Польскі суддзя і пракурор лічаць беларускія суды справядлівымі

Польскі суддзя і пракурор лічаць беларускія суды справядлівымі

Таксама яны не лічаць, што спецслужбы Беларусі прымяняюць катаванні і псіхалагічны прымус.

Суддзя акруговага суду ў Беластоку Шчэсны Шыманскі і падляшскі акруговы пракурор Андрэй Сліўскі заявілі, што беларускае правасуддзе гарантуе надзейнасць судовага працэсу. Адбылося гэта 5 ліпеня падчас суда над беларускім палітуцекачом Андрэем Жукаўцом. Па словах Жукаўца, пракурор і суддзя збіраюцца супрацоўнічаць са спецслужбамі Беларусі ў разглядзе яго судовай справы. А гэта з’яўляецца парушэннем закону. 

Жукавец: “Суддзя Шыманскі прыйшоў да высновы, што беларускі суд гарантуе надзейнасць судовага працэсу і выказаў гатовасць да супрацоўніцтва з беларускімі спецслужбамі і судамі. У сваёй пастанове ён, у прыватнасці, адзначыў, што няма ніякіх доказаў таго, што ў Беларусі ў адносінах да сведкаў і падазраваных прымяняюцца катаванні і псіхалагічны прымус. Таксама са словаў суддзі вынікае, што справаздачы міжнародных арганізацый па правах чалавека не ўказваюць на тое, што ў Беларусі прымяняюцца псіхалагічныя і фізічныя катаванні. Такую ж пазіцыю заняў пракурор Сліўскі, які мае дачыненне да фальсіфікацыі доказаў супраць мяне”.

Нагадаем, што прадпрымальнік і былы маладафронтавец Андрэй Жукавец у Беларусі матэрыяльна падтрымліваў “Малады фронт”, праваабаронцаў, апазіцыю. Быў затрыманы на Чарнобыльскім шляху ў 1996 годзе. Пасля гэтага на яго пачалі крымінальную справу, абвінаваціўшы ў махлярстве пры атрыманні амаль 700 тысяч долараў крэдыту ў двух беларускіх банках.

У 1999 годзе Жукавец з’ехаў з Беларусі і папрасіў палітычны прытулак у Польшчы. Але пераслед не спыніўся. Суд над ім у Польшчы цягнецца амаль 10 гадоў. Жукаўца ў 2001 годзе нават арыштавалі ў Польшчы і вызвалілі толькі пасля ўмяшання тагачаснага генпракурора Леха Качыньскага.

У 2009 годзе выявілася, што перакладчыкі фальсіфікавалі дакументы, калі перакладалі на польскую мову банкаўскія дакументы з Беларусі па судовай справе супраць Жукаўца.

http://euroradio.fm

Падзяліцца:

Каментары