Малады Фронт гэта
ФОТА
АРХІЎ
ГУМАР
ВЫДАНЬНІ МАЛАДОГА ФРОНТУ
ЛЮСТЭРКІ САЙТУ

Лічыльнікі

Каталог TUT.BY
Rating All.BY

На галоўную
ПАВАЛ СЕВЯРЫНЕЦ. БАНКЕТ НА МОГІЛКАХ

Напярэдадні Тройцы на ўезьдзе ў Малое Сітна паставілі крыж. Вялікі, праваслаўны, звараны з абрэзкаў жалезнай трубы й пафарбаваны ярка-жоўтым колерам. Паставілі так, што й шыльду з назвай вёскі з машыны цяпер ледзьве разгледзіш.

Крыж, вядома, справа добрая. Разумею ўцеху чыноўнага сэрца дзе-небудзь у эпархіі ці аддзеле ідэалёгіі полацкага райвыканкаму: паставілі на мапе вобласьці каля чарговага «нуліка» населенага пункту чарговы крыжык, пазначылі, так сказаць, кананічную тэрыторыю... Але сьпярша пабудаваць бы ў радыюсе трыццацёх кілямэтраў хоць адну царкву ці хрысьціянскую місію! Што насамрэч прыкрываюць такія крыжы ў глухой беларускай вёсачцы – мне давялося на свае вочы пабачыць якраз у Духаў дзень.

Апоўдні да мяне ў пакой пагрукалася спалоханая Вікторыя Віктараўна. «Бачыў, што на могілках творыцца? Народу цьма, паселі гурбамі, падаставалі ежу, толькі хрумст стаіць і гарэлку жлукцяць!.. «Славянскі базар», а ня Тройца».
Увогуле Тройца, яна ж Пяцідзясятніца, у беларусаў Сёмуха, або Духаў дзень – трэцяе паводле значэньня (пасьля Вялікадня й Раства) хрысьціянскае сьвята. На пяцідзясяты дзень пасьля Ўваскрасеньня Хрыста апосталам і вучням, сабраным разам, быў дадзены дар Сьвятога Духа (Дзеі Апостальскія, 2-гі разьдзел). Зьявілася ва ўсёй поўні трэцяя іпастась Божая (адкуль і назва Тройцы). Фактычна Сёмуха (паводле сямі тыдняў, якія мінулі зь Вялікадня) – сьвята заснаваньня Царквы. У такі дзень прынята ўсёй сям’ёй ехаць, натуральна, у царкву на сьвяточнае набажэнства, а таксама ўпрыгожваць і храм, і хату сьвежым бярозавым вецьцем ды зелянінай – на знак моцы жыцьця ў Сьвятым Духу. Так робяць на Гомельшчыне, адкуль родам мой бацька, на Берасьцейшчыне, адкуль маці, дый у самім Віцебску.

А вось у Малым Сітне... Столькі народу на могілках мне не даводзілася бачыць тут ані на Раданіцу, ані на Дзяды, ані на Вялікдзень. Некалькі дзясяткаў машынаў з гораду, перапоўнены рэйсавы аўтобус, люд з хутароў – насельніцтва вёскі павялічылася ці не ўдвая! – плюс поўная мабілізацыя тутэйшых жыхароў. Уся грамада і напраўду пасела тут за адмысловымі сталамі (па адным на два-тры крыжы) сямейнымі купамі на гэткую грандыёзную трызну. Згадалася формула, выведзеная знаёмым праграмістам: «Сваякі – гэта група людзей, якая зьбіраецца разам толькі з нагоды зьмены колькаснага складу». Аказваецца, у Сітне зьбіраюцца разам яшчэ й на Сёмуху. Відовішча проста ўражвае: сюррэалістычнае ўзгор’е, вялізныя дрэвы, рознакаляровыя крыжы, усе ў стужках ды вянках – і ажыўлены, шматлюдны, загульны банкет... Зрэшты ўвесь размах сіценскай Сёмухі праясьніўся пад вечар: сям-там пад крыжамі, быццам непрыбраныя трупы, валяліся п’яныя мужыкі, а нейкая кабеціна спала, паклаўшы голаў проста на стол. Там жа ўбачыў кранальную сцэнку.

