Палітзьняволенага праз маці ўгаворваюць папрасіць “памілаваньня”

Палітзьняволенага праз маці ўгаворваюць папрасіць “памілаваньня”

Маці Дзьмітрыя Новіка прапанавалі ўгаварыць сына напісаць прашэньне аб памілаваньні

Натальля Новік, якая жыве ў Баранавічах, паведаміла “Свабодзе” пра тэлефонны званок са Шклоўскай калёніі, дзе трымаюць яе сына Дзьмітрыя, асуджанага на 3,5 года за ўдзел у падзеях 19 сьнежня:

“Спачатку я пачула голас сына, але празь некалькі сэкундаў слухаўку ўзяў нейкі чалавек. Ён павітаўся, назваў сябе і сказаў, каб мой сын падпісаў прашэньне аб памілаваньні. І калі ён гэта зробіць, то празь месяц-паўтара ён будзе дома. Я зразумела так, што гэта быў чалавек з Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў ці з КДБ. Але што адказаць на ягоную прапанову, я ня ведала і сказала: хай вырашае мой сын, бо ён дарослы, самастойны чалавек”.

Паводле зьвестак ад Дзьмітрыя Новіка, яму не ўпершыню прапануюць напісаць прашэньне аб памілаваньні, але ён не пагаджаецца. Натальля Новік пракамэнтавала прапанову, зробленую сыну:

“Мы ўжо пераканаліся, што Лукашэнка толькі абяцае, што адпусьціць нашых дзяцей. Яшчэ калі яны трапілі ў СІЗА, Лукашэнка казаў, што 10—15 сутак яны пасядзяць і выйдуць дамоў, але гэтак не адбылося. Ім давялося прайсьці гэты ізалятар, зьнявагу, катаваньні. Мой сын пра гэта ня кажа, але я адчуваю, што зь ім там было”.

Дзьмітрый Новік не прызнаў сябе вінаватым у судзе і адмаўляецца пісаць прашэньне аб памілаваньні з прызнаньнем сваёй віны.

Фёдар Мірзаянаў апісаў турэмнае мэню

Фёдар Мірзаянаў

Яшчэ адзін удзельнік Плошчы, Фёдар Мірзаянаў, патрапіў у карантын івацэвіцкай калёніі “Ваўчыныя норы”, дзе чакае разьмеркаваньня ў атрад. Маці вязьня Людміла Мірзаянава атрымала ад сына ліст з апісаньнем умоваў утрыманьня ў менскім ізалятары на Валадарскага, дзе Фёдар адбыў некалькі месяцаў. Фёдар Мірзаянаў падрабязна апісаў харчаваньне ў гэтай вязьніцы:

“Харчаваньне на Валадарцы арганізаванае жудасна, кажа Фёдар. Супы, прыкладам, маюць розныя назвы, але гэта адно і тое ж: шэрая вадкасьць, у якой ці то ачысткі бульбы, ці то пляўкі. Гэта можа называцца баршчом ці супам, але смак аднолькавы і есьці іх немагчыма. Кашу даюць у асноўным сечку, якую даюць у вёсцы парасятам — самую танную і самую нясмачную. А напярэдадні яго этапаваньня мне адмовілі ў перадачы яму кіляграму арэхаў і сухафруктаў. Я хадзіла на прыём да намесьніка начальніка “Валадаркі”, прасіла, каб далі дазвол на перадачу, бо дзіця гэтак доўга будзе ў дарозе, але адмовілі”.

Паводле зьвестак, турэмны этап зь Менску да Івацэвіч, якім Мірзаянаў трапіў у калёнію, цягнуўся 3 дні і 4 ночы.

Эдуард Лобаў вывучае ў зьняволеньні гісторыю Беларусі

Эдуард Лобаў

Там жа, у івацэвіцкай калёніі № 22, адбывае пакараньне 4-ма гадамі зьняволеньня актывіст “Маладога фронту” Эдуард Лобаў. Маці Лобава Марына кажа, што працы сыну ў калёніі так і не далі, вольны час ён бавіць вывучэньнем кніг па гісторыі Беларусі ды іншай літаратуры, якая яму спатрэбіцца пры паступленьні ў Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт. Такую мэту паставіў перад сабой Эдуард Лобаў, асуджаны разам са Зьмітром Дашкевічам па справе аб інцыдэнце 18 сьнежня. Актывісты мяркуюць, што сталі ахвярамі правакацыі спэцслужбаў з мэтай не дапусьціць іх да Плошчы.

Зноў няма вестак ад Мікіты Ліхавіда

Мікіта Ліхавід

Больш за два тыдні няма лістоў ад Мікіты Ліхавіда, вязьня Наваполацкай калёніі. Між тым стала вядома, што ў калёніі зь ім бачыліся былы кандыдат на прэзыдэнта Андрэй Саньнікаў і актывіст “Маладога фронту” з Гародні Алесь Кіркевіч, якіх таксама прывезьлі ў Наваполацкую калёнію. Андрэй Саньнікаў у паведамленьні з калёніі пацьвердзіў, што там вельмі дрэнная экалягічная абстаноўка. Калёнія знаходзіцца паблізу ад нафтаперапрацоўчай вытворчасьці.

Спыніліся званкі ад Аляксандра Малчанава

Аляксандар Малчанаў

Маці Аляксандра Малчанава непакоіцца, што сын ня звоніць дамоў. Раней такія званкі былі па нядзелях рэгулярна, але нядаўна спыніліся. Калі Галіна Малчанава пазваніла ў Магілёўскую 15-ю калёнію, дзе трымаюць сына, і паспрабавала даведацца пра прычыну маўчаньня, ёй нічога не патлумачылі і сказалі пісаць пісьмовую заяву. Пытаюся ў маці вязьня: ці зьбіраецца ён пісаць прашэньне аб памілаваньні?

“Не, казаў, што не зьбіраецца пісаць прашэньне аб памілаваньні і ўвогуле настроены сядзець увесь тэрмін”.

Аляксандар Малчанаў асуджаны на тры гады зьняволеньня.

http://www.svaboda.org/

 

Падзяліцца:

Каментары