Размеркаваньне студэнтаў. Адказны і трывожны момант

Размеркаваньне студэнтаў. Адказны і трывожны момант

Адным з найбольш трывожным, малапрыемным і адказным момантам у сыстэме беларускай вышэйшай адукацыі зьяўляецца разьмеркаваньне.

Можна шмат казаць аб неканстуцыйнасьці практыкі разьмеркаваньня ў Беларусі альбо аб фактычнай адсутнасьці бясплатнай адукацыі ў краіне. Аднак гэта не дапамагае выпускнікам з вырашэньнем праблемаў. Таму прэс-служба МФ шукала адказы на актуальныя пытаньні, з каторымі можа сутыкнуцца выпускнік ВНУ падчас разьмеркаваньня на працу.

Зазвычай нават выпускнікі ня ведаюць, у які канкрэтна момант яны набываюць статус маладога спэцыяліста: у момант разьмеркаваньня, афармленьня на працу або падпісаньня дамовы? Паводле Палажэньня аб разьмеркаваньні маладым спэцыялістам зьяўляецца накіраваны па разьмеркаваньні выпускнік, які атрымаў спэцыяльную ці вышэйшую адукацыю першай і другой ступені на дзённай форме навучаньня за кошт бюджэтных сродкаў. То бок, спэцыялістам выпускнік становіцца з дня атрыманьня накіраваньня. Але тэрмін працы па разьмеркаваньні адлічваецца з дня заключэньня дамовы з наймальнікам. Па жаданьні маладога спэцыяліста ў тэрмін адпрацоўкі можа быць уключаны тэрмін службы ў войску альбо водпуск па даглядзе дзіцяці да трох гадоў. Прычым, у такі водпуск можа пайсьці як маці, так і бацька дзіцяці.

Пасьля заканчэньня навучаньня маладым спэцыялістам прадастаўляецца адпачынак працягласьцю адзін каляндарны месяц (выпускнікам пэдагагічных спэцыяльнасьцяў — 45 дзён). Гэта не водпуск, а менавіта адпачынак. Працадаўца ў месячны тэрмін пасьля заключэньня дамовы мусіць выплаціць грашовую дапамогу ў памеры месячнай стыпэндыі, прызначанай у апошнім сэмэстры. Грашовую кампэнсацыю па месцы навучаньня атрымліваюць толькі выпускнікі пэдагагічных спэцыяльнасьцяў.

Многія імкнуцца хутчэй узяцца за працу. Аднак важна мець на ўвазе: матэрыяльная дапамога выплачваецца незалежна ад таго, выкарыстаў малады спэцыяліст сваё права на адпачынак альбо не.

Неабходна прыйсьці да наймальніка да таго дня, які пазначаны ў накіраваньні. “Калі там напісана, што вы павінны прыбыць да 1 жніўня, а вы раптам вырашылі адкласьці свой візыт на 5 жніўня, то за гэты час наймальнік ужо пасьпее адправіць паведамленьне ў вашую ВНУ, дзе будзе запісана, што малады спэцыяліст па месцы разьмеркаваньня не зьявіўся. І калі вы ня зможаце даказаць камісіі па разьмеркаваньні, што мелі на тое ўважлівыя прычыну, то з вас могуць спагнаць грошы за ўсе гады вашага бюджэтнага навучаньня,” — зазначае Ларыса Манюк, галоўны прававы інспэктар працы ЦК Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі й навукі.

Важна вырашыць, ці трэба вам працаваць не па спэцыяльнасьці. Праз два гады, калі вы пажадаеце зьмяніць месца працы, можа раптам высьвятліцца, што ў вас няма стажу работы. Два гады па разьмеркаваньні трэба правесьці з максымальнай карысьцю для сябе.

Нельга пагаджацца афармляцца на месца работніка, каторы знаходзіцца ў водпуску па даглядзе дзіця, бо гэты чалавек можа выйсьці на працу ў любы момант і тэрміновая працоўная дамова з вамі будзе скасавана або перакваліфікавана.на іншую пасаду.

Працадаўца абвязаны прадаставіць працу па спэцыяльнасьці, пазначанай у накіраваньні. Калі наймальнік адмаўляе ва ўладкаваньні на працу, ад яго неабходна атрымаць пісьмовае тлумачэньне. З гэтай паперай трэба зьвярнуцца ў ВНУ з просьбаю аб пераразьмеркаваньні. Калі па адпаведнай спэцыяльнасьці ў навучальнай установе не засталося незадаволеных заявак — маладому спэцыялісту выдадуць даведку аб праве самастойнага працаўладкаваньня.

Уважліва чытайце кантракт, зьвярніце ўвагу на грашовыя стымуляваньні, правы й абавязкі. У любым разе, кантракт заключаецца толькі са згоды самога выпускніка. Малады спэцыяліст сам абірае, на якіх умовах працаваць: кантракт альбо бестэрміновая дамова. Асноўная перавага дамовы ў тым, што наймальнік ня можа яе скасаваць па ўласным жаданьні, калі, вядома ж, не дакажа, што яго працаўнік — прагульшчык альбо парушальнік. Працадаўца ня можа звольніць маладога спэцыяліста па фармулёўцы “неадпаведнасьць займанай пасадзе з-за недастатковай кваліфікацыі”.

Маладым спэцыялістам ня ставяць выпрабавальнага тэрміну. Звольніць іх можна толькі за сыстэматычнае парушэньне дысцыпліны. У гэтым выпадку вам прыйдзецца вярнуць грошы за бюджэтнае навучаньне дзяржаве.

Адсутнасьць сталічнай рэгістрацыі — не перашкода для разьмеркаваньня ў Менск. Але прадастаўленьня жыльля па месцы разьмеркаваньня, на жаль, заканадаўства не гарантуе. Умова аб вылучэньні жылога памяшканьня можа быць агаворана ў дамове (кантракце) наймальніка.

Сёлета ў заканадаўстве зьявілася важнае ўдакладненьне: маладыя спэцыялісты, разьмеркаваныя ў Менск, маюць права стаць у чаргу на паляпшэньне жыльлёвых умоваў незалежна ад даты іх прыбыцьця ў сталіцу.

Інфармацыя сабраная, пераважна, праз пашукавік google.com 

Калі вы сутыкнуліся зь іншай праблемаю пры разьмеркаваньні, можаце апісаць пытаньне ніжэй у камэнтарох. Нашыя юрысты альбо самі студэнты падзеляцца досьведам, дадуць парады.

Падзяліцца:

Каментары

  1. Вадим (Jul 25, 2011:19:00)Адказаць

    “спэцыялістам выпускнік становіцца з дня атрыманьня накіраваньня. Але тэрмін працы па разьмеркаваньні адлічваецца з дня заключэньня дамовы”

    Не знал этого. Спс, своевременно))