Савет Рэспублікі: “Артыкул 193.1 ахоўвае правы чалавека”

Савет Рэспублікі: “Артыкул 193.1 ахоўвае правы чалавека”

Каардынатар кампаніі “Права на веру” Аляксей Шэін і адзін з кіраўнікоў “Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў Беларусі” (Асамблеі НДА) Сяргей Лісічонак  працягваюць атрымліваць лісты зь дзяржаўных установаў на свае звароты з просьбай патлумачыць:  хто адказны за ініцыяваньне адмены артыкулу 193.1. Крымінальнага кодэксу.

Уцямных адказаў так і няма. Чыноўнікі перанакіроўваюць грамадзкіх актывістаў адзін да аднаго. Да прыкладу, у ліьсце Савета Рэспублікі за подпісам намесьніка старшыні Пастаяннай камісіі па заканадаўству й дзяржаўнаму будаўніцтву Мароза Л.Ф. увогуле адзначаецца, што “артыкул 193.1 Крымінальнага Кодэксу Рэспублікі Беларусь разам зь іншымі нормамі Закона зьяўляецца прававым сродкам барацьбы са злачынствамі, якія парушаюць канстытуцыйныя правы й свабоды грамадзянаў, а таксама парадак і бясьпеку ў грамадзтве”.

“Паводле нашага меркаваньня, ён ахоўвае агульнапрынятыя правы чалавека й яго асноўныя свабоды ды не парушае міжнародных стандартаў у галіне правоў чалавека.  А на гэтай падставе Савет Рэспублікі не бачыць неабходнасьці ініцыяваць скасаваньне артыкула 193.1 Крымінальнага Кодэксу Рэспублікі Беларусь”, — гаворыцца ў ліьсце.

Якія й чые правы ахоўваў арыткул 193-Прым, калі па ім судзілі Зьмітра Дашкевіча ды іншых актывістаў за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі “Малады Фронт”, Савет Рэспублікі не патлумачыў.

Як паведаміў Аляксей Шэйн, “Савет міністраў ня ведае як рэагаваць на прапанову аб скасаваньні артыкулу 193.1”. “У лісьце з Апарата Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь за подпісам начальніка аддзела лістоў і прыёму грамадзянаў Коўшара А.П. гаворыцца, што зварот з прапановай унесьці змены ў заканадаўства – распачаць працэс скасаваньня артыкулу 193.1 – перанакіраваны з Апарата Савета Міністраў на разгляд у Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь з “просьбай паведаміць Вам пра вынікі”, — распавёў А.Шэйн.

Паводле словаў Сяржука Лісічонка,  Міністэрства юстыцыі ў сваім адказе паведаміла наступнае: “Міністэрства разгледзела зварот, аднак пытаньні ўдасканаленьня мер крымінальнай адказнасьці не ўваходзяць у кампэтэнцыю міністэрства”. Такім чынам,  ініцыяваньне скасаваньня гэтага артыкулу не ўваходзіць у кампэтэнцыю Мінюста.

“У чарговы раз нас перанакіроўваюць і не даюць вычарпальных адказаў на пытаньне хто ж адказны за скасаваньне артыкулу 193.1, да каго зьвяртацца з гэтай ініцыятывай. Мы працягнем працу ў гэтым накірунку”, — адзначыў С.Лісічонак.

Нагадаем, што  актывісты  грамадзкай ініцыятывы “Права на веру” і “СТОП 193.1!” спрабуюць паскорыць працэс адмены артыкулу 193.1 Крымінальнага Кодэксу Рэспублікі Беларусь і таксама знайсьці дзяржаўную структуру, у кампэтэнцыю якой уваходзіць ініцыяваньне вырашэньня гэтага пытаньня.

Дзеля гэтага зварот быў накіраваны  ў  Палату Прадстаўнікоў, Савет Рэспублікі, Адміністрацыю Прэзыдэнта, Савет Міністраў, Міністэрства юстыцыі, Вярхоўны Суд, Канстытуцыйны Суд, Пракуратуру Рэспублікі Беларусь, а таксама ў КДБ ды шэраг іншых дзяржаўных установаў Рэспублікі  Беларусь.

Паводле прэс-рэліза Асамблеі НДА

Падзяліцца:

Каментары