Рэтраспектыва: Летува – Беларусь: да пытання аб тэрыторыях

Рэтраспектыва: Летува – Беларусь: да пытання аб тэрыторыях

Развіццё віленскіх падзеяў 13 студзеня 1991 г. мела наўпроставае дачыненне да Беларусі, кіраўніцтва якой 29 сакавіка 1990 году выступіла з тэрытарыяльнымі прэтэнзіямі да суседняй рэспублікі.Гэтая заява магла справакаваць узброены тэрытарыяльны канфлікт паміж Беларуссю і Летувай.

У гэтым годзе даволі шырока адзначалася 80-годдзе апошняга кіраўніка Савецкага Саюзу Міхаіла Гарбачова. Ягоная роля ў часе гэтых святкаванняў ацэньвалася даволі станоўча, як чалавека, які прынес ў рэгіён свабоду і дэмакратыю, а шэраг аўтараў нават заклікалі да шырэйшага ўганаравання былога савецкага прэзідэнта ў краінах цэнтральнай і ўсходняй Еўропы. На гэтым тле святкаванняў шматлікія спрэчныя рашэнні і памылкі, зробленыя Гарбачовым у сфэры эканомікі, навакольнага асяроддзя ці міжнацыянальных адносінаў, засталіся нібы зарэтушаванымі. Апошняя праблема дагэтуль не страціла сваёй актуальнасці і для некаторых постсавецкіх краінаў часам становіцца цэнтральнай тэмай знешняй палітыкі. Так, нядаўняя справа з арыштам і далейшым вызваленнем былога кіраўніка “Групы “А” ў часе віленскіх падзеяў 13 студзеня 1991 году Міхаіла Галаватава, у чарговы раз паказала, што падзеі 20-і гадовай даўніны дагэтуль трактуюцца па-рознаму ў розных сталіцах на пост-савецкай прасторы і дагэтуль часам з’яўляюцца перашкодай для наладжвання двух- і шматбаковых адносінаў у рэгіёне.

Развіццё тых віленскіх падзеяў мела наўпроставае дачыненне да Беларусі, кіраўніцтва якой 29 сакавіка 1990 году выступіла з тэрытарыяльнымі прэтэнзіямі да суседняй рэспублікі. Гэтая заява магла справакаваць узброены тэрытарыяльны канфлікт паміж Беларуссю і Летувой. Хоць гэтага і не адбылося, сам факт такой заявы варты дэталёвага разгляду, каб зразумець ягоную сутнасць. Тут мы друкуем пераклад інтэрвію прафесара доктара Язэпа Аляксандравіча Юхо для газеты “Сельская жизнь” ад 23 жніўня 1990 году, дзе ён тлумачыць падставы для такіх заяваў кіраўніцтва БССР. Чытачам варта патлумачыць, што газета “Сельская жизнь” мела ўсесаюзны абсяг і з’яўлялася органам ЦК КПСС, скіраваным пераважна для вясковай аўдыторыі. Пераклад зроблены з максімальнай адпаведнасцю расійскамоўнаму арыгіналу і змешчаны выключна з мэтай забеспячэння доступу да інфармацыі шырэйшаму чытацкаму колу, пераважна ў навуковых мэтах.


Летува – Беларусь: да пытання аб тэрыторыях

Пасля апублікавання ў цэнтральным друку інфармацыі аб Заяве Прызідыюму Вярхоўнага Савету Беларускай ССР ад 29 сакавіка г.г. па тэрытарыяльных пытаннях у сувязі з абвяшчэннем Летувой у аднабаковым парадку выхаду з складу СССР і аднаўленнем дзеяння буржуазнай канстытуцыі Летувы 1938 году ў рэдакцыю “Сельской жизни” паступаюць лісты і званкі. Чытачы просяць падрабязней распавесці, у чым канкрэтна палягае сутнасць справы, аб якіх менавіта тэрыторыях ідзе размова і на якіх падставах Беларусь можа прэтэндаваць на іх у выпадку выхаду Летувы з складу СССР? Па гэтых пытаннях нашых чытачоў на просьбу карэспандэнта “Сельской жизни” В. Леганькова выказвае свае меркаванні прафесар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту, доктар юрыдычных навук Я.А.Юхо.

