СВАБОДУ ПАЛІТВЯЗЬНЯМ!
У сувязі з палітычным перасьледам іншадумства ў нашай дзяржаве, з штодзённымі арыштамі й затрыманьнямі, у сувязі з міліцэйскім і судзейскім бязьмежжам, існаваньнем тэлефоннага права Салігорскі Малады Фронт распачынае хаўрус у падрымку ўсіх палітзьняволеных на Беларусі.
У Салігорску зь'явіліся транспаранты з заклікамі вызваліць Мілінкевіча й моладзевых лідараў Зьміцера Дашкевіча й Артура Фінькевіча. Па горадзе распаўсюджваюцца ўлеткі з імёнамі палітвязьняў і патрабаваньнямі даць ім свабоду. Ідзе збор подпісаў у знак салідарнасьці з маладафрантоўцамі, у дачыненьні да якіх пачаўся плітычны перасьлед. Заплянаваны яшчэ шэраг акцыяў.
Маладафронтавец: - Пры існуючай рэпрэсіўнай сістэме кіраваньня краінай і ілжывай прапаганьдзе "дзяржтэлерадыя" нашыя грамадзяне вельмі дрэнна інфармаваны аб тым жудасным гвалце, што ўчыняюць улады. Большасьць нават не ведае, што такія асобы, яе Мілінкевіч ды Казулін знаходзяцца за кратамі. Найчысьцейшы палітычны крымінальны перасьлед сябраў Маладога Фронту, утрапёныя крымінальныя справы да іншых моладзевых (і ня толькі) лідэраў і актывістаў, усё гэта прымушае пачынаць яшчэ больш цяжкую працу па зьмяненьню сітуацыі на Беларусі. Мы заклікаем усіх сумленных грамадзян нашай краіны, асабліва беларускую моладзь, прадстаўнікоў палітычных рухаў і партый, неабыякавых людзей іншых краін сьвету падтрымаць нас і ўсіх тых хто зараз знаходзіцца за кратамі ці падвергнуты перасьледу. Заклікаем падтрымаць гэтых людзей не пустым словам, але рэальнымі справамі. Толькі так мы зможам перамагчы і мы пераможам, бо з намі Бог.
[6 траўня 2006]
Прэс-служба салігорскага Маладога фронту |