Палітычнае забойства. Як паміралі прэзыдэнты

Палітычнае забойства. Як паміралі прэзыдэнты

Каля дзьвух трэці ўсіх палітычных забойстваў была зьдзейсьнена ўсяго адным-двума кілерамі з дапамогаю пальнай зброі з блізкай адлегласьці.

Роберт Кенэдзі, Авраам Лінкальн, Махатма Гандзі, Харві Мілк — усе яны загінулі ад рук фанатыкаў альбо наёмнікаў, каторыя здолелі падыйсьці дастаткова блізка, каб выстраліць без промаху са звычайнага пісталета. Пасьля посьпеху мерапрыемства забойцы часьцей за ўсё наўпрост здаваліся праваахоўным органам. Некаторых казьнілі, іншых забівалі народныя мсьціўцы, асобныя пражылі доўгае й шчасьлівае жыцьцё.

 

ВКЛ і барацьба за ўладу

На тэрыторыі Беларусі яшчэ падчас заснаваньня Вялікага княства Літоўскага ўнутранае палітычнае жыцьцё доўга бударажылася барацьбой за трон.

У 1263 г. у вынiку змовы нальшчанскага князя Даўмонта, жамойцкага Трайняты i полацкага князя Таўцiвiла (Гердзені) Мiндоўг i два яго сыны былi забiтыя — Даўмонт адпомсьціў Міндоўгу, бо той сілай забраў яго жонку. Абвясьцiўшы сябе ўладаром Лiтвы, Трайнята забіў і полацкага князя Таўцiвiла, у якім бачыў канкурэнта, але неўзабаве сам загiнуў ад Мiндоўгавых конюхаў, каторыя помьсцілі за князя. Тады Міндоўгаў сын Войшалк, якi хаваўся ў манастыры  з войскам на Наваградак i абвясьцiў сябе князем ды сілаю ў 1264 г. сьцьвердзіў сваю ўладу. Даўмонт мусiў уцякаць. Праваслаўны князь Войшалк неўзабаве перадаў свой пасад Шварну (Сварамiру), якi быў сынам галiцка–валынскага князя Данiлы i зяцем Мiндоўга, а сам вярнуўся назад у манастыр. Аднак у 1267 г. Войшалк быў забіты паводле загаду князя Льва Данілавіча. На iм род Мiндоўга абарваўся…

 

Узурпатар, лаві гранату!

Вельмі банальным спосабам палітычнага забойства зьяўляецца кідок бомбы альбо гранаты.

Можна адразу прыгадаць забойства гаўляйтэра Беларусі Вільгельма Кубэ партызанамі ў 1943 — кіруючыся пачуцьцём помсты Алена Мазанік здолела забіць кіраўніка Беларусі з дапамогаю міны. Прадуманае забойства зроблена з ювэлірнай дакладнасьцю: цяжарная жонка гаўляйтэра, каторая ляжала побач зь ім у ложку не атрымала ніводнай драпіны.

Падчас расейскай акупацыі ў 1881 г. Ігнат Грынявіцкі з Бабруйскага ўезда Менскай губэрні зьдзейсьніў замах на імпэратара Аляксандра ІІ. Паўстанец атрымаў раны пры выбуху і памёр у разам з расейскім царом. У сваім запавеце ён напісаў:

«Аляксандар ІІ павінен памерці. Ён памрэ, а разам зь ім памрэм і мы, яго ворагі, яго забойцы… Гісторыя сьведчыць, што раскошнае дрэва свабоды вымагае чалавечых ахвяраў… Сваёй сьмерцю зраблю ўсё, што мушу зрабіць і большага ад мяне ніхто на сьвеце патрабаваць ня можа.»

 

Падыйсьці бліжэй

Тактыка: падыйсьці бліжэй і гатова — выкарыстоўваецца ня толькі для кідка бомбы.

Пры забойстве Махатмы Гандзі тэрарыст падыйшоў усутыч нахіліўся, каб нібыта па старому звычаю ў знак павагі сьцерці пыл з сандаляў Махатмы, некалькі хвіляў стаяў перад старцам на каленах, пасьля хутка выцягнуў з кішэні пісталет і выстраліў. Нападнік спрабаваў скончыць жыцьцё самагубствам, падняў зброю да віску, але ў той час на яго накінуліся людзі

Бываюць “зьмешаныя” забойствы. Напрыклад, бронеаўтамабіль экс-прэзыдэнта Нікарагуа Анастасіо Сомаса Дэбайле спачатку расстралялі з гранатамётаў, калі ён спыніўся на чырвонае сьвятло, пасьля дабілі жывых з аўтаматаў.