СЖ: Язэп Аляксандравіч, аб якіх тэрыторыях вялася гаворка ў заяве Прэзідыюму Вярхоўнага Савету БССР?

ЯЮ: Гаворка ідзе аб спрадвечных землях паўночна-заходняй Беларусі. Па дамове паміж буржуазнай Летувой у кастрычніку 1939 году Летуве былі перададзеныя горад Вільня (у арыгінале: Вильно) і Віленская вобласць. Акрамя таго, пасля ўваходжання Летувіскай рэспублікі ў СССР улетку 1940 году ёй былі перададзеныя з складу Беларускай ССР беларускія землі, размешчаныя ў Свянцянскім раёне, часткі тэрыторыі ў Відзаўскім, Гадуцішкаўскім, Астравецкім, Воранаўскім і Радуньскім раёнах. Натуральна, што калі Летува мяркуе аднавіць буржуазную дзяржаўнасць у адпаведнасці з канстытуцыяй 1938 году і выйсці з складу СССР, то паўстае пытанне пра тое, ці не павінна яе тэрыторыя застацца такой, якой была ў 1938 годзе без “падарункаў” Сталіна.

СЖ: Наколькі я ведаю, ніколі раней Беларусь не заяўляла суседняй рэспубліцы ніякіх прэтэнзіяў на згаданыя тэрыторыі. Чаму ж гэтае пытанне ўзьнікла зараз?

ЯЮ: Па-першае, калі абедзьве рэспублікі знаходзіліся ў складзе Саюзу ССР і іх народы карысталіся роўнымі правамі, не залежна ад мовы, нацыянальнай прыналежнасці ці грамадзянства, асаблівых праблемаў не было. Зараз жа такія праблемы ўзнікаюць. Па-другое, трэба мець на ўвазе, што пры перадачы Вільні і Віленскай вобласці буржуазнай Летуве ў беларускага народу і ўраду рэспублікі ніхто і не пытаўся на іх згоду. Фактычна за спіною народу было вырашана пытанне аб перадачы тэрыторыяў у 1940 годзе. Ды і ці мог тады беларускі народ запярэчыць супраць рашэння, прынятага Сталіным? Мы ведаем, чым сканчваліся падобныя пярэчанні. Не выпадкова сярод рэпрэсаваных у 30-я гады апынуліся і найвыбітнейшыя беларускія гісторыкі, ды і не толькі яны.

СЖ: Нядаўна я вярнуўся з працяглай камандзіроўкі ў Летувіскую ССР. І зазвычай сустракаў там на гэты конт контдоказы, што, маўляў, наадварот, не толькі згаданыя тэрыторыі, але і некаторыя цяперашнія беларускія гарады – Ліда, Гродна, Маладзечна ды і іншыя – гэта летувіскія гарады і землі. Матывуюць гэта тым, што ўрад РСФСР у 1920 годзе прызнаў за Летувой права на гэтыя тэрыторыі. Што бы вы сказалі наконт гэтага?

ЯЮ: Хачу падкрэсліць, што сама назва “Беларусь” датычна нашай тэрыторыі стала выкарыстоўвацца параўнальна нядаўна, у канцы XVIII стагоддзя. А да гэтага не толькі цяперашняя Летувіская рэспубліка, але і ўсе беларускія землі, населеныя славянамі, называлісь Літвою.

