Перазагрузка: Пошта МФ. Раскрываем таямніцы

Перазагрузка: Пошта МФ. Раскрываем таямніцы

У той час, як кіраўнік дзяржавы высьвятляе ці ёсьць яйцы ў Ангелы Меркель ды іншых эўрапейскіх лідэраў, мы ня будзем далёка хадзіць, зьвернемся да нашых унутраных справаў і рэанімуем рубрыку “Паштовая скрыня”.

Ці мо лепей яе назваць “Нам пішуць”. У любым разе артыкулы з гэтага падзелу дасяжныя і будуць папаўняцца пад тэгам mfront.net/tag/SKRYNIA.

Насамрэч, на пошту Маладога Фронту прыходзіць досыць шмат лістоў. Цікавых, часам сьмешных, часам сур’ёзных. Хтосьці просіць амэрыканскую візу, кажучы, што быў у МФ, МБНФ, РЗС і ва ўсіх франтах з 1941 году. Нехта дасылае лірычныя ці камічныя вершы. Вельмі добрыя часам. Іншыя — на чысьцюкай расейскай мове даводзяць сваю прыхільнасьць да беларускага нацыяналізму. А нядаўна баўгарскія пэнсіянэры абаранялі Леніна 😀

Няшмат сэнсу, калі гэтыя лісты чытае толькі дзесятак чалавекаў зь ліку прэс-службы МФ. Мяркуем, будзе больш плёну, калі мы будзем дзяліцца імі з чытачамі сайту. Мо й зваротная сувязь тады будзе лепей.

Будзем выкладаць тэксты тых лістоў, каторыя можна публікаваць. Без агалоскі асабістых дадзеных. І, спадзяемся, вы, дарагія нашыя чытачы, ацэніце іх ды выкажыцеся ў камэнтарох. Мы ў сваю чару будзем імкнуцца не пісаць пра ліст ці яго аўтара занадта дрэнна альбо дужа добра.

Ліставаньне, каторае тычыцца справаў ці актывістаў, выкладаць, вядома, ня будзем. Публікуем толькі вершы, меркаваньні, публічныя пытаньні і гд нашых наведвальнікаў сайту.

“Паштовая скрыня” — рубрыка шматгранная зьмяшчае шмат тэмаў, будзем брацца то за масла, то за яйкі. Дарэчы, што тычыцца Лукашэнкі, то яго турбаваць асабліва ня будзем, калі яно ўжо так заняты на мінародным узроўні вывучэньнем гендэрных пытаньняў. Хіба што 19 сьнежня з 19 да 20 гадзіны прыцягнем ізноў яго ўвагу. Сапраўды, няшмат лістоў з нашае пошты тычыцца Рыгоравіча.

Першы артыкул ў рубрыцы пасьля перазагрузкі будзе праз некалькі гадзінаў. Сачыце за навінамі! 🙂

 

P.S. Калі што, нашая скрыня: press.mfront@gmail.com. Пішыце, будзем рады. 🙂

Падзяліцца:

Каментары