Многія забойствы, асабліва ў Азіі ці сярод мусульманаў, чыняць тэрарысты-сьмяротнікі — да прыкладу, 27 сьнежня 2007 г. узброеныя бамбісты прарваліся ў зону акружэньня былога прэм’ер-міністра Пакістана Бэнзіра Бхута і падарвалі сябе разам зь ёй, прыхапіўшы на той сьвет яшчэ 25 чалавек зь ліку аховы ды натоўпу.

 

Снайпэр на даху

Шырока распаўсюджаны легенды, нібыта часьцей за ўсё палітычныя дзеячы паміраюць ад снайпэрскай кулі. Гэта міф, выкліканы перадусім амэрыканскімі фільмамі й гучным забойствам прэзыдэнта ЗША Джона Фіцжэральда Кенэдзі.

Ад куль снайпэраў загінула вельмі мала палітыкаў. “Беларусь выратуе снайпэр” — таксама малаверагодны варыянт. Аднак прэзыдэнт Эгіпту Анвар Садат у 1981 г загінуў менавіта ад снайпэрскай стрэльбы.

Снайпэр “зьняў” лідэра руху за грамадзянскія правы чарнаскурых Марціна Лютэра Кінга ў 1968 г. Віна Джэймса Эрла Рэя, каторы нібыта страляў у чарнаскурага прапаведніка, так і не была канчаткова даказана.

Мэр Белграда Зоран Джынджыч у 2003 г таксама загінуў ад рук стралка.

 

Забойства Кенэдзі

У якасьці яркага прыкладу абсалютна бездакорнай працы варта разглядзець дагэтуль не раскрытае забойства Кенэдзі.

Гэта забойства мае толькі адно імя афіцыйнага падазраванага — Лі Харві Освальд, каторы тры гады працаваў на Менскім заводзе “Гарызонт”. У 1959 г. Освальд прыехаў у СССР праз Фінляндыю прасіць грамадзянства. Яму далі толькі часовыя дакумэнты. Ад адчаю Лі Харві спрабаваў зрабіць сабе сьмерць — ўскрыў вены. Амэрыканца накіравалі ў ціхі й спакойны Менск, дзе далі добрую працу з неблагім заробкам і бясплатнае жыльлё. Ён нават ажаніўся з Марынай Прусаковай, каторая працавала ў суседнім цэху на заводзе й нарадзіла яму дачку Джун. У 1962 г. Освальд разам з жонкаю й дачкою вярнуўся ў ЗША.

22 лістапада 1963 года, на адкрыты аўтамабіль прэзыдэнта ў складзе картэжу абрынуліся тры пасьлядоўныя стрэлы. Першая й другая кулі трапляюць у прэзыдэнта. Картэж Кенэдзі ехаў па Элм-стрыт, што перакладаецца як “вуліца вязаў”, так што ў нейкай меры забойства было менавіта кашмарам.

Заказчыкі забойства засталіся невядомымі. Па афіцыйнай вэрсіі снайпэр-адзіночка Освальд а 12:30 зьдзейсьніў тры стрэлы з вакна мясцовага кнігасховішча. Першая куля трапіла Кенэдзі ў сьпіну, прайшла наскрозь і раніла губэрнатара Тэхасу Джона Коналі, каторы сядзеў сьпераду Другі стрэл трапіў дакладна ў патыліцу прэзыдэнта. Трэці мэты не дасягнуў, але ён быў ужо не патрэбны. Праз паўгадзіны Кенэдзі памёр у шпіталі.

Пасьля пачаліся цудоўныя рэчы. Высачылі Освальда хутка, ён аказаў сур’ёзны супраціў і падчас арышту забіў паліцыянта. Затрымалі яго троху пазьней, але віну ў забойстве Кенэдзі й супраціўленьне пры першым арышце ён адмаўляў. Праз два дні яго ў мэтах помсты за прэзыдэнта застрэліў уладальнік мясцовага начнога клюбу.

З-за сьмерці падазраванага справа была закрыта. Аднак афіцыйная схема траекторыі палёту першай кулі выклікала мноства сумневаў. Губэрнатар Каналі сьцьвярджаў, што быў ранены другім стрэлам, а ня першым! Значыць, стрэлаў было чатыры? Дакумэнтальна вядома некалькі аматарскіх відэа-запісаў, на каторых бачны рух прэзыдэнцкага картэжу. Бачна, як кулі трапляюць у прэзыдэнта, як сутрасаецца яго цела. З запісаў і сьледчага экспэрымэнта вынікала, што стралялі з двух пунктаў. Адзін зь іх — кнігасховішча. Першым забойцам мог быць Освальд. Другі пункт — травяны холм непадалёк. Між іншым, абвінавачваньне ў забойстве Кенэдзі было прад’яўлена банкіру Клаю Шоў, бо сьмерць Кенэдзі была яму выгадна. Аднак доказаў гэтая вэрсія не займела.