Паступова напрацягу XII-XIII стагоддзяў старыя славянскія назвы народу былі выціснутыя новымі найменнямі “Русь” і “Літва”. Пасля ўтварэння Вялікага княства Літоўскага ў XIV-XVI стагоддзях яно распаўсюдзіла свае ўладанні ад Балтыйскага да Чорнага мора і цалкам называлася “Вялікае княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае”, дзе назва “Літоўскае” тычылася Беларусі, “Рускае” – Украіны і часткі Расіі і “Жамойцкае” – этнаграфічнай Летувы. Дзяржаўнай мовай у Вялікім княстве Літоўскім была беларуская, на ёй пісаліся законы і судовыя акты да канца XVII стагоддзя, а потым у сувязі з распаўсюджваннем каталіцызму, дзяржаўныя органы перайшлі на польскую мову. У Вільні ў 1522 годзе Ф.Скарына стварыў друкарню і пачаў выдаваць кнігі на беларускай мове, тым самым паклаўшы пачатак беларускаму кнігадрукаванню.

Пераважную большасць жыхароў Вільні і Віленскага краю яшчэ ў канцы XIX і пачатку XX стагоддзяў складалі беларусы праваслаўнага і каталіцкага веравызнання. На 1 студзеня 1913 году на тэрыторыі пяці беларускіх губерняў (Віленскай, Віцебскай, Гродзенскай, Мінскай і Магілёўскай) пражывалі больш за адзінаццаць мільёнаў чалавек, пераважная большасць якіх былі беларусамі. Гэта даволі пераканаўча паказаў Я.С.Канчар у кнізе “Белорусский вопрос”, выдадзенай у Петраградзе ў 1919 годзе.

СЖ: Як адбілася на лёсах Віленскага краю Вялікая Кастрычніцкая сацыялістычная рэвалюцыя?

ЯЮ: Рэч у тым, што ў той час Вільня была акупаваная войскамі кайзераўскай Германіі. Таму галоўным цэнтрам рэвалюцыйных падзеяў стаў Мінск, дзе знаходзіўся штаб Заходняга фронту рускай арміі. Тым не менш пры ўсталяванні Савецкай улады ў Беларусі ў 1917 годзе дэлегаты сялянскага з’езду Віленскай губерніі бралі ўдзел у фармаванні Абласнога выканаўчага камітэту Заходняй вобласці і фронту, які ствараўся ў лістападзе 1917 году ў Мінску. Дэлегаты Віленскай губерніі удзельнічалі і ў працы Ўсебеларускага з’езду ў Мінску ў снежні 1917 году.

Карыстаючыся нямецкай акупацыяй, летувіскія буржуазныя дзеячы 11 снежня 1917 году падпісалі дэкларацыю аб саюзе з Германскай імперыяй, а ўлетку 1918 году Летува была аб’яўленая манархіяй на чале з нямецкім прынцам Ульрыхам. У лютым 1919 году Вільня стала сталіцай Летувіска-Беларускай Савецкай Рэспублікі. У красавіку 1919 году Вільня, а ў жніўні і Мінск былі занятыя польскімі войскамі, і да восені Летувіска-Беларуская рэспубліка фактычна спыніла сваё існаванне. Ва ўмовах ваеннай нестабільнасці на заходніх рубяжах за ўсялякі кошт імкнучыся забяспечыць Рэспубліцы Саветаў мір, у ліпені 1920 году ўрад РСФСР заключыў мірную дамову з буржуазнай Летувой і вымушаны быў прызнаць за ёй права на тэрыторыі Гродзенскай і Віленскай губерніяў. Паводле Рыжскай дамовы ад 18 красавіка 1921 году Савецкая Расія прызнала, што пытанне аб горадзе Вільні і Віленскім краі, а таксама частцы Гродзенскай губерніі падлягае вырашэнню паміж Польшчай і Летувой. 15 сакавіка 1923 году Канферэнцыя паслоў Англіі, Францыі, Італіі і Японіі як выканаўчы орган саюзных дзяржаваў прызнала ўсходнія межы Польшчы, а тым самым і ўключэнне Заходняй Беларусі з гарадамі Вільняй і Гроднам у склад Польшчы.

