашкевіча не пускаюць адваката. Адміністрацыя калёніі тройчы, без тлумачэньня прычынаў, адмаўляла адвакату ў сустрэчы з Дашкевічам. У нас няма ніякай інфармацыі пра яго.

Тое, што адміністрацыя калёніі хавае інфармацыю пра Дашкевіча, дае падставу меркаваць, што яго жыцьцю й здароўю пагражае небясьпека.

Я лічу, што ў дачыненьні да лідэра Маладога фронту Зьмітра Дашкевіча зьдзяйсьняецца злачынства.

У артыкуле 62 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь гаворыцца, што супрацьдзеяньне аказаньню прававой дапамогі ў Рэспубліцы Беларусь забараняецца. Грубае парушэньне канстытуцыйных правоў і свабодаў (у тым ліку права карыстацца ў любы момант дапамогаю адваката, замацаванае ў артыкуле 62 Канстытуцыі), цягнуць крымінальную адказнасьць, прадугледжаную артыкулам 190 КК Рэспублікі Беларусь.

Таму я прашу Вас, як Генэральнага пракурора, як гаранта абароны правоў і законных інтарэсаў грамадзянаў, аб правядзеньні праверкі ў парадку арт. 174 КПК і прыцягненьні да крымінальнай адказнасьці асобаў, вінаватых у парушэньні правоў і свабодаў грамадзяніна Рэспублікі Беларусь Дашкевіча Дзмітрыя Вячаслававіча.

22 жніўня 2011
Палажанка Анастасія Ўладзіміраўна

Артыкул 190 КК РБ Парушэньні раўнапраўя грамадзянаў.
Наўмыснае прамое або ўскоснае парушэньне, альбо абмежаваньне правоў і свабодаў караецца штрафам, або папраўчымі работамі да двух гадоў, ці абмежаваньнем волі на той жа тэрмін, або пазбаўленьнем волі тэрмінам да двух гадоў з пазбаўленьнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасьцю або без пазбаўленьня .

Артыкул 174 КПКРашэньні, якія прымаюцца па заяве або паведамленьнем аб злачынстве.
Па заяве альбо пры непасрэдным выяўленьні прыкметаў злачынства орган дазнаньня, сьледчы ці пракурор прымаюць адно з наступных рашэньняў:
1) Аб ўзбуджэньні крымінальнай справы;
2) Аб адмове ва ўзбуджэньні справы;
3) Аб перадачы заявы, паведамленьні па падсьледнасьці;
4) Аб спыненьні праверкі і растлумачэньні заяўніку права ўзбудзіць у судзе ў адпаведнасьці з артыкулам 426 гэтага Кодэкса крымінальнай справы прыватнага абвінавачваньня.
Аб прынятым рашэньні паведамляецца заяўніку і адначасова яму растлумачваецца права на абскарджаньне рашэньня.

Адвакат зьбіраецца ў чарговы раз наведаць Зьмітра Дашкевіча ў аўторак ці сераду.

Падзяліцца:

Каментары