Прэзэнтацыя кнігі вершаў “Кенгір” пакутніцы ГУЛАГу Надзеі Дземідовіч пройдзе ў Менску

Прэзэнтацыя кнігі вершаў “Кенгір” пакутніцы ГУЛАГу Надзеі Дземідовіч пройдзе ў Менску
У сераду 31 кастрычніка ў 18-00 на сядзібе БНФ (вул. Чарнышэўскага, 3) у межах “Марафону салідарнасьці з беларускімі палітвязьнямі” адбудзецца прэзэнтацыя кнігі вершаў “Кенгір” найстарэйшай беларускай дзяячкі, пакутніцы ГУЛАГу, паэткі Надзеі Раманаўны Дземідовіч. Шчыра запрашаем!
Надзея Дземідовіч — гэта жанчына вялікага сэрца і шчырай душы, якую не зламалі ні катаваньні, на сталінскія лагеры, ні пазьнейшая адзінота (ГУЛАГ пакінуў яе без уласнай сям’і). Яна сапраўдная хрысьціянка, усім даруе, і за ўсіх перажывае, але асабліва за “людзей сваёй душы”, за шчырых беларусаў, якія зараз вымушаныя ўспадчваць яе пакутніцкі лёс. Сэнсам яе жыцьця стала сьведчаньне пра тое, што яна перажыла, каб гэта больш не паўтаралася. А найбольшае шчасьце для яе — бачыць і чуць беларускую моладзь.
Дземідовіч Надзея Раманаўна, вязень ГУЛАГу, удзельніца Кенгірскага паўстаньня 1954 г.

Нарадзілася ў 1927 на Слонімшчыне. З восені 1941 вучылася ў Слонімскай беларускай прагімназіі. Сяброўка СБМ. У сьнежні 1944 пад час масавых арыштаў сябраў СБМ у Слоніме перайшла на нелегальнае становішча. Хавалася да 1949, калі была арыштавана ў Казахстане. У баранавіцкай турме Д. жорстка катавалі. Была асуджаная на 25 гадоў лягероў. Удзельніца Кенгірскага паўстаньня вязьняў 16.05-26.06.1954.

Жыве ў Калодзішчах пад Менскам.

Паводле represii-by.info

Падзяліцца:

Каментары