Палажанка зьвярнулася да генэральнага пракурора

Палажанка зьвярнулася да генэральнага пракурора

  Нявеста Зьмітра Дашкевіча Наста Палажанка зьвярнулася да генэральнага пракурора Беларусі Аляксандра Канюка з просьбай «правесьці праверку па факце нялюдзкіх адносінаў да Зьмітра Дашкевіча» ў папраўчай калёніі № 20.

Палажанка просіць генпракурора расьсьледаваць факты пагрозаў Дашкевічу і ціску на яго.

Палажанка адзначыла, што бліжэйшым часам Дашкевіч павінен падпісаць скаргу на дзеяньні адміністрацыі калёніі, складзеную з дапамогай адваката. «Аднак у сувязі з тым, што скарга ад імя Дашкевіча паступіць у Генэральную пракуратуру не раней чым праз тыдзень, а яго становішча выклікае заклапочанасьць, я прашу правесьці праверку па факце нялюдзкіх адносін да Дашкевіча, ужыць захады ўрэгуляваньня канфлікту і прыцягнуць вінаватых асоб да адказнасьці», — заявіла Палажанка ў інтэрвію БелаПАН.

Палажанка распавяла, што 26 верасьня разам з адвакатам яна пабывала ў калёніі № 20.

«Начальнік калёніі Юры Збароўскі стаў пераконваць мяне, што Дашкевіч паводзіць сябе неадэкватна, хоча парэзаць сабе вены, абвясьціў галадоўку з-за адсутнасьці адваката, усё адмаўляе і шмат чаго выдумляе. Аднак гэта ня можа адпавядаць рэчаіснасьці, бо ў пэрыяд знаходжаньня ў ВК № 13 у Глыбокім, а таксама ў СІЗА № 2 Віцебску нічога падобнага зь ім не адбывалася. Больш за тое, усяго за тыдзень знаходжаньня ў калёніі № 20 чалавек ня можа карэнным чынам зьмяніць свае паводзіны і ператварыцца ў чалавека зь неўраўнаважанай псыхікай. Лічу, што ўся гэтая размова была спосабам увядзеньня мяне ў зман і спробай аказаць з маёй дапамогай ціск на Дашкевіча», — заявіла Палажанка.

Пры гэтай размове ў кабінэце начальніка быў яшчэ адзін чалавек, сказала яна. «Як я разумею, гэта быў начальнік рэжымнага аддзелу, які ўвесь час нешта камэнтаваў і выказваў занепакоенасьць, што ў інтэрнэце можа зьявіцца інфармацыя пра тое, у якіх умовах знаходзіцца Дашкевіч. Калі мы знаходзіліся каля КПП калёніі, куды па адваката павінен быў прыйсьці кантралёр і правесьці яго на сустрэчу да Дашкевіча, да нас выйшаў усё той жа чалавек. Канкрэтна мне ў прысутнасьці адваката было сказана: «Калі хоць нейкі бруд пра калёнію і стаўленьне да Дашкевіча зьявіцца ў інтэрнэце, то ўсё гэта адразу адаб’ецца на ім», — заявіла Палажанка.

«Я была зьдзіўленая такім стаўленьнем і ціскам на мяне. Я адчула жах, таму што мне стаў пагражаць супрацоўнік калёніі здароўем блізкага для мяне чалавека, да таго ж у прысутнасьці адваката. Што можа быць далей, нават страшна ўявіць», — сказала Палажанка.

Справа Дашкевіча

19 верасьня Дашкевіча перавялі ў папраўчую калёнію № 20, якая месьціцца ў Мазыры Гомельскай вобласьці.

21-га ён абвясьціў галадоўку ў сувязі зь «нялюдзкімі паводзінамі адміністрацыі калёніі, у тым ліку яе начальніка Юрыя Збароўскага».

28 жніўня 2012 году на закрытым выязным пасяджэньні суд прызнаў Зьмітра Дашкевіча вінаватым у «злосным непадпарадкаваньні патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы» і пакараў яго годам пазбаўленьня волі.

24 сакавіка 2011 году суд асудзіў Дашкевіча на два гады пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму, а Лобава — на чатыры гады.

Пацярпелых Алега Малышава і Канстанціна Савіцкага, якіх нібыта пабілі Зьміцер Дашкевіч і Эдуард Лобаў, ніхто на працэсе так і ня ўбачыў. Суд ужыў да іх асаблівыя ахоўныя захады, бо яны, маўляў, баяцца помсты родных і паплечнікаў Дашкевіча ды Лобава. Таму свае паказаньні яны давалі з суседняга з судовай заляй пакоя, праз прачыненыя дзьверы. Зьміцер Дашкевіч на судзе заявіў, што бойка, пасьля якой яго арыштавалі, была справакаваная ўладамі, каб нэўтралізаваць яго перад выбарамі.

