Наста Дашкевіч: «Рыцары Слова»

Наста Дашкевіч: «Рыцары Слова»

— Насця, запявай! – упрошвала мяне мая падружайка (так называюць сапраўдных сябровак у турме) Ірына Халіп з верхняй шконкі  ў адной з  камераў  СІЗА КДБ.

— Ну я не памятаю цалкам словаў! – сарамліва прамармытала я  пад нос, наразаючы  для турэмнай  палажняковай кашы гародніну  ад сваякоў.

— Ну давай хоць неяк спяем, а раптам ён там пачуе нас? – не утаймоўвалася мая сяброўка па барыкадах.

— Ох ужо абрадуецца ён, калі пачуе нашае няўцямнае! Але давай. Сапраўды, раптам? Толькі вы гэта,  падпявайце! – адказала я ўсім астатнім дзяўчатам. – Акурат наш стол  ужо гатовы! Гуляць – дык гуляць!

“Сёння у нашай хате свята,
Калi ласка, у нашу хату!
Гэй, радасць спаткаць,
Гуляць – дык гуляць. “

І падпявалі, падпявалі ўсе. Хто ведаў Уладзіміра Някляева, хто не ведаў. Гэтыя словы проста жывуць з намі на працягу жыцця, а мы часам і не задумваемся, якое жыццё перажываюць людзі, што далі Беларусі гэтае багацце. Якое жыццё перажываў Паэт, калі ён сядзеў з намі ў суседняй камеры? Думаю, было яму не салодка.

Праспяваўшы і падсілкаваўшыся, усе пагрузіліся ў свае думкі. Ірына, ўзяўшы сшытачак, што быў клапатліва перададзены ейнаю матуляю, нешта ціханька пісала сабе. Пісала. Пісала…

Рыцары слова. Быць ім — так важна для Беларусі. Лукашэнкаўскі калгас, насычаны страхам і хлуслівасцю, несправядлівасцю і амаральнасцю могуць знішчаць толькі сапраўдныя Рыцары Слова. Такімі для мяне ёсць Паэт Уладзімір Някляеў і Журналістка Ірына Халіп. У бліжэйшы час зноўку будзе вызначацца іхні лёс, “суд” абвесціць вердыкт: турма ці адносная свабода. Рыцараў слова заўжды будуць пераследваць, бо яны ваююць ў сэрцах, у галовах. Там, дзе лукашэнкаўскі калгас ніколі не здолее перамагчы.

Паэт Уладзімір Някляеў — чалавек, з каторым мне было б не страшна пайсці ў выведку. Сумленнасць, прыстойнасць і  добрае пачуццё гумару – з такім чалавекам можна быць спакойным! Ірына Халіп – мілая і добрая, рашучая і мужная. Знаёмству з ёй я абавязана турме і ні дня пра гэта не шкадавала. Ейная вытрымка, дабразычлівасць да сяброў, вясёлы нораў, спрытны розум, вернасць мужу і сыну заўжды мяне захапляла, як тады, так і цяпер.

Рыцары слова. Тыя, хто разбураюць ланцугі маны з нашых сэрцаў і розуму. Прымушаюць адчуваць і думаць.  Хто змагаецца з сістэмаю хлусні і дурноты . Словам вядуць бітвы і Словам перамагаюць. Тыя, хто нагадваюць нам пра гонар, сумленне, прагу да справядлівасці, тыя, хто не баяцца казаць і абвяшчаць, тыя,  хто запальваюць нашае сэрца і заклікаюць да сумлення.

І ўсё гэта па-Божаму. Па-людску. Праз Слова.  Усё так, як піша Павал Севярынец з далёкай вёскі,  будучы ў ссылцы на выхаваўчых работах .  Усё па-хрысціянску, праз слова болю і справядлівасці ў артыкулах майго чаканага мужа Зьмітра Дашкевіча.  Усё так, як піша на свабоду Алесь Беляцкі, Ігар Аліневіч, Мікалай Статкевіч.“ Бо напачатку было Слова. І слова было ў Бога” . Дык і Вы будзеце на Божым баку, нашыя дарагія Рыцары Слова!

Якім бы не быў афіцыйны вердыкт суду, для нас вы ўжо перамаглі! У нашых сэрцах, у нашых галовах. Сёння мы чуем сумныя навіны з Усходу, няпэўныя абяцанкі з Захаду, але вы не  зважайце ні на што! Не бойцеся!

Цяпер справа за намі – аддзячыць Вам  і падтрымаць.

Так, спадарства? Падтрымаем!

Заўтра, 19 ліпеня, а 9:30, суд Партызанскага раёна – судзяць Ірыну Халіп

У наступны чацьвер, 25 ліпеня, а 10 гадзіне, суд Ленінскага раёна –  судзяць Уладзіміра Някляева

Аўтар: Наста Дашкевіч

Падзяліцца:

Каментары