Павал, з волі Божае апостал Ісуса Хрыста…

Павал, з волі Божае апостал Ісуса Хрыста…

„Павал, раб Божы, і апостал Ісуса Хрыста, па веры выбраных Божых і спазнаньня ісьціны, што вядзе да пабожнасьці, у надзеі на вечнае жыцьцё, якое абяцаў нязьменны ў слове Бог за часу спрадвечнага…“ (Цiта 1:1-2)

Павал, пасланец Ісуса Хрыста, памазаны Ім дзеля пашырэньня Слова Божага й Божага царства сярод язычнікаў, вязень дзеля Хрыста, які нават у вязьніцы, калі быў катаваны й усцісканы, не спыніў прапаведаваць і пісаць пасланьні. Мудры інтэлектуал, чалавек вялікага ўплыву, які сустракаўся з валадарамі тых часоў, які прыкладам свайго жыцьця, сваім аўтарытэтам, адукаванасьцю, мудрасьцю, падыходам да людзей, грунтоўнасьцю, вернасьцю, самаахвярнасьцю, пакорлівасьцю й пакутніцтвам натхніў шматлікіх і многія, дзякуючы ягонаму жыцьцю і служэньню, зьвярнуліся на шлях веры.

Узор дасканалага слугі Божага. Ды што мае біблейскі Павал супольнага з цяперашняй Беларусьсю?

Калі чытаю аповеды аб Паўле з Новага Запавету, перад вачыма паўстае вобраз і іншага Паўла. Так, габрэйскі Павал з Новага Запавету як бы зноў ажываў у беларускім Паўле 21 стагодзьдзя!

“Такі той чорны” – гэтакім запамятала Паўла Севярынца мая сяброўка. Чарнавалосы, цёмнавокі, з чорнымі вусікамі – проста “чорны”. З праніклівым, але прыязным поглядам, прапаведуе Хрыста ў час і ня ў час – кожным сваім словам, кожным учынкам, кожным лістом, кожным артыкулам. У яго душы гарыць нязгасны зьніч, перад сабою мае немалую мэту: хоча бачыць сваю любімую Беларусь запаленую любоўю да Хрыста, свой дарагі народ — ператвораны моцай Евангельля, дзяржаўную палітыку сваёй краіны — заснаваную на законах Боскіх.

Ціхі й нясьмелы з першага погляду – энэргічны й рашучы з другога.

Рамантычны й летуценны ў сваёй творчасьці – прагматычны й рэалістычны ў сваіх выступах.

Пакорны й богабоязны ў сваіх думках – сьмелы й не баіцца людзей у сваіх дзеяньнях.

Адукаваны й вучоны паводле дыпломаў – просты й нармальны ў паўсядзённым жыцьці.

Лагодны й прыязны як ягня па сваёй сутнасьці – неўляклівы й як леў рыкаючы, калі трэба змагацца.

Усьмешлівы й зьзяючы на ўсіх фотаздымках – грымлівы й палымяны на палітычных мітынгах.

Уцісканы й перасьледаваны за свае перакананьні – даруючы й дабраслаўляючы па сваіх перакананьнях.

Пазытыўны, вельмі пазытыўны пры любых абставінах.
Такім зьяўляецца беларускі сьвяты Павал.

Як сучасны апостал Хрыста, беларускі Павал нязьменна ідзе па сьлядах свайго на дзьве тысячы гадоў старэйшага біблейскага цёзкі. Ды і ў яго прозьвішчы захоўваецца знакамітае сьведчаньне: “Се, верынец”! Вось, чалавек з краіны веры, пасланьнік з Царства Божага на зямлі!

Як гэта, што большая частка народа, хай яны веруючыя людзі ці няверуючыя, атаясамлівае будучыню Беларусі менавіта зь імем “апостала Паўла”? Ці мае рацыю Севярынец, калі ў сваёй геніяльнай кнізе “Люблю Беларусь” неаднаразова сьцьвярджае, што беларусы маюць веру ў Хрыста закладзеную ў генетычным кодзе й ўсе да Бога імкнуцца, ці ўсьведамляюць гэта ці не? Гледзячы на папулярнасьць і аўтарытэт, якія малады палітык, што ў сваіх палітычных выступах стала заклікае народ да пакаяньня і вяртаньня да Хрыста, мае, здаецца, што ў гэтым нешта ёсьць. Праўда такая, што Павал Севярынец адносіцца да найздольнейшых палітыкаў сучаснай Беларусі. Ён ведае як карыстацца словам – пісьмовым і вусным, таму яго разумныя, поўна-зьмястоўныя выступы, прамоўленыя на бліскучай беларускай мове, здатныя зацікавіць аўдыторыю з самых розных грамадскіх слаёў. Як пісьменьнік ён уваходзіць у лік любімых аўтараў і яго літаратурная творчасьць неаднаразова прынесла яму шматлікія ўзнагароды. Прызнаньне й павагу ў грамадстве атрымалі і Паўлавы паводзіны падчас суду пасьля апошніх прэзыдэнцкіх выбараў і наступнага асуджэньня да трох гадоў “хіміі”.

Ці сапраўды Павал Севярынец калісьці будзе мець магчымасьць прыняць удзел ва ўстанаўленьні панаваньня Ісуса Хрыста ў Беларусі, пакажа будучыня. Але можам быць цалкам упэўненымі ў тым, што “чорны” апостал Павал ужо сёньня адносіцца да самых сьветлых асобаў цяперашняй Беларусі.

Дарэчы – нават і ў гэтым гісторыя паўтараецца. Беларусь жа ўжо аднаго памазанага “Чорнага” ў сваёй гісторыі мела.

Светлана Вранова, 25.1.2012
(паправы беларускай Адась Калюта, Аляксей Шэйн)

Падзяліцца:

Каментары

  1. Аркона (Nov 11, 2012:12:47)Адказаць

    Вельмі трапна назвалі чэхі Севярынца: “ЧОРНЫ АПОСТАЛ”. Не адняць, ні прыбавіць. Чэшскі гумар квітнее.
    З”Люблю Беларусь” П. Севярынца” :”1000 гадоў беларускай гісторыі можна з поўным правам назваць тысячагодзьдзем Бібліі”. ТАК, 1000 год — крыві, насільля -ад перш за ўсё ХРЫШЧОНЫХ “брацікаў”: палякаў і маскалёў. Рэалізацыя “Не забі!”.
    “Ізраіль” перакладаецца “Няхай пануе Бог!” У ПАШКІ, як бачна Ізраіль = Бог. “Роднасьць Беларусі й Ізраілю дасягае біблійнага ўзроўню”. “Беларускі белы сьцяг з Крывёю Хрыста /???/мае сваім папярэднікам ізраільскі сьцяг зь нябёснага колеру зоркай Давіда”. Далей нават цытаваць ГІДКА!!!!
    Як бачна з фактаў кнігі, ГАЛОЎНАЯ ІДЭЯ КНІГІ Севярынца: БЕЛАРУСЬ- ГЭТА ІЗРАІЛЬ. Сказаў адкрыта. Вось за гэта ДЗЯКУЙ.