Рэкамендуем: Юры Станкевіч “Любіць ноч — права пацукоў”

Рэкамендуем: Юры Станкевіч “Любіць ноч — права пацукоў”

Сёння мы настойліва рэкамендуем прачытаць раман Юрася Станкевіча “Любіць ноч — права пацукоў” . Твор чытаецца на адным дыханні, але ня след шукаць у ім прыгожай формы, бо ён пра нас – пра Беларусь такую, якая яна ёсць.

Прызнацц па-шчырасці, не самае прыемнае чытво: цыганы, наркапрытоны, прадажныя ўчастковыя, бойкі, турма, паглум… карацей усё тое, пра што вы не маглі прачытаць на занятках “беларускай літаратуры” у школе.

Але што зробіш? Не ўтойваць жа дыягназ ад пацыенту вечна, калі хворы ён на смяротную хваробу… А што рабіць калі замест пацыента цэлы народ?..

Творы Юрася Станкевіча – пранізлівыя і праўдзівыя, жорсткія і рэалістычныя, жаласлівыя і праварадыкальныя адначасова… У нейкім сэнсе яны прэзентуюць сабой новы беларускі экзістэнцыялізм – як у Быкава, толькі па-сучаснаму, без цэнзуры, без саўка.

І яшчэ, што важна: жыццёвыя сітуацыі (у асноўным ваенныя), смадэляваныя Быкавым, найчасцей не пакідаюць чалавеку шансу – яны беспрасветныя, нягледзячы на гераізм, на ахвяры, бо ў сусвеце савецкага чалавека – ахвяры не ратуюць. У сусвеце Станкевіча – наадварот. Сімвалічна, што ў быкаўскай “Сцяне” усе вымаганні прыводзяць вязня ў тупік, што ўжо казаць пра “Жоўты пясочак”, дзе вязні самі дапамагаюць сваім катам пхаць машыну наперад, да месца страты. У рамане “Любіць цемру – права пацукоў” галоўны герой такі разбірае нетрывалыя цагліны са сцяны камеры і вяртаецца ў жыццё, каб уратаваць, адпомсціць, наўпрост жыць далей – калі канешне застанецца жывы…

Герой апавяданняў Юрася Станкевіча, якія па праву можна назваць “постмадэрным гераічным эпасам” ніколі не ёсць ахвярай, нават калі церпіць. Розніца паміж пакутнікам і ахвярай у тым, што ахвяра ўсёй сваёй істотай спрабуе патлумачыць, што яна “не пры чым” і як-небудзь збегчы ад сітуацыі. Пакутнік жа свядома ідзе на сваю Галгофу, ведаючы, што гэты шлях не будзе лёгкім, што калі ён нават загіне, дык пастараецца пацягнуць за сабой як пабольш сваіх ворагаў. Што чакае гэтага чалавека ў канцы? Пакаранне? Пустэча? А мажліва Збаўленне, бо ён зрабіў усё, што мог і не ішоў насуперак свайму сумленню.

 

Падзяліцца:

Каментары