Развітанне з Вялікім кардыналам Казімірам Свёнткам

Развітанне з Вялікім кардыналам Казімірам Свёнткам

У Мінску сёння адбылося развітанне з кардыналам Казіміра Свёнткам. Машына з целам святара прыбыла да мінскага Архікатэдральнага касцёла прыкладна, а 12 гадзіне.

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, сустракаючы труну на ганку касцёла, сказаў: «Сёння ты вяртаешся ў храм, які адбудаваў, каб назаўсёды з яго сысці ў неба». Мітрапаліт у гэты момант не стрымаў слёз.

Святы Айцец Бэнэдыкт XVI скіраваў спачувальную тэлеграму на імя Біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча, старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі ў сувязі са смерцю кардынала Казіміра Свёнтка. “Узношу малітвы да Бога, каб Ён даў вечны адпачынак гэтаму дбайнаму і шчыраму пастыру. Я духоўна яднаюся з болем дыяцэзіяльнай супольнасці, у якой ён з вялікім клопатам здзяйсняў сваё біскупскае служэнне,” — кажа Бенедыкт XVI.

Перад уваходам у Катэдру сталі пасты спецназа, якія правяралі сумкі кожнага, хто прыйшоў на развітанне з Казімірам Свёнтакам. Быў дасланы вянок ад Аляксандра Лукашэнкі, але асабіста кіраўнік дзяржавы на развітанне не прыехаў.

Кардынал Казімір Свёнтак памёр 21 ліпеня ў Пінску. Ён пражыў 96 гадоў. Кардынал стаяў ля вытокаў адраджэння каталіцкага касцёла ў Беларусі. У 1941 годзе саветы прыгаварылі маладога святара Казіміра Свёнтка да расстрэлу. Ён чакаў яго два месяцы ў Брэсцкай турме. Але пачалася вайна, і прысуд не паспелі выканаць. Пасля вайны Свёнтка адправілі на 10 гадоў у канцлагер. Пасля смерці Сталіна ён вярнуўся ў Беларусь. Не зламаны, не надломлены, не азлоблены. Служыў не ў сталіцы, нават не ў абласным цэнтры — у Пінску. Адбудаваў там сабор…

Уладзімер Караткевіч захапляўся будучым кардыналам. Калі Беларусь стала незалежнай, Казімір узначаліў беларускі касцёл і пры ім ён стаў сапраўды беларускім.

Пахаванне кардынала адбудзецца 25 ліпеня, а 12-й у Пінску, там, дзе ён служыў. Пахаваюць яго ў катэдры.

Да словаў спачування Святога Айца Бэнэдыкта XVI далучаецца ксёндз арцыбіскуп Джованні Анджэло Бэччу з субстытуту секцыі агульных спраў дзяржаўнага сакратарыяту Святога Пасаду: «Прагну выразіць словы належнай пашаны і прывітання ў Хрысце Пану». Гродзенскі біскуп Аляксандр Кашкевіч атрымаў таксама спачувальную тэлеграму кардынала Бэртонэ з нагоды смерці кардынала Свёнтка.

«Хоць кардынал Свёнтэк быў адораны такім працяглым жыццём — амаль 100 гадоў — для чалавека гэта заўсёды хутка прамінае», — кажа біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч і дадае прыгожыя словы ксяндза і паэта Яна Твардоўскага: «Давайце будзем спяшацца любіць людзей, бо яны так хутка адыходзяць».

 

Паводле http://nn.byhttp://catholic.by/. Фотаздымкі “Нашай Нівы”.

Падзяліцца:

Каментары