Прэзэнтацыя відэаархіву былых вязьняў ГУЛАГу і фільм “Дзеці ксянза Шаплевіча”

Прэзэнтацыя відэаархіву былых вязьняў ГУЛАГу і фільм “Дзеці ксянза Шаплевіча”

У пятніцу 28 кастрычніка ў 17-00 ў гістарычнай майстроўні (вул. Сухая, 25) ў межах кінаклуба “Невядомая Беларусь”, які штомесяц праводзіцца з ініцыятывы вядомага гісторыка Ігара Кузьняцова, адбудзецца прэзэнтацыя відэаархіву ўспамінаў былых вязьняў ГУЛАГу, сабраных цягам 2011 года ў межах працы над архівам савецкіх рэпрэсіяў на Беларусі здымачнымі групамі рэжысёра Віктара Корзуна і кампаніі “Пакаяньне” аргкамітэту БХД. Мерапрыемства прысьвечанае дню памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў на Беларусі, які адзначаецца 29 кастрычніка.

Таксама ў межах кінаклюбу пройдзе прэзэнтацыя грамадскага вэб-архіву “Вытокі”. А напрыканцы адбудзецца паказ фільма тэлеканала Белсат “Дзеці ксянза Шаплевіча”, прысвечанага пакутніку ГУЛАГу айцу Станіславу Шаплевічу з вёскі Дарава, што каля Баранавічаў, які ў супраціве атэістычнай савецкай сістэме змяніў зброю на слова Божае.

Перад пачаткам імпрэзы а 16-й адбудзецца прэзэнтацыя 2-х кнігаў успамінаў часоў другой сусьветнай вайны на Беларусі, падрыхтаваных пад кіраўніцтвам дырэктара гістарычнай майстроўні Кузьмы Козака.

Таксама нагадаем, што непасрэдна ў суботу 29 кастрычніка адбудзецца традыцыйны аб’езд месцаў расстрэлаў у Менску, які скончыцца ў 16-00 жалобным мерапрыемствам у Курапатах. А ў нядзелю 30 кастрычніка ў Курапаты выправіцца штогадовае жалобнае шэсьце “Дзяды”, якое распачнецца са збору удзельнікаў у 10.30 каля гадзіньнікавага заводу “Луч”.

Нагадаем, у ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года ў Менску былі расстраляныя больш за сто чалавек, у асноўным прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі. З нагоды гэтай «чорнай даты» беларускія гісторыкі і грамадзкія актывісты штогадова ладзяць жалобныя мерапремствы.

http://represii-by.info

Падзяліцца:

Каментары