Малады Фронт гэта
ФОТА
АРХІЎ
ГУМАР
ВЫДАНЬНІ МАЛАДОГА ФРОНТУ
ЛЮСТЭРКІ САЙТУ

Лічыльнікі

Каталог TUT.BY
Rating All.BY

На галоўную
ПАВАЛ СЕВЯРЫНЕЦ АДБЫЎ ПАЛОВУ ТЭРМІНУ ПАКАРАНЬНЯ

Роўна год таму асуджаны да абмежаваньня волі Павал Севярынец прыехаў у вёску Малое Сітна Полацкага раёну. Яна была вызначаная ўладамі як месца палітычнай ссылкі маладога палітыка. Такім чынам, Павал адпрацаваў на "хіміі" палову тэрміну і мае права на ўмоўна-датэрміновае вызваленьне. Апошнім часам Павал працуе стропальшчыкам на лесаўчастку.

(Севярынец: ) "15 жніўня, сёньня, спаўняецца год, як я знаходжуся на высылцы, у Малым Сітне. Гэта палова тэрміну, пасьля якога можа разглядацца пытаньне аб умоўна-датэрміновым вызваленьні. Але для мяне гэты год быў, у першую чаргу, годам духовага кшталтаваньня, годам беларускай салідарнасьці. Я тут атрымаў больш як 500 лістоў, мяне наведалі амаль 300 чалавек. А ехаць сюды ня так ужо і блізка. Між тым прыяжджалі людзі з самых аддаленых куткоў Беларусі і з-за мяжы. Я зразумеў для сябе, што беларуская салідарнасьць здольная накарміць, апрануць, падтрымаць, натхніць любога, хто апынуўся пад ударам рэжыму".

Паводле Паўла, на "хіміі" ён плённа працуе ня толькі на лесаўчастку, але й за пісьмовым сталом.

(Севярынец: ) "Гэты год быў для мяне й годам творчасьці. Нягледзячы на тое, што вольнага часу ня так багата, падрыхтаваў да друку кнігу артыкулаў і апавяданьняў, напісаў больш сарака эсэ для "Нашай Нівы", а таксама напісаў ладную частку кнігі, якую на дадзены момант лічу галоўнай працай у сваім жыцьці - кнігі пра Беларусь".

"Хімікаў", што адпрацавалі палову вызначанага тэрміну пакараньня і якія вызначыліся ўзорнымі паводзінамі, звычайна выпраўляюць да хаты. Якія ж пэрспэктывы ў гэтым пляне ў асуджанага палітыка?

(Севярынец: ) "Умоўна-датэрміновае вызваленьне магчымае пасьля адбыцьця паловы тэрміну пакараньня - калі няма спагнаньняў. У мяне спагнаньняў няма, і вось ужо цягам месяцу гэтае пытаньне вырашаецца ў Ветрынскай камэндатуры. Наколькі я ведаю, дакумэнты на маё ўмоўна-датэрміновае вызваленьне гатовыя, але загаду зь Менску няма".

Нагадаем, што Павал Севярынец атрымаў 3 гады так званай "хіміі" за арганізацыю вулічных акцыяў пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў. Адзін год пакараньня Паўлу "спісалі" па амністыі прама ў залі суду.

[16 жніўня 2006]
Паводле Радыё Свабода