“Паштовая скрыня”: Прымусовае БРСМ

“Паштовая скрыня”: Прымусовае БРСМ

Малады Фронт адраджае на новым сайце mfront.net рубрыку “Паштовая скрыня”, дзе мы будзем публікаваць адказы на вашыя пытаньні, каторыя прыходзяць на press.mfront @ gmail.com

Прывітаньне!
Я пішу усім надзейным арганізацыям й людзям (у тым ліку і МФ), бо мне патрэбна параіцца з Вамі па некаторых пытаньнях.

Увогуле сітуацыя такая: у тым навучальным годзе ў нашай школе пачалося прымусовае далучэньне вучняў да арганізацыі БРСМ. Яны праводзілі агітацыйныя сходы, а тым вучням, якія не жадаюць далучацца да БРСМу, вызывалі з бацькамі да дырэктару й пагражалі выдаленьнем са школы.

[…]

Сама я ніколькі не падтрымліваю ідэі й палітычныя погляды гэтай арганізацыі. Маё сумленьне не дазволіць мне далучыцца да БРСМу.
Усім сваім сэрцам люблю Беларусь і малю Бога аб яе лепшай будучыні.
Таму я вырашыла пачаць рыхтавацца яшчэ ўлетку. Я запытваюся ва ўсіх надзейных людзей Горадні і пішу лісты ў дэмакратычныя арганізацыі, прашу іх даць мне парады й прапановы.

1. 1. Якімі шляхамі можна пазьбегнуць далучэньня да БРСМу?

2. 2. Ці ёсьць доказы (сярод афіцыйных заканадаўстваў ці іншых дакумантаў) таго, што я сама маю права выбіраць, да якіх арганізацый мне далучацца або не?

3. 3. Якімі дакумантамі я магу падцьвердзіць тое, што я маю права атрымліваць адукацыю ў пэўнай навучальнай установе, у незалежнасьці ад таго, якія меркаваньні й арганізацыі я падтрымліваю?

Буду ўдзячна, калі вы мне адкажаце. (пішыце мне на гэты ж самы адрас паштовай скрыні)
Дзякуй. Хай захоўвае Вас Бог!

Маша, Горадня.

Паважаная Маша з Гародні, я настойліва раю Вам не станавіцца сябрам грамадскай арганізацыі, пра якую вы казалі. Прычыны гэтага я думаю зразумелы Ўсім, таму пералічваць іх не буду.

Што тычыцца якіх-небудзь афіцыйных дакументаў, да якіх можна звярнуцца, калі на Вас пачалі ціснуць і ў прымусовым парадку кажуць далучыцца да БРСМу, то такіх даволі шмат. Пачаць трэба з Канстытуцыі, дзе ў артыкуле 36 чорным па беламу напісана пра свабоду аб’яднанняў (адно з найважнейшых палітычных правоў грамадзян, што падцявярджае і Рыгор Васілевіч – былы старшыня Канстытуцыйнага суда і зараз Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь у сваех каментарах да Канстытуцыі), дзе з гэтай нагоды нельга абмінуць і артыкул 33 Канстытуцыі, дзе ўтрымліваюцца наступныя правы і свабоды Кожнага грамадзяніна: “Кожнаму гарантуецца свабода поглядаў, перакананняў і іх свабоднае выказванне. Ніхто не можа быць прымушаны да выказвання сваіх перакананняў або адмовы ад іх”.

Далей можна звярнуцца да Закона Рэспублікі Беларусь “Аб грамадскіх аб’яднаннях” (далей Закон), дзе неаднаразова ўзгадваецца дабраахвотнасць уступу ў тое ці іншае аб’яднанне (арганізацыю). Згодна з вышэйназваным Законам Грамадскае аб’яднанне – гэта дабраахвотнае аб’яднанне грамадзян, у вызначаным заканадаўствам парадку, якія аб’ядналіся на падставе агульнасці інтарэсаў для сумеснай рэалізацыі грамадзянскіх, сацыяльных, культурных і іншых правоў (артыкул 1). У артыкуле 4 Закона пералічаны наступныя прынцыпы, на падстве якіх ствараюцца і дзейнічаюць грамадскія аб’яднанні:

— законнасці;
дабраахвотнасці;
— самастойнасці;
— галоснасці.

Такім чынам Вы маеце права адмовіца ад сяброўства з любой арганізацыяй, калі лічыце, што яна не адпавядае Вашым жыццёвым поглядам, інтарэсам ці не падыходзіць па іншых прычынах.

