Палітграфіці

Палітграфіці

Палітычныя графіці – балючая тэма для моладзевых актывістаў і інтэрнэт-змагароў, спрэчны жанр вулічнага мастацтва й яшчэ больш спрэчны від каля-палітычнай дзейнасьці.

“Маладому Фронту” часьцяком даводзіцца слухаць у свой адрас словы кшталту “вы вандалы”, “вы малалеткі, каторыя нічога ня могуць рабіць, апрэч як крэмзаць на сьценах”, “панапісвалі штосьці на плоце вось і ўся ваша дзейнасьць”. Ананімныя каментатары ў інтэрнэце такім чынам хочуць давесьці, якія яны разумныя й як заўзята яны змагаюцца за чысьціню горада.
А ў нас сябры сядзяць. Нам нельга адсіджвацца па хатах і па інтэрнэтах. Нам трэба штосьці рабіць.

Добра, давайце глянем, што нам застаецца, апрэч вулічнага вандалізму.
Расьцяжкі, улёткі, налепкі. Усё гэта робіцца. Робіцца дзеля данясеньня хоць нейкай часткі інфармацыі да народа, катораму гэта ня трэба. Так бы мовіць, інфармацыйны гвалт. Незалежную газету народ чытаць ня кінецца, у інтэрнэт на “апазыцыйны” сайт не палезе, “а раптам накрыюць”? І павязуць дзядзю Колю ў кайданках у турму, бо ён на Хартыю зайшоў. А калі на пад’езьдзе ўбачыць цыдулку нейкую, ці на прыпынку – мо й пачытае, ад няма чаго рабіць. Пакуль аўтобуса чакаць будзе. А мо й не – паналяпілі тут усялякага сьмецьця.
Акцыі салідарнасьці? Гэта таксама робіцца. З дзясятак адчайных актывістаў выходзіць на плошчу, на вуліцу з партрэтамі зьняволеных. Вынікі гэтага ўсім даўно вядомы – суткі-адмарышты, разбітыя галовы, сінякі на дзявочых тварах і чарговыя каменты ў інтэрнэце кшталту, малалеткі зноў павылазілі з партрэцікамі спецыяльна, каб іх пабілі й каб на гэтым прапіарыцца.

графіціПалітычныя графіці нездарма ўсё ж завуцца графіці, а ня надпісамі на плоце. Гэта вулічнае мастацтва. Паў-андэграўнднае мастацтва ў краіне, дзе музыкі трапляюць у “чорныя сьпісы”, а дэмакратычныя актывісты – у турмы. Галоўная мэта мастацтва – данесьці да душаў людзей пачуцьці аўтара. Тут падкрэслю – пачуцьці аўтара. Палітычныя графіці – гэта крык чыейсьці душы, адбіты на сьценцы. Свабоду Дашкевічу, Лобаву, Кіркевічу – мяняюцца імёны, застаецца боль за нашых сяброў, якія сядзяць у турмах за свае перакананьні. Сядзяць у цесных камерах, дзе недастаткова ложкаў і вязьні сьпяць па чарзе. Пішуць вершы й малююць пры тусклым турэмным сьвятле, у марыве цыгарэтнага дыму. Складаюць у малітве рукі, згадваючы штовечар тых, хто на волі. І вераць. Вераць у тое, што мы, там, дзе неба й паветра, не забылі іх.

Дык аб чым вы кажаце? Цёці Мані з суседняга двара не падабаецца надпіс “Свабоду Дашкевічу!” на сьцяне? Хай не падабаецца. Затое яна яго заўважыла, і цяпер яна ведае, што хтосьці сядзіць у турме па палітычных матывах, і ня ўсё так ціха ў мадрыдзкім каралеўстве. Мы не для таго існуем, каб падабацца ўсім. Нашая задача – не заігрываць з народам, з так званымі “простымі людзьмі”, нашая задача – абараніць сваіх сяброў, быць цьвёрдымі ў сваіх перакананьнях і заўжды казаць толькі тое, што думаем. Толькі так мы здолеем дагрукацца ўрэшце рэшт да сэрцаў людзей, толькі тады яны адгукнуцца на наш боль. Гэта вайна. Інфармацыйная вайна. Вайна за нашых паплечнікаў, і ўсе аргументы супраць палітычных графіці блякнуць побач з позіркам дарагіх вачэй з-за кратаў судовай клеткі.

…Спі спакойна,
Заўтра новая вясна,
Сьціхнуць войны,
Не ўстаіць твая турма.
Запах фарбы
І балона ціхі стук
Я малюю –
Гэта значыць, я жыву.

Травень 2011
Кася Галіцкая

графіці

Падзяліцца:

Каментары

  1. Masha (Jul 22, 2011:19:13)Адказаць

    Файны артыкул

  2. Bullterrier (Jul 23, 2011:11:35)Адказаць

    аўтар дзякуе)