Палітуцякач: Польскія суддзі перадалі беларускім мае звесткі, нават адрас

Палітуцякач: Польскія суддзі перадалі беларускім мае звесткі, нават адрас

Андрэй Жукавец абвяргае словы міністра юстыцыі Польшчы, што суды не перадавалі звестак пра палітуцекачоў беларускім калегам.

Міністр юстыцыі Польшчы Кшыштаф Квяткоўскі заявіў, што, паводле вынікаў праверкі,  польскія суды не перадавалі ўладам Беларусі звестак апазіцыянераў. Але дзеяч апазіцыі, праваабаронца і былы сябра “Маладога фронту” Андрэй Жукавец сцвярджае, што польскія суды перадавалі інфармацыю, прынамсі пра яго, беларускім уладам.

На здымку: Андрэй Жукавец і Алесь Бяляцкі. Апошні зараз знаходзіцца ў беларускай турме — бо Літва перадала рэжыму Беларусі дадзеныя праваабарончых рахункаў, зарэгістраваных на Алеся.

 Еўрарадыё: Якую дакладна інфармацыю і калі перадавалі беларускім суддзям польскія суды?

Андрэй Жукавец: У 2010 годзе суддзя Беластоцкага раённага суду выступіў з хадайніцтвам да беларускіх уладаў, і ў гэтым хадайніцтве ён перадаў усе мае дадзеныя. Таксама і адрас майго пражывання на тэрыторыі Польшчы. Міністр Квяткоўскі спрабуе проста гэтую справу, гэты скандал з Бяляцкім, спыніць. Насамрэч Міністэрства юстыцыі Польшчы, польскія суды супрацоўнічалі і супрацоўнічаюць з беларускімі органамі.

Еўрарадыё: Польскія суды перадалі ў тым ліку і адрас вашага жыхарства ў Польшчы?

Андрэй Жукавец: “Так, так было год таму”.

Андрэй Жукавец з 1994 года фінансаваў будаўніцтва праваслаўнага храма ў гонар Іконы Божай Маці Мінскай, фінансаваў аздараўленне дзяцей-інвалідаў, падтрымліваў матэрыяльна і тэхнічна “Малады фронт”, праваабаронцаў, беларускіх дэмакратаў.

Пасля яго затрымання ў 1996 годзе у фірму Жукаўца “Трэйс” былі накіраваныя праверкі Мінгарвыканкама і КДБ. Згодна з дырэктывай Аляксандра Лукашэнкі арганізацыю закрылі, хоць не мелі на гэта права: фірма для сваёй дзейнасці ўзяла крэдыт ў 700 тысяч долараў і мусіла яго выплачваць. На падставе сфабрыкаваных фактаў была распачатая крымінальная справа.

Пасля закрыцця фірмы Жукавец спрабаваў выплачваць крэдыты, але банк гэтыя грошы не прымаў. Праблемы ў бізнесе Андрэй Жукавец звязвае з актыўнай дапамогай “Маладому фронту”. Андрэй вымушаны быў пакінуць Беларусь і прасіць палітычнага прытулку ў Польшчы. Але пераслед не спыніўся і за межамі Беларусі.

Судовыя паседжанні над Жукаўцом у Польшчы цягнуцца амаль 10 гадоў, беларускі бок патрабуе яго экстрадыцыі. Па гэтай справе Жукавец быў арыштаваны ў 2001 г. і ў Польшчы, правёў у зняволенні 85 дзён, больш за месяц трымаў галадоўку. З-пад арышту яго вызвалілі пасля ўмяшання былога прэзідэнта Польшчы, у той час генеральнага пракурора Леха Качыньскага. У польскім судзе Жукавец і цяпер патрабуе, каб яго не судзілі па дакументах, якія ў выглядзе ксеракопій прадстаўленыя суду. Да таго ж, іх пераклады на польскую мову не адпавядаюць арыгіналам.

Калі Жукаўца прызнаюць вінаватым, яму пагражае 10 гадоў зняволення і экстрадыцыя ў Беларусь. За гэты месяц у Варшаве прайшлі акцыі ў падтрымку Андрэя Жукаўца.

З лістамі ў абарону Жукаўца яшчэ ў 1999 годзе выступалі палітычныя і грамадскія дзеячы Юрый Хадыка, Алег Трусаў, Алесь Бяляцкі, Павал Севярынец і іншыя.

http://euroradio.fm/

Падзяліцца:

Каментары