Памежжа: праеду — не праеду?

Памежжа: праеду — не праеду?

“Сюр-пры-ы-ыз! А вам цяпер забаронены выезд за межы Беларусі! Наша памежная служба выказвае вам сваё глыбокае спачуванне і ў знак салідарнасьці просіць прыняць гэты сціплы букет кветак.”

Верагодна такім чынам хутка стануць сустракаць на памежных пунктах беларускіх палітыкаў, грамадскіх дзеячаў і журналістаў, якія яшчэ не паспелі згуляць у новую гульню ад беларускай улады “Праеду-не праеду?”.

Нават прыняўшы такія радыкальныя меры, як стварэнне спісу невыязных з краіны, Беларусь усё адно засталася вернай сваім прынцыпам усё трымаць у сакрэце. Дэвальвацыя будзе? Ды што вы такое кажаце! Аварыя на прадпрыемстве? Ой, гэта проста кран у прыбіральні прарвала! Ад палітвязьняў лісты не даходзяць? Ды ён пісаць, відаць, лянуецца!

Ня смешна і не сур’ёзна. Чаму Еўрасаюз, стварыўшы спіс неўяздных на тэрыторыю Еўропы беларускіх чыноўнікаў і прадпрымальнікаў, агалосіла гэты спіс і прычыны, па якіх туды ўнесены кожны “удзельнік”? А таму што краіна і свет павінна ведаць злачынцаў. А чаму ж тады супрацьлеглы бок павінны вопытным шляхам самастойна складаць ужо складзены спіс? У віну яго удзельнікам ставіцца тое, што яны сваімі заявамі дыскрэдытуюць міжнародны імідж Беларусі і заклікаюць да дзеянняў, якія могуць нанесці шкоду краіне. Чаму нам нельга ведаць і такіх злачынцаў? Ды і злачынцам з абодвух спісаў гэта значна спрашчала б жыцьцё. Чаму суддзя, які судзіў невінаватых, мае права спакойна планаваць свае перамяшчэнні ў межах адкрытых для яго краін, а звычайны журналіст, дабраўшыся да адной мяжы, а пачуўшы там: “Сюрпры-ы-ыз!”, павінны вяртацца ў адваротны бок і, нярвуючыся і марнуючы час, здзяйсняць вандроўку вакол Беларусі?

Не сур’ёзна. Мы толькі кожны раз чуем пра спісы з 500 чалавек, са 108, але яшчэ ніводнага разу не чулі хоць бы аднаго прозвішча.

“Сюрпры-ы-ыз! Вам цяпер нельга выходзіць з дому пасля 15 гадзін! Як новы канс’ерж вашага дома, я вам глыбока спачуваю і прашу прыняць гэты пачак гарбаты, каб не сумаваць вечарамі… Але вы можаце пакідаць сваю кватэру праз вакно!”

Міхаліна Дзятлік

Падзяліцца:

Каментары