Песьня ды з разынкаю ад Макса Лорэнса (слухаць)

Песьня ды з разынкаю ад Макса Лорэнса (слухаць)

Папулярны R&B выканаўца, якога параўноўваюць з Тымбэрлейкам і Sisqo, упершыню ў сваёй сольнай кар’еры засьпяваў па-беларуску. Для праекту «Будзьма! Тузін.Перазагрузка-2» Макс Лорэнс выканаў песьню «Зрывае дах» — беларускую вэрсію свайго дэбютнага сынгла «Схожу с ума», які прынёс яму шырокую вядомасьць у Расеі ды Ўкраіне. Аўтарам беларускага тэкста выступіў паэт Глеб Лабадзенка.

«Рэдка здараецца момант, калі можна зрабіць нешта новае ў тым месцы, дзе ты не чакаеш. Як, напрыклад, зрабіць наноў сваю песьню, якая, здавалася бы, ужо была пройдзеным этапам. А тут раптам зьявілася магчымасьць яе пераасэнсаваць! Канечне я толькі за!», — адказаў Макс на прапанову перазапісаць па-беларуску свой першы сынгл – песьню «Схожу с ума», якая прынесла яму шырокую вядомасьць ва Ўкраіне і Расеі.

Сцэнічная кар’ера гомельскага хлопчыка Максіма Сапацькова пачалася яшчэ з конкурсаў «Усе мы родам зь дзяцінства» і «Зорная ростань». У 20 год, ужо як саліст аркестра Гомельскай абласной філярмоніі ён скарыў «Славянскі базар», але неўзабаве з эстрады сыйшоў. Выканаўца ўзяў творчы псэўданім Макс Лорэнс і пачаў супрацу зь Сярогам, зь якім і выправіўся скараць расейскі шоў-бізнэс. Разам яны запісалі парачку песень, якія сталі мэгагітамі, як «Возле дома твоего» і «Лебединая» з саўндтрэку да стужкі «Бой с тенью». У 2008 годзе Макс актыўна заняўся сольнай кар’ерай, трапіў у фінал расейскага адбору на «Эўравізію», стаў адным з самых запатрабаваных артыстаў у начных клюбах Масквы і Кіева, агучыў адну з роляў дыснэеўскага мюзыкла «High School Musical-2». Макса тады часта называлі расейскім Тымбэрлейкам за яго манеру выкананьня і стыль, а на «Новой волне-2009» у Юрмале ён атрымаў тытул «Самага сэксуальнага ўдзельніка конкурсу». Сам выканаўца кажа, што арыентыр у падачы ды аранжыроўках мусіць быць заўжды на заходні ўзор, але вось выконваць песьні варта на славянскіх мовах.

Макс хоць і перабраўся на стала ў Маскву, кажа, што лічыць гэты горад ня больш чым месцам працы. «Я проста пераязджаю з аднаго месца ў другое і жыву там, дзе можна рэалізаваць свае пляны. Але пры гэтым я заўжды пачуваю сябе беларусам і з гонарам заяўляю ў той жа Маскве, што я – беларус. І прыехаў сюды з горада Гомеля». Выканаўца пэўны, што беларуская музыка можа загучаць на камэрцыйных FM-станцыях Масквы і гатовы прыкласьці да гэтага свае намаганьні: «Мяркую, што магчыма прабіць эфір з беларускамоўнай кампазыцыяй, хоць раскруціць кампазіцыю няпроста. Калі будзе песенька ды з разынкаю, якая можа быць ў тэксьце, у гісторыі, у гучаньні, дык можна паспрабаваць. Перад намі ж ёсьць сьветлы прыклад гурта “Океан Эльзі”».

Для праекту «Будзьма! Тузін.Перазагрузка-2» Лорэнс выканаў песьню «Зрывае дах» — беларускую вэрсію свайго сынгла, што ўвайшоў у дэбютны дыск «Танцы под луной», запісаны ў Нямеччыне. Трэк гэты заўважна адрозьніваецца ад яго іншых кампазыцый, найперш вельмі хуткім рэчытатывам на манер амэрыканскага R&B выканаўцы Sisqo. На беларускую мову гэты твор пераасэнсаваў паэт Глеб Лабадзенка: «Працаваць з Максам было надзвычай лёгка, бо ён адчувае беларускае слова, арганічна ўспрымае яго. Напрыклад, калі мы працавалі над прыпевам, я па прыколу прапанаваў варыянт “Паехаў дах, мне паехаў дах…”. Аднак Макс прыкол злавіў!.. У выніку спыніліся на варыянце, больш падыходзячым для мачо – “зрывае дах”… Яшчэ мяне ўразіла, што ў студыі Макс абсалютна без падказак усё чыста правільна засьпяваў па-беларуску! Сапраўдны беларус!».

«На беларускай мове гэтая песьня нарадзілася наноў. Працаваць над ёй было надзвычай цікава і…няпроста. Цяжкасьцяў з выкананьнем па-беларуску ніколі ня меў, але тут язык заплятаўся, бо надта высокі тэмп чытаньня, досыць цяжка давалася», — прызнаецца Макс.

Сьпявак кажа, што яго надта ўсьцешыў беларускі тэкст ягонай кампазыцыі: «Мова наша багатая, у ёй вельмі шмат словаў трапляецца, якія раней нават сустракаць не даводзілася. Настолькі мяккі тэкст, што нязвыкла пасьля расейскай. Па выніку мушу сказаць, што для сьпеваў беларуская пасуе куды лепш за расейскую».

Цяпер Макс Лорэнс хоча адысьці ад стылістыкі клюбнага R&B і рыхтуе праграму ў рэчышчы дыска-фанку а-ля Jamiraquai. Але «Зрывае дах», як адна з самых удалых яго песень, застанецца ў рэпертуары выканаўцы і надалей.

Сяргей Будкін, Тузін Гітоў ,
budzma.org

Макс Лорэнс – Зрывае дах (муз. і сл. выканаўцы, бел.тэкст – Глеб Лабадзенка)
Слухаць:

[audio:http://mfront.net/max.lorenc-zryvaje.dach.mp3|loop=yes]

Ізноўку да цябе гарады,
Зноўку падзяляюць нас назаўжды дарогі і вагні
І няма цябе як вады
Дачакаюся сустрэчы тады калі ня будзеш маніць

Цяжка разам быць – гэта факт,
Ды іначай быць ня можа ніяк
Зьмірыўся з гэтым я
І не зразумець: як жа так?
Уздымаю над сабой белы сьцяг – і перамога твая

Кожную ноч, кожны дзень
Анёлам у вачах ёсьць толькі ты
Прэч лісты у календара, адчуваю я сьвядомасьці брак
У гульні я гэтай застыў.

Можа ўсё скасаваць, забываць спрабаваць
Вось толькі я ня помню як
Не магу сябе пільнаваць, зноўку боль мяне спрабуе зьнішчаць
Нашто са мною ты так

Зрывае дах
Мне зрывае дах
Як сплываеш ты
На сямі вятрах

Кружыцца мая галава,
Сам сябе я пачынаю злаваць, тым часам думкі паліць
Давай завершым гэту гульню
Здаецца што адзін наяве я сьню
Калі ня хочацца сьніць

Не ўцячы, замораны я
З табой разам атрымалі мы знак нічога не казаць
Але губляюся, што рабіць
Бо далібог не змагу адпусьціць
А ты мяне не кахаць

Падзяліцца:

Каментары