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International прызнала лідэра «Маладога фронту» вязьнем сумленьня.

Падзяліцца:

Каментары

  1. Вадзім (Oct 03, 2012:17:47)Адказаць

    Наста!
    Прайшоу пэуны час, на працягу якога мы нажаль не падтрымліваем кантакты пасьля нашае сустрэчы ўвесну 2007 году, але я заўсёды быў у коле тых падзеяу, якiя адбывалiся за гэты час (2007 — 20012) у нашай Краіне
    Зараз – як і некалькі год таму — працяг «судова-крымiнальнай» справы у адносiнах да шматлікіх сябраў фронта й іншых незалежных арганізацыяў. зразумела, галоўнае зараз — гэта адсочваньне таго, што дзееца вакол Зьміцера Дашкевіча., дсочваньне таго працэса, якому няма назвы, акрамя – страх i подласьць тых, хто ймкнецца любымі сродкамi захаваць сваю ўладу над душамi й сэрцамi людзей нашае Беларусi, тых, хто закрываецца ад безабаронных, але моцных духам людзей зграяй узброенных да зубоў i апранутых у чорную вопратку «зомбi», тых, хто нiбы ад улады «Закона» творыць бязбожнае й антычалавечае Беззаконьне… Гэтаму няма назвы.. няма апрауданьня…..
    Але нельга усё пакiдаць у такiм стане, калi адбываецца генацыд на асобна ўзятай тэрыторыi, на тэрыторыi цэлай Краiны – Краiны, дзе жывем мы зараз, дзе будуць жыць нашыя дзецi… Дзеля сьветлай будуччынi (як бы гэта банальна нi гучала) трэба змагацца надалей… каб нашыя нашчадкi з гонарам маглi казаць:

    Дзе наш Край? Там дзе людзi николi не будуць рабамі,
    Што за поліўку носяць ярмо ў безнадзейнай турме,
    Дзе асiлкi-хлапцы маладымi ўзрастаюць дубамi,
    А мужчыны як скалы – ударыш i зломiцца меч.

    Дзе наш Край? Там дзе мудрыя продкi ў хвоях паснулi,
    Дзе жанчыны як радасны сон у стагах на зары,
    А дзяўчаты як дождж залаты, а сiвыя матулi
    Як жнiўё з павуцiньнем i добрае сонца угары.

    Там звiняць неўмiручыя песьнi на поўныя грудзi,
    Там спрадвеку гучыць мая мова, булатны клiнок,
    Тая гордая мова, якую й тады не забудзем,
    Калi сонца з зямлёю ў апошнi заглыбяцца змрок….

    … Мы клянемся Табе баразной сваёй першай на полi,
    I апошняй раллёй, у якую ўпадзем у журбе.
    Мы клянемся Табе, што нiколi, нiколi, нiколi,
    Так нiколi не кiнем, не кiнем, не кiнем Цябе!!!

    Змагацца дзеля таго, каб нашая Краiна не толькi на мапах, але й у сэрцы кожнага чалавека – беларуса й замежнiка – выклiкала веру ў тое, што гэта сапрауды БЕЛАЯ (вольная ад усялякiх цёмных сiл) КРАІНА, назва якой — БЕЛАРУСЬ!!!

    У гэты час, Наста, шмат вачэй бачаць, якi здзек адбываецца тут, шмат рук узнiмаюць угару сцiснуты кулак халуям i адзiнаму дыктатару рэжыма у знак пратэсту й супрацiву, шмат ног пачынаюць свой цьверды й пераможны шлях да Свабоды!

    Наста!!! Ты, твае сябры, усе тыя, хто быў у кратах, хто безпадстаўна й неапраўданна застаецца там i зараз, не будуць пакiнутыя, бо гэта наша адзiная сьвятая справа, барацьба пад Божым крыжам з сiлами Цемры, i мы разам будзем крочыць поплеч, пакуль не здзейснiцца нашая адзiная й доугачаканная Мара! Мы будзем разам!!!

    Разам мы здолеем усё! З неаб’емнай верай у гэта я завяршаю на гэтым свой лiст да цябе…але на велiчных месцах нашага горада й гiсторыi – Плошчы Калiноускага, Плошчы Якуба Коласа, Акадэмii Навук, Нямiзе, Плошчы Свабоды, Плошчы Бангалор i iншых – мы яшчэ сустрэнемся шматразоўна…. I нават тады, калi над намi будзе ззяць Сонца Свабоды!!!