Але, і адыйшоўшы да Польшчы, Вільня як і да кастрычніка 1917 году фактычна працягвала заставацца цэнтрам беларускага нацыянальна-культурнага руху ў Заходняй Беларусі. Тут выдаваліся беларускія газеты “Наша ніва” (1906-1915), “Наша доля” (1906), падпольныя газеты і ўлёткі Кампартыі Заходняй Беларусі (1923-1938) і іншыя выданні. У Вільні жылі і працавалі беларускія пісьменнікі і палітычныя дзеячы Ф.Багушэвіч, Янка Купала, Якуб Колас, З. Бядуля, Б.А. Тарашкевіч, С.В. Прытыцкі, В.З.Харужая, Максім Танк і многія іншыя беларускія дзеячы. У Вільні з 1923 да 1938 году нелегальна месціліся ЦК Кампартыі Заходняй Беларусі, ЦК КСМЗБ, а таксама цэнтральныя органы легальных грамадскіх арганізацыяў Беларускай сялянска-рабочай грамады, Таварыства беларускай школы, Беларускі музей, Беларуская настаўніцкая семінарыя, беларускія кніжныя і часопісныя выдавецтвы.

СЖ: А які ўсё гэта аказала ўплыў на падзеі 1939 году? 17 верасня, як вядома, Чырвоная Армія пачала вызваленне Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны. У канцы месяцу яна ўвайшла і ў Вільню, там пачалі паўставаць органы народнай улады…

ЯЮ: Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з Беларускай ССР увосень 1939 году мясцовыя жыхары меркавалі, што Вільня ўвойдзе ў склад БССР. У горадзе было створана Часовае ўпраўленне Вільні і Віленскага ваяводства. У той час ЦК КП(б) Беларусі і ўрад Беларускай ССР пачалі работы па арганізацыі ў краі органаў кіравання. Пачала выходзіць абласная газета “Віленская праўда”. Неўзабаве па волі Сталіна, не спытаўшыся ў беларускага народу і ўсіх жыхароў Віленскага краю, гэту тэрыторыю ў кастрычніку 1939 году перадалі буржуазнай Летуве. Адзначым, што, мяркуючы па перапісе насельніцтва 1931 году, летувісы ў Віленскім краі складалі не больш за 18 працэнтаў, а ў самой Вільні з 193,3 тысячы жыхароў гораду  летувісаў было менш за 1500 чалавек, т.б. менш за адзін працэнт.

СЖ: Але тут магло адбіцца і амаль дваццацігадовае знаходжанне гэтых тэрыторыяў у складзе Польшчы?

ЯЮ: Хачу працягнуць. Гэткім жа парадкам у 1940 годзе, пасля прыняцця Летувы ў склад СССР, не ўлічваючы інтарэсаў Беларускай рэспублікі і жаданне самога народу, Летуве былі перададзеныя яшчэ шэсць раёнаў Беларускай ССР. Паколькі значнай нацыянальнай базы дзеля арганічнага ўваходу новых земляў у склад Летувы не было, у 1945-1947 гадах летувіскае кіраўніцтва арганізавала масавае перасяленне каталікоў – беларусаў і палякаў з Вільні і Віленскага краю ў Польшчу, а Вільня пачала ўзмоцнена засяляцца летувісамі. Славянскія назвы гарадоў, вёсак, вуліцаў і плошчаў былі змененыя на летувіскія. Яшчэ раней пры актыўнай дзейнасці каталіцкага духавенства сталі “пераўтвараць” беларусаў у палякаў, зліквідаваўшы ўсе беларускія школы. Ліквідацыя беларускага этнасу на Віленшчыне, што праводзілася ва ўмовах буржуазнай Польшчы ў 1921-1939 гадах, асабліва ўзмацнілася пасля перадачы гэтага краю Летуве.

Толькі зараз дзякуючы перабудове і галоснасці стала магчымым сказаць праўду аб гісторыі адносінаў паміж Беларуссю і Летувой. Так што заява Прэзідыюму Вярхоўнага Савету БССР ад 29 сакавіка 1990 году – гэта, думаю, не толькі дакумент органу ўлады, але і меркаванне пераважнай большасці беларускага народу. Толькі ў задзіночаным братнім саюзе можна жыць без памежных слупоў, не заціскаючы правоў і інтарэсаў іншых народаў.

thepointjournal.com

Падзяліцца:

Каментары