«Рок-Салідарнасьць» на сьвяце Быкава

«Рок-Салідарнасьць» на сьвяце Быкава

Калі за савецкім часам у краіне нават рок-музыка была пад забаронай, маладыя нефармальныя музыкі наўпрост зьвярталіся па дапамогу да беларускага пісьменьніка сусьветнай значнасьці Васіля Быкава, пра што ў прэсе пакінуў сьведчаньні тагачасны прэзідэнт рок-клюбу «Няміга» Анатоль Мяльґуй, які найбольш часта расказваў пра мудрую параду клясыка адпачатку навучыцца самім адстойваць свой куток, сваю мову, свой духовы скарб. Парада тая загартавала трывалы нацыянальны рок-рух, які пасталеў, стаў найбольш уплывовым у сваім асяродку і… Ня страціў сувязі з Быкавым пасьля ягонай сьмерці. 19 чэрвеня на радзіме Васіля Быкава, ля ягонай былой хаты ў вёсцы Бычкі на Віцебшчыне, дзе цяпер месьціцца музэй пісьменьніка, штогод праходзяць літаратурна-музычныя імпрэзы да дня яго народзінаў. Я нямала чытаў пра гэта ў прэсе, а сёлета атрымаў афіцыйнае запрашэньне ад моладзевай кампаніі «Рок-Салідарнасць» і лідэра грамадзкага аб’яднаньня «Рух за Свабоду» Аляксандра Мілінкевіча.

Чаму такі дзіўны сімбіёз гаспадароў імпрэзы? Бо дзяржава такімі маштабнымі асобамі не займаецца, а клопат самога Быкава ніколі не абмяжоўваўся толькі пісьменьніцкім дабрабытам, сягаючы да глыбінных памкненьняў душы народнай. Клопат пра стан роднай мовы, пра свабоду ў несвабодным грамадзтве адбіўся і ў ягонай публіцыстыцы, і ў грамадзкай дзейнасьці. І ўжо некалькі год на сьвяце ў Бычках усталявалася традыцыя ўшанаваньня нацыянальнай прэміяй «За свабрду думкі», заснаванай Аляксандрам Мілінкевічам. Ейнымі лаўрэатамі станавіліся ўжо такія знакамітыя творцы, як паэта Ўладзімір Някляеў, заснавальніца прыватнай мастацкай галярэі Ада Райчонак, публіцыст і пісьменьнік Павел Севярынец ды інш. Сама цырымонія ўзнагароджаньня іх станавілася і пляцоўкай для «вечна пагарджаных» беларускамоўных артыстаў у Беларусі – бардаў Зьмітра Бартосіка і Андрэя Плясанава, рок-гуртоў «Індра» ды «Рэха».

2012-ы ўнёс і новыя фарбы ў імпрэзу, бо лаўрэатамі сёлета сталі знакаміты яшчэ з савецкіх часоў пэдаґоґ, стваральнік унікальнага школьнага музэю ў вёсцы Гудзевічы Алесь Белакоз (яго ведала сама Ларыса Ґеніюш, ён стаў адным з гэрояў нядаўна рэцэнзаванай мною ейнай кнігі «Лісты з Зэльвы») і – гэта ўпершыню – славуты рок-музыка, заснавальнік культавых нацыянальных рок-гуртоў «Мроя», «Zet», «N.R.M.» ды шэрагу аўтарскіх праектаў Лявон Вольскі.

Калі аксакал пэдаґоґікі асабіста прыехаў на пачэсную імпрэзу, дык Лявона Вольскага паведамленьне пра ўзнагароду застала ўдалечыні ад Радзімы, бо выступаць яму тут проста не даюць. Але з ініцыятывы кампаніі «Рок-Салідарнасць» песьні Лявона гучалі ў гэты дзень у Бычках. Цудоўна засьпяваў «Маё пакаленьне» лідэр гурта «P.L.A.N.» Андрэй Плясанаў, які ўдзельнічаў колісь у трыб’ют-праекце «Віза Nезалежнай Rэспублікі Mроя». Гучалі й каронныя гіты самога Плясанава: «Наша спадчына», «Два шляхі», «Даміно». Парадаваў ён сабраных гасьцей (зь Менску й Віцебску, Прагі й Братыславы, Таліна й Варшавы) таксама навінкай свайго рэпэртуару – апрацоўкай народнай песьні «Ой ты, сонца». Гасьцям з Расеі настолькі спадабаліся мудрыя песьні гурта «P.L.A.N.», што многія зь іх павезьлі дамоў кнігу, дзе Андрэй Плясанаў разам з аўтарам гэтых радкоў разгарнуўся яшчэ і як палымяны змагар сусьветнай павуціны – «Rock on-line».

Акрамя таго па даручэньні ўсё той жа кампаніі «Рок-Салідарнасць» Андрэй правёў і свой міні-конкурс на веданьне сучаснай беларускай рок-музыкі, дзе прызамі сталі фірменныя кашулькі той ініцыятывы. Ну а значкі й каляндарыкі з эмблемай «Рок-Салідарнасьці» атрымалі практычна ўсе жадаючыя.

Вітаўт МАРТЫНЕНКА,
музычны крытык.

Падзяліцца:

Каментары

  1. Рыгор (Jun 21, 2012:02:10)Адказаць

    Вось і мне пашанцавала: на трэцім здымку з-за сьпіны Лявона Баршчэўскага і я краем вуха трапіў.

  2. Melaman (Jun 23, 2012:08:51)Адказаць

    А я краем вуха песьні Плясанава паслухаў — клясная рэч! Асабліва “Даміно”. Люблю двухсэнсавасць. Цікава здагадвацца.

  3. Нашае Імя (Jun 23, 2012:09:13)Адказаць

    У поўнае вуха «P.L.A.N.» можна слухаць і бачыць тут http://www.youtube.com/watch?v=vbPKXUELDa8&list=UUjhBohSzxv1dPzIjElMElSg&index=5&feature=plcp

  4. Melaman (Jun 24, 2012:21:08)Адказаць

    Неяк Андрэю Плясанаву сваёй песьняй “Русалчын вэлюм” на вершы Ларысы Геніюш удалося сустрэць сьвята 25 сакавіка 2007году ў этэры каналу БТ1 http://www.youtube.com/watch?v=6U-JT4kezfE&feature=relmfu

  5. Step (Jun 24, 2012:23:49)Адказаць

    “Алеся Белакоза ведала сама Ларыса Ґеніюш, ён стаў адным з гэрояў нядаўна рэцэнзаванай мною ейнай кнігі «Лісты з Зэльвы»” — пэўна, гэта менавіта тая рэцэнзыя: http://arche.by/by/page/reviews/10017