Подпісы, спаленая кухня і рабочы інструмант

Подпісы, спаленая кухня і рабочы інструмант

Ставім мы значыцца шафу ў Шабанах. Званок у дзьверы. На пляцоўку, трымаючы дзіцёнка на руках, выходзіць гаспадыня, а ёй насустрач вясёлы малады дзядзька ў белай кашулі.

 

– Здраўствуйце, мы тут подпісі сабіраем, – кажа ён набліжаючыся да кватэры.
– Якія такія подпісы?
– Подпісы за дзействуюшчага прэзідзента, за Аляксанда Рыгоравіча.
– Вой… ну я ня ведаю… у нас тут дзеці, – разгубленга мармыча мамка, адной рукой прыкрываючы дзіцёнку тварык, інстынктыўна ,відаць, абараняючы яго ад ворага.
– Ну харашо-харашо, я віжу вам тут ніўдобна з дзецьмі, ізвініце, пайду вышэй, – добразычліва апраўдваецца дзядзька і спрабуе ўжо развярнуцца, але тут з-за дзвярэй, з малатком у руках (па звычцы сваёй перадвыбарчай рабочы інструмант цягаю заўсёды з сабою) вынырваю і я.
– Ух ты, подпісі сабіраеце! – каб не спужаць таварыша пераходжу на трэцюю дзяржаўную і сам. – А мне вот інцірэсна, па поклічу сэрца збіраеце ці праца такая?
– Ну как вам сказаць, – пачынае круціць галавою адэпт манархіі. – Я вот шчытаю, што на сіводняшні дзень Аляксандра Рыгоравіча няма на каво міняць.
– Ну, я можа быць тожа счытаю, што срадзі тых, хто выстаўляецца, мяняць яго няма на каво. Але мне ўсё ж інцірэсна, па зову серца вы збіраеце ці работа ў вас такая?
– Ну какому зову серца? – ізноў круціць галавою дзядзька. – Вось вы шкаф робіце і гэта ваша работа, так?
– Так.
– Ну во, і я на рабоце, гэта мая праца такая, – апраўдваецца прыхільнік пятай пяцігодкі і шчэ нешта мармычучы прыязна развітваецца.
Канешне, я не супраць працоўнага класа. Толькі вось самае незразумелае ў тым палягае, хто гэтую працу аплочвае? А аплочваю яе я, як і сотні тысяч тысяч паслухмяных падаткаплацельшчыкаў Беларусі. А нас запытваў хто-небудзь, ці жадаем мы плаціць за работку такую? Ясная справа, нас ніхто не запытваў: падаткаплацельшчыкі ставяць шафы, збіраюць збожжа на палетках, выпускаюць газэты – і ўсе разам скідваюцца на працу сотняў тысяч дармаедаў пры пасадах, праца якіх “збіраць подпісы за дзейсвуюшчага”.
Аднак што вы думаеце, душашчыпацельная гісторыя на гэтым не скончылася.
Праз хвілін пятнаццаць на пляцошку нашую забягае дзябёлая маладая дзеўка баскетбольнага росту.
– Вой, ізвяніце, вы можаце даць мне тэлефон пазваніць: у мяне захлопнулася дзвер, а з вакна ўжо дым ідзе!
– Ну канечна-канечна, – дастаю я сотавы, – набірайце.
– Алё, Лізачка, ты кагда будзеш, міленькая? Праз пяць хвілін? Ну, у міня ўжо дым з вакна ідзёць, – дрыжачым голасам мармыча кабета і вяртаючы мне тэлефон выбярае з пляцоўкі.
Праз пяць хвілін дзверы пляцоўкі ізноў ляскаюць аб сцену, забягае тая ж кабета і кідаеццца да нас з напарнікам:
– Вой, ізвяніце, а вы маглі б выбіць мне дзверы?
Мы з напарнікам пераглялаемся.
– Ну, трэба дык трэба, – гаворыць напарнік. – А вы дзе жывяцё?
– Этажом выша, – адказвае шжо зусім перапужаная дзеўка, калі яны ўдвох ужо падбягаюць да выхаду.

 

У гэты момант я раблю ход канём: дастаю са скрыні свой найлюбімейшы перадвыбарчы рабочы інструмант – манціровачку – і імчу на верхні паверх таксама.
Там ўжо лупіць нагою ў дзверы напарнік, а гаспадыня ў гэты момант галосіць.
– Ёечкі, гэта ўсё подпісы гэныя! Каб яго халера ўзяла! Ніколі больш не падпішуся за Лукашэнку! А-ёечкі, поскудзі гэткія, рабіць ім няма чаго, як па кватэрах шляцца!

 
Я не звяртаючы асаблівай ўвагі на галашэнні па спаленай кухні і ўгробленых дзвярах, спрактыкаваным рухам рукі ўсмажваю фомку ў шчліну, накладваюся грудзьмі, а напарнік смажыць з разгону ў дзьвер – і яна з трэскам выламваецца. Кабета ўсё шчэ галосячы “поскудзі!”, “Лукашэнка!”, “подпісы!” забягае ў хату.

 
І толькі тут да нас даходзіць сэнс усёй гэтай трагі-камедыі, у якой пераблыталіся подпісы, праца на “дзействуюшчага” і спаленая кухня. І калі да нас дайшло, надрывалі пуза мы доўга. А я чарговы раз пераканаўся ў тым, што зразумела мне было даўно: патрыёт, пад час выбараў не выпускай з рук рабочы інструмант! Будзь на варце міру і спакою сваёй Бацькаўшчыны!

Зьміцер Дашкевіч

Падзяліцца:

Каментары