Станіслаў Шушкевіч — у абарону Зьмітра Дашкевіча

Станіслаў Шушкевіч — у абарону Зьмітра Дашкевіча

Былы старшыня беларускага парлямэнту Станіслаў Шушкевіч зьвярнуўся да кіраўніка калёніі, дзе знаходзіцца лідэр МФ Зьміцер Дашкевіч.

Паважаны Кіраўнік Калоніі № 9 Кавалёў А.М.,

Я зьвяртаюся да Вас з гэтым лістом, бо вельмі занепакоены станам Зьміцера Дашкевіча, які ў адпавядаючых чалавечай годнасьці ўмовах даўно мог бы быць лідэрам згуртаваньня моладзі, здольнай прыкласьці ўсе намаганьні, каб Беларусь была краем шчасьлівых і заможных людзей.

Ведаю Зьміцера Дашкевіча больш васьмі гадоў як энэргічнага, шчырага, адукаванага, працавітага чалавека, для якога справядлівасьць і прыстойнасьць – самае галоўнае. Ён адстойвае іх заўсёды ў любых умовах, усюды, куды кідае яго лёс.

Вельмі прашу Вас не паддацца ўражаньню, што Зьміцер хоча парушаць вызначаныя законам парадкі, якія павінны быць ва установах тыпу ВК-9. Ён – чалавек таленавіты, ганарлівы, але законапаслухмяны у яго пэрспэктыўная будучыня. Спадзяюся на тое, што Вы й Вашы супрацоўнікі ня будзеце ставіцца да яго жорстка, бо вельмі хутка настане час, калі і Вы, і яны будуць ганарыцца тым, што добра ставіліся да Зьміцера Дашкевіча, калі ён без належных падставаў трапіў у ВК-9.

 Станіслаў ШУШКЕВІЧ,
доктар фізыка-матэматычных навук, прафэсар, член-карэспандэнт НАН РБ, заслужаны дзеяч навукі і тэхнікі БССР, ляўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР, ляўрэат прэміі СМ СССР, народны дэпутат СССР (1989—1991 гг.), дэпутат Вярхоўнага Савета РБ 12-га і 13-га скліканьняў, першы намесьнік Старшыні ВС РБ (1990—1991гг.), Старшыня ВС РБ (1991—1994 гг.)

Шушкевіч і Дашкевіч
На фотаздымку: Станіслаў Шушкевіч і Зьміцер Дашкевіч падчас дванаццатай гадавіны з дня народзінаў МФ — старэйшае пакаленьне перадае вітаньні малодшаму. На выказваньне Зьмітра Дашкевіча пра тое, што маладафронтаўцы гатовы далучыцца да каманды Шушкевіча, спадар Станіслаў адказаў: “Лепш я увайду ў каманду маладафронтаўцаў”.

 

Малады Фронт прадстаўляе вашай увазе ліст падтрымкі ад былога старшыні беларускага парлямэнту Станіслава Шушкевіча.

Крыніца тэксту й здымкаў: http://mfront.net

Пры выкарыстаньні матэрыялаў спасылка на http://mfront.net абавязковая.

Падзяліцца:

Каментары