“Просто не повезло”. Затрыманьне Лобавых

“Просто не повезло”. Затрыманьне Лобавых

3 ліпеня ў міліцыю патрапіла ўся сямья палітвязьня Эдуарда Лобава.

Марыну Лобаву, маці Эдуарда, закінулі ў аўтазак разам з сынам Ўладзіславам. Муж Марыны прыйшоў у РУУС, каб даведацца лёс жонкі й апынуўся ў ліку затрыманых.

“Мы сустрэліся з Алёнай Ліхавід [маці палітвязьня Мікіты Ліхавіда — рэд.], Людмілай Міразянавай [маці палітвязьня Фёдара Мірзаянава — рэд.], рухаліся ў бок чырвонага касьцёлу. Неўзабаве затрымалі мяне, сына Ўладзіслава і яго сябра Дзмітрыя,” — распавядае Марына Лобава.

Каля прыпынку на вул. Кірава ў Менску тыпы ў цывільным накінуліся на Уладзіслава Лобава і пачалі некуды цягнуць. Марына Лобава спрабавала перашкодзіць затрыманьню, пачала запытваць, на якой падставе забіраюць яе сына. Жанчына крычала, што юнак непаўнагадовы. У адказ яе ўдарылі па галаве. Маці й сына як мех з бульбаю закінулі ў аўтазак. На шматлікія пытаньні Марыны Лобавай, на якой падставе яе з сынам затрымліваюць, адказ быў сьціплы — “у РУУС разьбяруцца”.

Якубоўскі Юрый, муж Марыны, спрабаваў вызваліць жонку й сына, імкнуўся вырваць іх з лапаў нахабных тыпаў. Яму пырснулі ў твар з газавага балёнчыку й пакінулі яго па іншы бок дзьвярэй аўтазака.

У Маскоўскім РУУС г. Менску Марына Лобава налічыла чалавек 50 затрыманых. Сярод іх былі непаўнагадовыя, гадоў па 14.

Юрыю, мужу Марыны Лобавай у маскоўскім РУУС на вахце доўгі час казалі, што яго жонкі й сына ў іх няма, яго спачатку не пускалі ў пастарунак, але неўзабаве перавялі ў натоўп затрыманых.

“Трымалі вельмі доўга, — узгадвае Марына Лобава. — Сына адпусьцілі толькі каля дванаццаці ночы. Яго, як непаўнагадовага, не адпускалі зь міліцыі аднаго. Я не магла яго забраць, бо мяне не вызвалялі. Муж быў затрыманы. Патэлефанавала Ганьне Шапуцьцы”

Ганна Шапуцька з мужам забралі Уладзіслава ноччу зь міліцэйскага пастарунку.

Аб прычыне затрыманьня трапна паведаміў супрацоўнік маскоўскага РУУС — “Просто не повезло”. Міліцыянт зазначыў, што ў іх ёсьць пэўны юрыдычны момант, артыкул. Яны выконваюць сваю працу.

Затрыманых, у тым ліку сямью Лобавых, сфатаграфавалі, правялі дакталаскапію. На Юрыя Якубоўскага склалі пратакол па артыкуле 23.4 — “непадпарадкаваньне супрацоўніку міліцыі”. Яго адпусьцілі, суду яшчэ не было, але Юрыю пагражае да 15 сутак. Аднак ёсьць сьведкі, каторыя бачылі, як затрымлівалі Юрыя — у выпадку справядлівага суда на лаве падсудных апынуліся бы тыпы, каторыя чынілі затрыманьне.

Марыну Лобаву трымалі ў пастарунку да пятай раніцы. Старшы сяржант міліцыі Жук нібыта быў сведкам, як жанчына нецэнзурна лаялася і размахвала рукамі. А 5-ай раніцы 4 ліпеня Марыне далі ў рукі пратакол. “У ім пазначана, што затрыманьне адбылося на Бабруйскай 4, але я там нават не была,” — абураецца жанчына.

А 6-ай раніцы Марыну адвезьлі ў ізалятар па зав. Акрэсціна разам з Вікторыяй Бандарэнка, каторай у выніку далі 10 сутак. Да 15 гадзіны спадарыня Лобава прабыла ў цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў.

“Пасьля абеду адвезьлі ў Ленінскі суд, хоць у пратаколе быў пазначаны суд Маскоўскага раёну,” — зьдзіўляецца жанчына. Перад Марынаю Лобавай у чарзе на судовы канвеер знаходзілася 15 чалавек. Марыну выклікалі апошняй.

“Мужчынам, каторых судзілі раней, далі 10-15 сутак. Мяне выслухалі. Я доўгі час даводзіла, што затрыманьне было беспадстаўным. Як невінаватай мне далі 20 базавых велічыняў штрафу,” — паведаміла Марына Лобава.

Цяпер муж Марыны чакае выкліку па павестцы ў суд. Сын — на інспэкцыю па справам непаўнагадовых.

“Проста не пашанцавала,” — досыць слушна заўважыў супрацоўнік Маскоўскага РУУС.

Падзяліцца:

Каментары