Пасаромленне мудрых

Пасаромленне мудрых

Хто б мог сабе ўявіць, што Майдан, які пачынаўся з некалькіх дзясяткаў (!) чалавек і першую ноч на якім выстаялі сто пяцьдзесят (!) чалавек, скончыцца звяржэннем данецкага уркі?

Уявіць сабе гэтага ніхто не мог ні 21 лістапада 2013 года, калі ўсё пачыналася, ні нават 21 лютага 2014 года, калі хам падпісваў адступленне – ніхто не мог і падумаць тады, што ўжо 22 лютага ён будзе зрынуты.

А колькі мы маглі з вамі чытаць прагнозаў цуда-спецыялістаў: палітолагаў, аналітыкаў і падобных ім пра тое, што рэвалюцыя Майдана наўрад ці чаго даможацца? Такіх была абсалютная большасць. Ды што тут казаць: ці не ўсё мы імкнуліся быць мудрацамі? Я вось сам, які ледзь не экстрэмістам лічуся некаторымі на нашых шыротах, і тое паддаўся гэтаму мудрагельству: быў упэўнены і на пальцах мог даказать, што Янука да выбараў не скінуць.

Але Бог дзейнічае па-Свойму. Бог дзейнічае тады, калі па-чалавечы няма ніякіх надзеяў. Бог заўсёды (заўсёды!) дзейнічае так, каб пасароміць людскую мудрасць! Бог кажа: “Дзеля Сябе , дзеля Сябе Самога раблю гэта, – бо якое было б нараканьне на імя Маё! славы Маёй ня дам іншаму” ( Ісая 48:11). Бог ніколі і нікому не аддасць Сваёй славы! І найяскравейшы прыклад гэтаму – Украіна.

Ну паглядзіце, як пасаромлена мудрасць Еўропы, якая тры месяцы спакойна назірала за кровапраліццём у суседняй дзяржаве. Вы запярэчыце: не, не назірала яна спакойна! Вядома, не спакойна назірала, – згаджаюся я, – яна, старушка бяззубая, прыняла шмат рэзалюцый і нават прыстрашыла ўвесці не абы якія санкцыі – а такія ж санкцыі, як і ў дачыненні да Лукашэнкі. Большага здзека і не прыдумаць. Але вы ўявіце сабе, як бы ганарыўся ЕС, калі б толькі еўракамісары маглі прыпісаць сабе рэвалюцыю ва Ўкраіне?

Паглядзіце таксама, як пасаромлена мудрасць Расеі, якая збіралася выкарыстоўваць (па заявах МЗС) увесь (увесь! – смех у зале!) свой уплыў. Вы скажаце: дык няма ў Расеі ніякага ўплыву! Вядома, няма, – зноў згаджаюся я, – але ж яна-та думала, што ёсць! І вы ўявіце сабе, як бы заганарыўся імпэрскі шавінізм халдзеяў, калі б толькі камунакамісары маглі падмяць пад хама гэты непакорлівы ўкраінскі народ?

Здавалася б, што могуць зрабіць гэтыя некалькі дзясяткаў чалавек, якія паўсталі супраць дзяржмашыны? Мудрыя палітолагі даводзілі: куды лезуць гэтыя дурні – бо нават выбараў ніякіх няма гэтай зімой! Моцная ўлада пасмейвалася: куды лезуць гэтыя нямоглыя супраць нашага «Беркута»?

Але Біблія кажа: “Бог выбраў неразумнае сьвету, каб пасароміць мудрых, і нямоглае сьвету выбраў Бог , каб пасароміць моцнае; і бязроднае сьвету і пагарджанае і нічога ня значнае выбраў Бог, каб зьнішчыць значнае, – для таго, каб ніякая плоць не пахвалялася перад Богам” (Першае пасланне апостала Паўла да Карынцянаў 1:27-29).

Свет думаў, што яны нямоглыя, а яны перамаглі МУС, СБУ і «Беркут» – усіх разам узятых. Свет думаў, што яны неразумныя, а яны пасаромілі ўсіх разам узятых аналітыкаў, палітыкаў і палітолагаў – і заходніх, і ўсходніх. Значныя царкі глядзелі на іх грэбліва, але цяпер гэтыя самазванцы трасуцца ў тронах сваіх, і самі сабе даказваюць, што “Майдану ў нас не будзе”. А ўсё гэта для таго, каб ніякая плоць не пахвалялася перад Богам.

Але плоць хваліцца хоча. Плоць шукае паліталагічныя прычыны рэвалюцый. Шукае іх па той прычыне, што не разумеюць мудрацы: народамі кіруе Гасподзь – менавіта Ён і толькі Ён падымае людзей на паўстанні супраць бязбожных цароў. Калі вы не верыце ў гэта, прачытайце хаця б адзін раз Біблію. Калі вы не верыце Бібліі, тады чакайце. Проста чакайце. Яшчэ трохі – і ўсім будзе зразумела, што рэвалюцыя ва Ўкраіне – гэта звышнатуральнае дзеянне Госпада. І не проста звышнатуральнае дзеянне ва Украіне, а звышнатуральнае дзеянне ва ўсёй Усходняй Еўропе. Бо наш Бог – гэта не Бог хаосу і выпадковасцяў, а Бог парадку і плана.

Казаць аб ўкраінскіх падзеях, як падзеях выключна Ўкраіны гэтак жа неразумна ці нават смешна, як калі б мы гаварылі аб польскім руху “Салідарнасць”, зрынуўшым камуністычны рэжым у Польшчы – як аб выключна польскіх падзеях. Бо з вышыні гісторыі абсалютна ясна: польская “Салідарнасць” стала пачаткам канца камунізму ва ўсім Усходнім блоку. У канцы ХХ стагоддзя Гасподзь абраў Польшчу, каб пачаць Сваё цудоўнае вызваленне народаў ад камуністычнага рабства. У пачатку ХХІ стагоддзя Ён абраў Украіну, каб назаўсёды вызваліць Усходнюю Еўропу ад рускага шавінізму, каб паставіць апошнюю кропку на ўсіх спробах Крамля адрадзіць імперыю зла.

Калі ж заўтра вам будуць цуда-аналітыкі распісваць аб тым, што вызваленне ад беззаконікаў у Беларусі нерэальна – ізвергніце з вуснаў пісаніну гэтую. Калі заўтра вам будуць цуда-палітыкі ўцюхіваць, што толькі эвалюцыйным шляхам магчымыя перамены – папрасіце іх, скажу вам паліткарэктна, змоўкнуць.

Памятаеце пра тых некалькіх дзясяткаў неразумных і нямоглых, якія 21 лістапад 2013 года прыйшлі на Майдан Незалежнасці.

Заўсёды памятайце, што Бог абірае неразумнае свету, каб пасароміць мудрых, і нямоглае свету абірае Бог, каб пасароміць моцнае – для таго, каб ніякая плоць не пахвалялася перад Богам.

Зміцер Дашкевіч, сустаршыня Маладога Фронту

http://charter97.org

Падзяліцца:

Каментары