Дзьве жанчыны абыходзілі пахаваньні, уголас ацэньваючы, у каго «цьвятоў багата й вянкамі ўсё абкладзена», а ў каго «зарасло, і цьвяты пасохлі»; выхваляліся «сваімі» могілкамі – так, як у горадзе ганарацца дзецьмі, якія, бач, вучацца на семкі-восемкі і дзень за кампутарам сядзяць...

Можа, сёй-той з этнографаў і ўзрадуецца: во, якая дружная й багатая народная традыцыя! Але калі замест сьвята жыцьця назіраеш, халера, усеагульную п’янку на месцы пахаваньня – больш падобна не на трыюмф беларушчыны, а на экзатычны нэкрафільскі культ дзе-небудзь у гушчарах паганскай Амазоніі.

Пасьля Тройцы мне стала канчаткова ясна: каб зразумець гэтую вёску, трэба ня столькі распытваць жыхароў, колькі дасьледаваць могілкі.

Сіценскія могілкі – зарослы стогадовымі хвоямі ды бярэзінамі ўзгорак – разьмяшчаюцца ў самым цэнтры Малога Сітна, там, дзе раней стаяла царква. Мне ўдалося налічыць тут 569 пахаваньняў. Крыху менш за палову зь іх – безыменныя. Самы стары пазначаны крыж – 1881 г. Па-беларуску на сіценскіх могілках няма ніводнага надпісу, хаця «Кавалёв» або «дарагой папачка» трапляюцца досыць часта. Цэлымі кланамі – Глазкіны, Кучыцы, Дзюўбанавы, Сіманенкавы, Луфэравы, Журыдавы, Быхаўцы, Лапенкі, Манякі... Сустракаюцца й вартыя асобнага апавяданьня гісторыі: магілка былой старшыні сельсавету, якая высяляла «кулакоў», з выкалатымі на фатаздымку вачыма; тры магілкі 1942 г. – «зверски замучаны врагами народа», прычым фота аднаго з закатаваных – у белагвардзейскай фуражцы з кукардай... Рахую гады пахаваньняў, і раптам высьвятляецца страшная рэч. Больш 150-ці могілак (45% ад усіх пазначаных!) датуюцца апошнімі 12-цю гадамі. У кагосьці яшчэ ёсьць пытаньні, дзе квітнее стабільная Беларусь?

Але тое, што ўразіла больш за ўсё, дык гэта навершшы. На колішніх чырвоных пірамідах пазразаныя жалезныя зоркі й замест на штырах прылітаваныя папярочыны: крыжы. На каменных надмагільлях крыжыкі выбітыя або прымацаваныя відавочна пазьней.

Зь нейкіх глыбіняў падсьвядомасьці ў людзей усплывае, што беларусы – хрысьціянскі народ. Але што гэта значыць і да чаго абавязвае?

Пакуль Сітна ладзіла вялікія ешчы, у 10 гарадох Беларусі галадавалі маладафронтаўцы. І тое, што было напісана на іхніх майках, куды больш адпавядала сутнасьці Духава дня: «Дзе Дух Гасподні – там свабода!» (2 Карынф 3:17).

Што патрэбна, каб старэйшае пакаленьне не наталяла свой голад на могілках у гонар памерлых, а моладзь не адмаўлялася ад ежы дзеля свабоды жывых? Што мае адбыцца, каб крыж, усталяваны на ўезьдзе ў Сітна, не ўспрымаўся як пахавальны, а знакаваў бы тэрыторыю Боскасьці й беларускасьці?
Адказ адзіны: нацыянальнае абуджэньне.

Павал Севярынец в.Малое Сітна
[30 чэрвеня 2006]
Паводле Нашай нівы