Сяргей Скрабец просіць пашырыць сьпіс неўяздных у ЭЗ

Сяргей Скрабец просіць пашырыць сьпіс неўяздных у ЭЗ

Былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў і палітвязень Сяргей Скрабец зьвярнуўся да кіраўніцтва Эўразьвязу з просьбаю дадаць у сьпіс неўзядных у ЭЗ беларускіх чыноўнікаў — пачынаючы з Палаты прадстаўнікоў.

На думку Сяргея Скрабца, асноўнымі апалагетамі рэжыма дыктатара Лукашэнка сёньня зьяўляюцца дэпутаты Палаты Прадстаўнікоў, чальцы Савета Рэспублікі й чальцы Вярхоўнага Суду РБ.

“Палата прадстаўнікоў таемна прыняла, а Савет рэспублікі зацьвердзіў дадаткі ў шэраг законаў, згодна зь якімі любыя пратэсты без дазволу забараняюцца, замежная фінансваньне недзяржаўных арганізацыяў робіцца крымінальным злачынствам, а супрацоўнікі КДБ могуць бесперашкодна ўваходзіць у нашы дамы, офісы ў любы час дня й ночы,” — піша ў звароце Сяргей Скрабец.

У той час па-ранейшаму ў турмах знаходзяцца й падвяргаюцца катаваньням Мікалай Статкевіч, Андрэй Саньнікаў, Зьміцер Дашкевіч ды іншыя лідэры апазыцыі.

“У сувязі з гэтым я прашу вас разглядзець пытаньне аб унясеньні ў сьпіс, каторы забараняе ўезд у краіны Эўразьвязу, дэпутатаў Палаты Прадстаўнікоў, чальцоў Савета Рэспублікі й чальцоў Вярхоўнага суду,” — паведамляецца ў тэксьце зварота.

Сяргей Скрабец, генэральны сакратар аргкамітэту партыі БСДП НГ, лідэрам каторай зьяўляецца палітзьняволены Мікалай Статкевіч, даслаў зварот да старшыні Эўрапейскай Камісіі Жозэ-Мануэль Барозу, вярхоўнага прадстаўніка ЭЗ па зьнешняй палітыцы й бясьпецы Кэтрын Эштан, намесьніка старшыні ПАРЭ Крыстаса Пургурыдэса.

Падзяліцца:

Каментары