“Перамены пачнуцца зь Берасьця”

11.07.2011:17:32
0
1 423
Рэгіёны
“Перамены пачнуцца зь Берасьця”

Маладафронтавец Яўген Скрабец абскарджвае супрацьпраўныя дзеяньні берасьцейскіх спэцслужбаў падчас ператрусаў.

У панядзелак берасьцейскія маладафронтаўцы плянуюць правесьці прэс-канфэрэнцыю з нагоды ціску на мясцовых грамадзкіх актывістаў. Пра гэта прэс-службе МФ паведаміў Яўген Скрабец. Маладзён зьбіраецца падаваць скаргу на дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі падчас ператрусу.

6 ліпеня на кватэры маладафронтаўца адбыўся вобшук. За дзень да гэтага, 5 ліпеня ператрус адбыўся на кватэры Сяргея Алексеевіча, Яўген Скрабец у той дзень дзьверы невядомым асобам не адчыніў. Маладзёны зьяўляюцца адміністратарамі групы “Рэвалюцыі праз сацыяльныя сеткі” ЎКантакце.

Ператрусы ладзіліся ў межах крымінальнай справы аб так званым падпале Дома правасудзьдзя 15 траўня ў Менску. Кватэру Яўгена абшуквалі з 9 да 10 раніцы ўчастковы міліцыянт разам з таемным супрацоўнікам у цывільным. У хлапцоў канфіскавалі кампутары, электронныя носьбіты інфармацыі, дакуманты й візытоўкі.

Нагадаем, напярэдадні 3 ліпеня міліцыянты заблякавалі Яўгена Скрабца ў кватэры. Спрабавалі блякаваць шаснаццацігадовага Сяргея Алексеівіча, але юнак здолеў уцячы й яго затрымалі на плошчы Леніна.

3 ліпеня ў межах гэтай жа справы адбыўся ператрус у архітэктара Ігара Мікалаева, у чэрвені — берасьцейскага актывіста Івана Стасюка.

Актывісты лічаць крымінальную справу аб падпале Дома правасудзьдзя толькі нагодаю для вобшукаў і выманьня кампутарнай тэхнікі.

“Мяркую што гэтыя явобшукі й канфіскацыя тэхнікі накіравана на запужваньне берасьцейскіх актывістаў. Але спыняць сваю дзейнасьці мы ні ў якім разе не зьбіраемся. Перамены пачнуцца зь Берасьця,” — камэнтуе Яўген Скрабец.

Кіраўнік праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Беляцкі лічыць ціск на берасьцейскіх актывістаў непрыхаваным палітычным перасьледам. “Відавочна, што яны ня маюць аніякага дачыненьня да гэтага падпалу. Гэта за вушы прыцягнутыя аргумэнты. Няма аніякага складу злачынства. Гэта чыстае палітычнае прасьледаваньне,” — пракамэнтаваў Алесь Бяляцкі.

Падзяліцца:

Каментары