Калі Вам няма яшчэ 16, але ёсць 14, то вы не маеце права ўдзельнічаць у грамадскіх аб’яднаннях без пісьмовага дазволу законных прадстаўнікоў (бацькоў), ці аднаго з іх – але гэта не значыць што бацькі вырашаюць за Вас, уступаць ці не! – гэтае пытанне Вы заўсёды вырашаеце самастойна. Бацькі проста пішуць, што яны не супраць таго, што бы Вы далучыліся да таго ці іншага грамадскага аб’яднання. А калі ўжо ёсць 16 гадоў, то Вы маеце права адмовіцца ад удзелу ў любым грамадскім аб’яднанні па прычынах, названых вышэй.

Яшчэ адным дакументам, на які можна спасылацца, калі не жадаеце ўваходзіць у БРСМ – гэта статут БРСМ. Згодна з пунктам 1.3 ГА “БРСМ” ажыццяўляе сваю дзейнасць у адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, актамі заканадаўства (у тым ліку і вышэйназваным Законам) і сапраўдным Статутам. Такім чынам БРСМ не павінен прымушаць людзей далучацца. Згодна з пунктам 4.2 гэтага ж Статута – прыём у чальцы ГА “БРСМ” ажыццяўляецца агульным сходам ці кіраўнічым ворганам першаснай арганізацыі ГА “БРСМ” па пісьмовай заяве ўступаючага.

У адпаведансці з артыкулам 26 Закона РБ “Аб грамадскіх аб’яднаннях” за парушэнне Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, Закона “Аб грамадскіх аб’яднаннях”, іншах актаў заканадаўства і (ці) устаноўчых дакументаў у дачыненні да грамадскага аб’яднання могуць быць ужыты наступныя меры адказнасці:

— пісьмовае папярэджанне;
— прыпыненне дзейнасці грамадскага аб’яднання;
— ліквідацыя грамадскага аб’яднання

За законнасцю дзейнасці грамадскіх аб’яднанняў наглядаюць Генеральны пракурор (яго намеснікі) і іншыя пракуроры і асобы, якія прыроўнены да пракурора. Таму калі на Вас аказваецца ціск і Вас прымушаюць уступіць у БРСМ можна напісаць скаргу ў пракуратуру.

Адказвая на Ваша пытанне на конт навучання ў пэўнай навучальнай установе трэба зноў звярнуцца да Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, а калі дакладней, то да артыкула 49 – “Кожны мае права на адукацыю”. Рыгор Васілевіч, які раней узгадваўся піша ў сваіх каментарах да Канстытуцыі наступнае: “Забараняецца выкарыстоўваць вучэбны працэс у палітычных мэтах…”. БРСМ – даволі палітызаваная структура, таму ў гэтым выпадку можна сцьвярджаць што калі Вас прымушаюць уступіць у дадзенае аб’яднанне і ставяць ад гэтага ў залежнасць далейшае навучанне ў пэўнай установе (школа, гімназія, ліцэй, ВНУ і г.д.), то яны выкарыстоўваюць вучэбны працэс у палітычных мэтах. Вам павінны даць адукацыю, якіх бы Вы ідэй не прытрымліваліся, у чым бы не былі перакананы.

Таксама можна звярнуцца да міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Згодна з артыкулам 13 Міжнароднага пакта аб сацыяльных, эканамічных і культурных правах, які ратыфікаваны Рэспублікай Беларусь Кожны мае права на адукацыю. Частка 2 артыкула 2 вышэйназванага міжнароднага дакумента кажа нам аб тым, што дзяржавы, якія ўдзельнічаюць у дадзеным Пакце абавязуюцца гарантаваць, што права, абвешчаныя ў сапраўдным Пакце, будуць ажыццяўляць без якой бы та ні было дысурымінацыі, як-то ў адносінах расы, колера скуры, пола, мовы, рэлігі, палітыных ці іншых перакананняў, нацыянальнага ці сацыяльнага паходжання, маёмаснага становішча, нараджэння ці іншых абставінаў. Сыходзячы з гэтага, Вас не могуць адлічыць з навучальнай установы, у якой Вы зараз навучаецеся.

Я спадзяюся на тое, што было прыведзена дастаткова афіцыйных дакументаў, на якія можна абапірацца ў выпадку, калі на Вас будзе аказвацца ціск з нагоды таго, што была выказана адмова на ўступ у БРСМ.

З павагаю, Антось Назаранка

Падзяліцца:

Каментары