Карабін “Каркано” М91/38, каторым карыстаўся Освальд, цалкам мог пацэліць у прэзыдэнта з адлегласьці парадку 70 м. Часьцей за ўсё снайпэры, праўда, выкарыстоўвалі больш прафэсійныя вінтоўкі. Але пры невялікіх адлегласьцях, тым больш у горадзе, ня трэба ўлічваць папраўку на вецер. Дый Освальд меў дастатковую падрыхтоўку, каб не прамахнуцца.

Як бачым, асноўная тэхнічная складанасьць пры зьдзяйсьненьні забойства зь вялікай адлегласьці — ня выстрал, а маскіроўка забойцы. Ідэальны варыянт — наяўнасьць “казла адпушчэньня”

 

Афрыканскія забойствы па-чорнаму

Нахабныя й дзёрзкія забойствы прэзыдэнтаў нават у другой палове дваццатага стагодзьдзя адбываліся ў Афрыцы.

Першы прэзыдэнт Мазамбіка Самора Машэл восеньню 1986 г памёр у паветры. Савецкі самалёт Ту-134 з савецкім экіпажам і Машэлам на борце накіроўваўся на радзіму з Замбіі. Пасадка была заплянавана на аэрадроме горада Мапуту, сталіцы Мазамбіка. Але некаторыя невядомыя ўсталявалі на шляху самалёта падманны радыёмаяк, каторы працаваў на той жа частаты, што й маяк Мапуту. У выніку самалёт узяў хібны курс і наляцеў на гару. Савецкія прадстаўнікі прасоўвалі тэорыю хібнага радыёмаяка й усклалі віну на спэцслужбы Паўднёва Афрыканскай Рэспублікі (ЮАР) — трагедыя здарылася на тэрыторыі гэтай краіны.  Аднак, у прынцыпе, гэта магло быць няшчасным выпадкам, пілёты маглі памыліцца. Дакладна вядома, што Самора прыхіляўся перад Сталіным і Мао Цзэдунам, а ў ПАР друкавалі ўлёткі, дзе выказвалася небясьпека зьяўленьня Машэла-дыктатара, каторы пад кіраўніцтвам з Масквы будзе кантраляваць паўднёваафрыканскі рэгіён.

У гісторыі Афрыкі быў выпадак, калі адным выстралам былі забіты адразу два зайцы. Прэзыдэнт Бурундзі Сіпрыен Нтар’ямір і прэзыдэнт Руанды Жувеналь Хабьярымана ляцелі ў адным самалёце, каторы быў зьбіты 6 красавіка 1994 г. невядомымі сэпаратыстамі непадалёку ад Кігалі, сталіцы Руанды. Катастрофа дала пачатак масавым забойствам й генацыду.

 

Рэха нядаўняга мінулага

6 кастрычніка 1997 г. у Магілёве ў выніку тэракту ў пад’езьдзе свайго дому загінуў старшыня Камітэту дзяржкантролю Магілёўскай вобласьці й дэпутат Яўген Мікалуцкі. На наступны дзень Аляксандр Лукашэнка заявіў: “Пужаць нас беспэрспэктыўна, мы знойдзем адказы на любыя выпады супраць улады [..] Злачынцы доўга падбіраліся да прэзыдэнта — не атрымалася. Вырашылі пачаць зь людзей, каторыя побач зь ім, каторыя заўжды выконвалі яго волю.”

10 красавіка 2010 г. у авіякатастрофе пад Смаленскам загінуў польскі прэзыдэнт Лех Качынскі разам сотняю прадстаўнікоў вайсковага камандаваньня краіны й духавенства. Зяць загінулага прэзыдэнта адвакат Марцін Дубянецкі абвінавачваў Расею ў падрыхтоўцы катастрофы й сьмерці польскай эліты.

 

Мараль і выснова

Што тычыцца беларускага дыктатара — народ самастойна вырашыць, да якога спагнаньня яго прысудзіць. Верагодна, гэта будзе абмяркоўвацца разам з пытаньнем адмены\захаваньня сьмяротнага пакараньня ў Беларусі.

У любым выпадку, забойства ёсьць сьмерць, злачынства ёсьць парушэньне закона, якое б абсталяваньне пры гэтым не выкарыстоўвалася.

Малады Фронт, як арганізацыя на хрысьціянскім падмурку, спадзяецца, што ў будучыні тэхналёгіі й праўда стануць на варце закона і гэта дазволіць скараціць колькасьць палітычных забойстваў, а не садзейнічаць іх зьдзяйсьненьню.

 

Міхал Вітушка

Падзяліцца:

Каментары

  1. мфронтавец малады (Aug 31, 2011:16:13)Адказаць

    Не ну, афігенны артыкул! Паболей такіх!

  2. рыта (Aug 31, 2011:19:00)Адказаць

    Самае файнае пакаранне для дыктатара — страта ўлады.