Пасьля 3 сутак арышту вызвалены Раман Васільеў

Пасьля 3 сутак арышту вызвалены Раман Васільеў

У мінулую сераду ў Жодзіна адбыліся чатыры затрыманьні людзей, якія гулялі ўвечары на плошчы Леніна ля ДК “БелАЗ” і адно, як бачна, мэтанакіраванае затрыманьне Рамана Васільева, які быў апрануты ў белую футболку з надпісам “Малады Фронт” і знаходзіўся на пляцоўцы ля Унівэрсаму “Цэнтральны”, па якім быў складзены пратакол аб адміністратыўным правапарушэньні.

З-за таго, што хлопец паводзіў абсалютна адэкватна й не праявіў аніякага непадпарадкаваньня пры затрыманьні “для паверкі ягонай асобы па спэцыялізаваных базах дадзеных” (як на пачатку тлумачылася міліцыянтамі), яго ў далейшым — абвінавацілі ў нецэнзурных выказваньнях. Маці Рамана, Ірына Васільева (гл. фота), ня здолела перадаць сыну, арыштаванаму на ноч да суда ў ІЧУ Жодзінскага ГАЎС, неабходныя яму там цёплыя рэчы. Іх адмовіліся перадаваць вартавыя ў ГАЎС, патлумачыўшы гэта тым, што ў ІЧУ — горача, не зважаючы на вільгаць і холад, якія бываюць ноччу нават у цёплыя дні, асабліва — на голых нарах. У выніку — з арыштантам падзяліліся коўдрай адміністратыўна арыштаваныя раней сукамэрнікі.

Затрыманьне Рамана ў Жодзіна

Суд вёў судзьдзя Самойла М.Ф., вядомы ўжо па несправядлівых прысудах. На судовым працэсе. З боку абвінаваўцаў паказаньні давалі начальнік МГП Жодзінскага ГАЎС Сяргей Сівец, які знаходзіўся ў час затрыманьня ў іншым месцы (кіраваў затрыманьнямі грамадзянаў на плошчы Леніна). Ён адзначыў, што здарэньня ня бачыў, але аддаў загад аб затрыманьні, калі атрымаў па рацыі інфармацыю з словаў прысутных ля Унівэрсаму “Цэнтральны” супрацоўнікаў міліцыі. Апошнія, служачыя ГАЎС Петрушэня й Назараў, а таксама супрацоўнік АБЭП Мураўскі — давалі ў судзе супярэчлівыя паказаньні, якія аднак былі ўзятыя судом у аснову вынесенага ім прысуду. Грамадзянскія сьведкі з боку абароны былі цалкам праігнараваныя.

Раман Васільеў зьбіраецца падаваць скаргу на пастанову Жодзінскага суда.

Уражаньнямі пасьля першай адсідкі дзеліцца сам Раман Васільеў:

“Курорт на ІЧУ разьмешчаны на ўскраіне горада Жодзіна й прапануе разьмяшчэньне ў шасьці чатырохмясцовых нумарах, з незабыўным відам на шэрую сьцяну! Вас чакае ад 3 да 15 сутак адпачынку, гасьцям ІЧУ прапануюць свае паслугі дасьведчаныя ахоўнікі-весялуны, якія палепшаць будні сваімі жартамі ды забесьпячэньнем трохразовага харчавання! Асаблівасць гэтага курорта — унікальны насьценны жывапіс.

І ўсё гэта УСЯГО за 7000 рублёў у суткі!!! Сьпяшаецеся, колькасьць свабодных месцаў абмежавана! Трапіць на гэты курорт можна з дапамогай сумленных ахоўнікаў парадку Назарава А. І., Петрушэні Г. А. і Мураўскага С. Г. ну і канешне ж намесніка начальніка жодзінскага ГУУС Сяўца С. Е., якія, нажаль, пакутуюць слыхавымі галюцынацыямі і пастаянна чуюць нецэнзурную лаянку там, дзе яе няма.”

Раман Васільеў з маці на судовым працэсе

Падзяліцца:

Каментары