Родная мова ці мова «змагароў»?

Родная мова ці мова «змагароў»?

Неаднаразова даводзілася чуць ад людзей навокал, што беларуская мова сёння – гэта мова «свядомых», ці мова «змагароў». Таму і размаўляць на ёй, у прынцыпе, не варта.

Што для мяне мова?
Я сама не размаўляю па-беларускую штодня, але і ў думках ніколі не было асацыяваць сваю родную мову з нейкімі грамадска-палітычнымі ўстановамі або іх дзеячамі. Для мяне беларуская мова — гэта, у першую чаргу, мова маіх бабуль і дзядуль, іх расповедаў аб продках, песен і прымавак. З кожным гукам беларускай мовы перада мною паўстаюць абшары палёў і дрымучыя яловыя лясы Віцебшчыны, ці сасновы бор на пясчаным беразе, падмываемы разлітай Прыпяццю. Па-другое, гэта — мова выдатных, непаўторных беларускіх пісьменнікаў і паэтаў, якія зрабілі не меншы ўнёсак ў сусветную літаратуру за іх «раскручаных» расейскіх калег. І калі новае пакаленне ўжо не зможа прачытаць іх творы на мове арыгінала, гэта будзе найвялікшая культурнай стратай для нашай краіны. І, нарэшце, гэта мова новай, незалежнай краіны пачатку 90-х гадоў, маёй калісьці беларускамоўнай школы і страчанага Адраджэння.

Мова і грамадства
Чамусьці ў значнай часткі жыхароў нашай краіны беларуская мова не выклікае падобных пачуццяў… Чаму? Няўжо ў іх не было нічога з таго, што і ў мяне? Я не размаўляю на мове, але люблю яе і зараз нанова вывучаю. І хацела бы, каб і мой двухгадовы сын таксама ведаў родную мову і потым на ёй навучаўся. Але што, як вы лічаце, я адразу пачала чуць на гэты конт? “А навошта табе гэта” ці “няма чаго табе рабіць” – гэта самыя нейтральныя прыклады рэакцыі нашага грамадства нават на СПРОБЫ размаўляць па-беларуску. Асабліва выклікае замілаванне: “Нешта раней я за табой не заўважала такой любві да мовы!” Гэта сказаў чалавек, які ніколі добра мяне не ведаў і маімі перакананнямі ўвогуле не цікавіўся.

Канешне, значную ролю ў гэтым адыгралі тыя ж самыя апазіцыйныя актывісты і грамадскія дзеячы, якія і з’яўляюцца ў большасці выпадкаў амаль адзінымі носьбітамі беларускай мовы. І не заўсёды іх актыўныя дзеянні ўспрымаюцца грамадствам як нармальныя ці адэкватныя. Але з гэтай рэакцыяй грамадства іншы раз цяжка не пагадзіцца. Не хачу нікога абразіць ці абвінаваціць, але трэба зразумець, што праз скаргі і суды за беларускую мову можна, мабыць, пазмагацца з дзяржавай, але вярнуць любоў і павагу шырокага кола людзей да яе – нельга. Абывацелям ужо абрыдла палітыка. Але вінавата і само грамадства: што гэта за беларус такі, калі яго стаўленне да роднай мовы наўпрост залежыць ад нейкіх дзеянняў звонку? Любоў да мовы, як і да Радзімы, нараджаецца і жыве ў душы чалавека. Таму чуць такія меркаванні, што не варта размаўляць на роднай мове, бо «мы бліжэй да Расіі», ці «можна любіць сваю радзіму і ня ведаць беларускай мовы», або таму што на ёй размаўляюць толькі «свядомыя», ці «змагары», — мне проста страшна.

Дзе выйсце?
Сітуацыя складаная. Але, як паказваюць шматлікія сацыялагічныя даследванні, большасць беларусаў добра ставяцца да навучання дзяцей на беларускай мове, «КАЛІ Б ГЭТА БЫЛО ЎВЕДЗЕНА». А ўведзена гэта, нажаль, мала дзе. Тыя ж вынікі датычыцца культуры. Аднак грамадскіх устаноў і арганізацый, якія ладзяць сапраўды якасныя і цікавыя культурныя мерапрыемствы на беларускай мове, вельмі няшмат. І тыя не знаходзяць падтрымкі ва ўладаў. Вось за гэта і варта змагацца.

Таму сітуацыю можна зламіць не праз суды, пікеты і дэмаршы: калі мы зараз ставім сваёй мэтаю аб’яднаць наш народ ў адно цэлае, свядомае, беларускамоўнае грамадства, гэта трэба рабіць у першую чаргу не праз палітыку і не з дапамогаю штучнай ідэалогіі, а праз адукацыю і культуру. Толькі такім шляхам, без прымусу і націску, можна пераканаць грамадства ў тым, што беларуская мова – не неаддзельная ад палітыкі, гэта не мова «змагароў», а нашая, родная СПАДЧЫНА. Гэта марудны і цяжкі шлях, але найбольш эфектыўны. Нездарма адзін з «айцоў» Еўразвяза Ж. Манэ заўважыў:

«Калі б магчыма было пачаць працэс аб’яднання Еўропы зноў, то я бы зрабіў гэта праз адукацыю і культуру…»

Марыя Сідарэнкаhttp://kli4nik.info

Падзяліцца:

Каментары