«Плошча» спаткання

«Плошча» спаткання

Гэту гісторыю ніколі не знойдзеш у папулярных брашурах з мяккай вокладкай, што ў вялікай колькасці прадаюцца на вакзалах пад кодавым брэндам Love Story…

«Па жыцці я ішоў з элегантным шыкам. Матэмачны клас адзінай гімназіі майго маленькага горада, залаты медаль, прэстыжны факультэт сталічнай ВНУ. Я ніколі не прыкладаў асаблівых намаганняў, таму што ўсё мне давалася лёгка. Навуковымі дысцыплінамі я авалодваў надзвычай хутка, дарэчы, як і дзяўчатамі. Належным тэмпам плыло мае жыццё, і хутка скончыўся першы курс: час ад часу наведванне заняткаў, піва на Цэнтральным, ноч у чужым ложку… І зноў круціцца гэтае кола, камбінуючы нешматлікія варыянты.

Як я мог трапіць на Акадэмію навук у той вырашальны дзеля мяне дзень 25 сакавіка? Зараз я называю гэта лёсам, таму што не знаходжу аніводнай аб’ектыўнай прычыны. Некалькі соцен людзей рознага ўзросту і сацыяльнай прыналежнасці, беларуская мова і незнаёмая мне дагэтуль сімволіка. Гэты фэст зацікавіў мяне з правінцыяльнага пункту гледжання. І я, стоячы напрыканцы натоўпу, пачаў пільна ўзірацца. Я нават і не пачуў, як побач са мною нейкі хлопец лаяўся з міліцыянтам, але добра адчуў, як мяне, разам з тым хлопцам, цягнуць лапы АМАПу.

Далей падзеі разгортваліся, як у трывожным сне. Ачуўся я ўжо на перавулку Ахрэсціна пасля трох сутак арышту і з адміністрацыйнай пастановай на штраф. За што?! Незнаёмы мужчынскі голас з мабільніка просіць прабачэння і прапануе сустрэцца. Адказваю: «Не варта прасіць прабачэння, ты не вінаваты. Сустрэцца?.. Ну, калі дапамагчы са штрафам, то давай… » А з трубкі ўсё плылі бясконцыя словы па-беларуску, на хвалях якіх я амаль нічога не разумеў. Першая наша сустрэча мела нейкі эклектычны характар.

Я прыйшоў у назначанае месца і з паўгадзіны паліў каля пад’езду. Хутка сталі збірацца маладыя людзі, якіх я ўжо без усялякай цяжкасці мог бы вылучыць з натоўпу і па інтанацыі, і па сімволіцы, і па бляску ў вачах. Я аўтаматычна пацягнуўся да іх… Так я трапіў у Малады Фронт. А праз год стаў каардынатарам працы па Мінску.

25 сакавіка наступнага году. Як яна там апынулася? Што, наогул, такая дзяўчына робіць у апазіцыі? Свежая фрызура, далікатнае легкае футра, абцасы, а галоўнае – позірк…

Такія вочы немагчыма забыць, зазірнуўшы ў іх аднойчы, такія вочы бываюць у дзіцяці, які атрымаў самы жаданы падарунак, такія вочы прагнуць жыцця ва ўсіх мажлівах яго постацях. Я не змог яе забыцца, шукаў яе па ўсіх Мінскіх суполках, прагледзеў усе мажлівыя акаунты ў сацыяльных сецівах, распытваў у сяброў і ў сябраў сяброў…

Падарунак чакаў мяне 24 лістапада ў выглядзе вельмі канкрэтна акрэсленых межаў акцыі «Сыходзь». Я неяк і не заўважыў, што яна ўвесь час ішла побач і разам з намі несла вынік нашай учорашняй працы – доўгую расцяжку з надпісам «Саша, сыходзь!». Але я так і не змог да яе падыйсці. Неяк адначасова адыйшлі ў нібыт усе мае здольнасці прывабліваць дзяўчат. Я зусім не быў ўпэўнены ў станоўчым выніку нашага знаёмства і ўпершыню разгубіўся.

І пачаўся бясконцы пошук, не ведаю па якому ўжо колу, але мае дзеянні мелі фундаментальную мэтанакіраванасць – мне неабходна яе знайсці. А знайшлася яна сама.

Трэба сказаць, што яе з’яўленне на гэты раз было даволі прадказальным: на «Народным сходзе» каля чыгуначнага вакзалу, які праводзілі Някляеў з Саннікавым. Я стаяў у ахове і проста не змог не прапусціць яе да сцэны. А яна танчыла і падпявала Вайцюшкевічу. І сцюдзёны снежаньскі вечар поўніўся жыццёсцвярджальнымі нотамі , і ,здавалася, усе нашыя лозунгі – такія дасканалыя і адмысловыя. А мары, вядома, ператворацца ў выдатную рэчаіснасць.

Я паспеў даведацца, што яна з Гродна, што вучыцца і што нічога не баіцца, таму што гэта так натуральна дзеля чалавека. Ранак, пасля жудаснай ночы, праведзенай у скайпе, прынес мне фантастычны бонус – яе мабільны нумар і адрас паштовай скрыні. І хто толькі сказаў, што нельга закахацца праз тэлефонныя размовы і інтэрнэт-перапіску? Тым не менш, наперадзе была апошняя перашкода перад ажыццяўленнем нашай сустрэчы – «Плошча».

Я прасіў, каб яна не ехала, я намагаўся запэўніць, што я буду там за нас дваіх. Мне было вельмі трывожна за яе. Але, хіба можна ўтрымаць неўтаймаваную нацыянальную годнасць, якая б’ецца ў пошуку выйсця? На «Плошчы» я убачыў яе толькі каля Дому ўраду, на самых прыступках, і паспеў закрыць сабою ад дубінак АМАПу. Выцягнуў з натоўпу і пацягнуў дварамі. Толькі каб аберагчы…

Але к таму часу я ўжо паспеў здзейсніць учынак, аб якім ніколі не пашкадую, тым не менш, які перакрэсліў мне жыццё: у апошнім маім лісце да яе я напісаў, што не трэба было мне верыць, што я файна нагуляўся…

Зараз, калі я знаходжуся на лаве падсудных, вырашыў ёй прызнацца ў сваёй хлусні. Спадзяюся, што гэта хоць як небудзь паўдзейнічае на размеркавальнікаў лёсу і пераканае шалі справядлівасці на мой бок. Мяне грызе сумленне, што я яе адшукаў і што мне прыйшлося так жорстка з ёю развітацца. Але я не хачу, каб яна плакала, чакаючы мяне з турмы і не ведаю, якім чалавекам я адтуль выйду. Няхай лепей ненавідзіць, чым ламае сваё жыццё. Ужо другі тыдзень мяне судзяць. Я абвінавачаны ў актыўным удзеле ў масавых беспарадках».

Запісана з асабістых размоў і лістоў ад Уладзя Яроменкі.

Падзяліцца:

Каментары