Пра зачыстку перад ЧС

Пра зачыстку перад ЧС

28 траўня, пасля 20 сутак зняволення з ізалятара часовага ўтрымання (ІЧУ) Слонімскага райаддзела міліцыі выйшаў на волю 23-гадовы актывіст грамадскага руху “Малады фронт” (зарэгістраваны ў Чэхіі) Зміцер Юшкевіч.

У Слоніме работнікі праваахоўных органаў затрымалі Зміцера 8 траўня ў двары дома, дзе пражывае яго маці. Пасля яго абвінавацілі ў адміністрацыйным правапарушэнні, за якое суд пакараў яго 20 суткамі арышту.

Чаму малады чалавек быў змешчаны на 20 сутак за краты і як яму сядзелася ў слонімскім ізалятары, мы пацікавіліся ў Зміцера пасля яго выхаду на волю.

3

— Зміцер, раскажы, калі ласка, што адбылося 8 траўня?

— Напярэдадні чэмпіянату свету па хакеі па ўсёй Беларусі пачалі беспадстаўна затрымліваць і садзіць на суткі актывістаў нашай і іншых арганізацыяў. Улады, мусіць, асцерагаліся таго, што грамадскія актывісты падчас чэмпіянату па хакеі могуць арганізаваць акцыі пратэсту з пэўнымі палітычнымі альбо іншымі патрабаваннямі, таму, мяркую, і праводзіліся гэтыя затрыманні. Каб мяне прэвентыўна не арыштавалі на час правядзення чэмпіянату, вырашыў з’ехаць з Мінска да сваёй маці ў Слонім. 8 траўня, недзе апоўдні, я з хаты пайшоў выносіць смецце. Калі вярнуўся, у двары дома мяне ўжо чакалі пяць чалавек у цывільным і адзін у міліцэйскай форме. Яны не назваліся, адразу пасадзілі мяне ў службовы аўтамабіль і павезлі ў мясцовы РАУС. Нават не далі мне зайсці ў хату і пераапрануцца. Маё затрыманне адбывалася пры некалькіх сведках, якія могуць пацвердзіць, што ніякіх супрацьпраўных дзеянняў я не рабіў.

У міліцыі супрацоўнік КДБ даў указанне міліцыянерам аформіць на мяне два адміністрацыйныя пратаколы па арт. 17.1 і арт. 23.4 Адміністрацыйнага кодэкса. Мяне абвінавацілі ў дробным хуліганстве і непадпарадкаванні законнаму распараджэнню або патрабаванню службовай асобы. У першым адміністрацыйным пратаколе было напісана, што «8 траўня 2014 года ў 12 гадзін 10 мінут Юшкевіч Зміцер Юр’евіч, знаходзячыся на прыпынку грамадскага транспарту каля крамы «Пралеска» па вул. Падлеснай г.Слоніма, груба лаяўся, на неаднаразовыя заўвагі не рэагаваў». У другім пратаколе сказана, што «8 траўня 2014 года ў 12 гадзін 10 хвілін, знаходзячыся ў тым жа месцы, пры затрыманні за здзяйсненне дробнага хуліганства адмовіўся садзіцца ў службовы аўтамабіль для дастаўлення ў Слонімскі РАУС для разбіральніцтва, упіраўся, размахваў рукамі, крычаў».

Калі пратаколы склалі, мяне павезлі ў суд. У судзе адзін з супрацоўнікаў КДБ, які прысутнічаў пры маім затрыманні, правёў гутарку з суддзёй, які павінен быў разглядаць маю справу. У судзе ў якасці сведак выступалі толькі два міліцыянты, якія блыталіся ў паказаннях. Але, нягледзячы на гэта і на тое, што я сваю віну не прызнаў, бо затрымалі мяне незаконна, суддзя прысудзіў мне 20 сутак арышту.

— У якіх умовах ты адбываў 20 сутак арышту?

— Калі мяне прывезлі ў ізалятар часовага ўтрымання, то далі магчымасць выбраць, у якой камеры сядзець. Першыя 14 сутак я сядзеў адзін у камеры, разлічанай на два чалавекі, астатнія шэсць сутак даседжваў у васьмімясцовай камеры з іншымі адміністрацыйна пакаранымі. Два разы на дзень у ІЧУ праводзіўся асабісты вобшук і вобшук камеры.

У першы дзень мне выдалі бялізну, ручнік, мыла, туалетную паперу. Увогуле, хачу сказаць, што стаўленне з боку міліцыянтаў да мяне было даволі добрае. Кожны дзень я хадзіў на шпацыры, адзін раз на тыдзень прымаў душ, меў магчымасць браць і чытаць кнігі з бібліятэкі Слонімскага РАУС. Праўда, не ўсё там так добра, як хацелася б і як прапісана ў законе. Да прыкладу, кормяць там не вельмі добра. На сняданак даюць нешта падобнае на чай і невялічкі кавалак белага хлеба, на абед давалі якісь суп, кашу з невялічкай катлетай і кавалак чорнага хлеба. Уся ежа была без солі. На вячэру давалі кавалачак чорнага хлеба і так званы чай. Есці ў ізалятары прыходзілася лыжкай без ручкі.

Апошнія дні, калі я сядзеў з іншымі адміністрацыйна пакаранымі, даведаўся ад іх, што ім ніхто не выдаваў бялізну, туалетную паперу, мыла, ручнік, іх не выводзілі на шпацыр. Адміністрацыйна пакараныя нават не ведалі, што маюць на гэта законнае права, як і на тое, каб адзін раз на тыдзень прыняць душ. Іх пры гэтым прымушалі працаваць, пры патрэбе бралі ў якасці панятых… Канешне, значна лягчэй адбываць пакаранне, калі цябе падтрымліваюць і перадаюць з волі перадачы. Мая маці некалькі разоў перадавала мне перадачы, таксама перадачу мне перадалі мясцовыя грамадскія актывісты, за што я ўсім вельмі ўдзячны. Быў такі выпадак. Маці прынесла мне ў пятніцу перадачу, але ў парушэнне закона яе адмовіліся прыняць і перадаваць мне. Каб прыняць перадачу, супрацоўнікі міліцыі выставілі маёй маці ўмову, што, пакуль яна не прынясе квіток аб аплаце за маё ўтрыманне ў ізалятары, перадачу не прымуць. І хоць я яшчэ не адсядзеў увесь тэрмін, маці пайшла і аплаціла паўтара мільёна рублёў за 20 сутак. Суткі знаходжання ў ізалятары каштуюць 0,5 базавай велічыні, на сёння гэта 75 000 руб. Але, нават нягледзячы на тое, што яна аплаціла за маё ўтрыманне ў ІЧУ, перадачу прынялі і перадалі мне толькі ў панядзелак.

— Ці плануеш ты дабівацца праўды і абскарджваць сваё затрыманне?

— Так, адназначна, я збіраюся дабівацца праўды, бо нічога супрацьзаконнага не рабіў. Буду падаваць скаргі за незаконнае затрыманне і незаконны вырак суда.

slonimblog.net

Падзяліцца:

Каментары