Параза раз за разам. Піша Мікола Дземідзенка

Параза раз за разам. Піша Мікола Дземідзенка

Яшчэ да таго, як стала вядома дата шоў пад назвай “выбары ў палатку”,  харызматычная вядоўца дадзенага мерапрыемства ўпэўнена адзначыла, што ўдзельнічаць будуць усе, а тыя, хто кажуць, што не будуць, таксама па выніку будуць, бо ім кушаць чаго не стане, калі адмовяцца. І хоць кушаюць нязгодныя не з адной рукі з старшынёй ЦВК, аднак доўгая сумесная праца, відаць, яе шмат чаму вучыць, і яна безпамылкова прадбачыла будучыню. Другі бок будучыню прадбачыць таксама, але вайна вайной, а абед па распарадку.

Ну дык і вось,  для ўсіх ужо відавочным прагрэсам стане, калі пасьля “выбараў” у турме не апынуцца 90% кандыдатаў, а на такі прагрэс гэтая ўлада ісьці яшчэ здольная, толькі на якую халеру нам такі прагрэс, калі па назіраньнях, пасьля яшчэ горш?  Пра якія выбары можна казаць у краіне, дзе любога (падкрэсьліваю — ЛЮБОГА) чалавека могуць забраць з дома, ці наўпрост на вуліцы й без якой бы то ні было падставы адправіць за краты, хай сабе і не на 15 год, дык на 15 сутак. Узровень шызафрэніі ў краіне падыходзіць да крытычнага, у сілавікоў маюцца такія паўнамоцтвы, што ня сёньня-заўтра пачнецца паўтор 37 года, калі сусед зможа за дробную крыўду настрачыць ананімку на суседа, і адправіць таго падумаць над сваімі паводзінамі на сутках. Далей весялей, каля 10 мільёнаў закладнікаў, захацелася на футбол, ага пасажу-ка журналіста, працуе. Дзякуй Богу, што ня маем ангельскай меншасьці, а то села б тая меншасьць усім складам за квіткі на Алімпіяду.

Усе гэта бачаць, усе з гэтым згодны, але на выбары йдуць з адным аргументам – мы маўляў ідзем да народа, каб зь ім паразмаўляць… Толькі вынікі гэтых размоваў ніхто ніколі ня бачыў. Калі апазіцыя ня мае палітычных перамог дзесяцігодзьдзямі, то яна перастае быць апазіцыяй, мы ператвараемся у дысідэнтскі рух, які проста патрабуе… І ад таго, што нехта пагрузіўшыся ў працэс пачынае лічыць сябе суб’ектам палітычнага жыцьця, сто разоў перад гэтым пракрычаўшы што жыцьця-та гэтага й не існуе, ня можа выклікаць сімпатыяў у нармальных людзей. У Беларусі дастаткова адэкватных людзей, якія прагнуць жыць у нармальнай краіне з адэкватнай уладай, яны ўжо даўно не чакаюць ад апазіцыі цудаў, але тое, што магло б прымусіць іх падтрымоўваць нас актыўней — гэта бачаньне прагрэсу, хаця б не вялікія, але перамогі. Відавочна, што ў сёньняшніх умовах, адзіная, і хаця б раз у жыцьці прынцыповая пазіцыя і стала б той перамогай.

Удзел у парламенцкіх выбарах ня скончыцца нават самай дробнай перамогай, бо такі сыход не запраграмаваны стваральнікамі гульні.  Адзінае, чаго не могуць запраграмаваць улады — гэта выхад з гульні, такую магчымасьць мы ўсе пакуль маем.

Намесьнік старшыні МФ Мікола Дземідзенка,
8 жніўня 2012

Падзяліцца:

Каментары