Севярынец: як жыць?

Севярынец: як жыць?

Горадзенскі МФ 4 кастрычніка наведаў аднаго з заснавальнікаў нашай арганізацыі, сустаршыню БХД, літаратара, сучаснага палітвязня Паўла Севярынца, які адбывае тэрмін “хіміі” у в. Куплін Пружанскага р-ну. Нацыянальны лідэр падзяліўся сваім поглядам на сітуацыю.

Па гарызанталі

…Зараз варта развіваць менавіта гарызантальныя сувязі ў краіне, дзейнічаць з дапамогай сацыяльных кампаніяў, “угрызацца” і ўкараняцца ў беларускай глебе, у любыя грамадскія асяродкі. Любы дом стаіць на падмурку, і мы маем збудаваць акурат падмурак для адраджэння і кардынальных пераменаў – а гэта перш за ўсё праца з людзьмі, узаемная падтрымка, салідарнасць.

На мінулых выбарах, ды і раней мы моцна пераацанілі працу піяр-мэнэджэраў, колькасную моц узгадванняў у СМІ, “вертыкальных хадоў”… Такія “падпрыгванні” мала чаго вартыя, калі ня маеш пад сабой надзейнай глебы. У выпадку, калі сістэма здымае кіраўнікоў такіх рухаў (як было з кандыдатамі ў прэзідэнты, якія пагалоўна апынуліся ў СІЗА КДБ) гэтыя рухі развальваюцца. Калі сканчаюцца грошы – гэтыя рухі развальваюцца. Калі мінаюць чарговыя выбары, якія скончыліся паразай, гэтыя рухі развальваюцца… Таму і варта рабіць доўгатэрміновыя праграмы па працы з насельніцтвам, разлічваць іх на месяцы і на гады, ствараць для сябе сацыяльную базу.

Не кідаць сваіх!

Сёння як ніколі мы маем трымацца адзін за аднаго. Адна з найважнейшых праблемаў маўклівых акцыяў складалася з таго, што людзям, якіх перапісвалі і фіксавалі міліцыянты, а пасля па аднаму выдаўлівалі з працы ці вучобы, ніхто не дапамог – не застаўляў сваіх кантактаў, не дэжурыў каля пастарункаў, дзе іх трымалі… А мае быць па іншаму: людзі, якія выходзяць, мусяць быць упэўненымі, што ім дапамогуць, дадуць прававую падтрымку, сунуць у руку буклет “Як гутарыць з міліцыянтамі”, аператыўнай групай збяруцца каля РАУСу, суду, ізалятару.

Мы маем забыцца на партыйныя і арганізацыйныя адзнакі і наўпрост дапамагаць адзін аднаму, рэалізуючы евангельскі запавет “узлюбі бліжняга свайго”.

Моцная малітва

Маладому Фронту ў сённешняй сітуацыі асабліва патрэбная мадлітоўная група – людзі, якія б рэгулярна збіраліся для малітвы за арганізацыю, палітвязняў, поспех Справы. Падчас моцнага ціску ў 2006-2007 гг., калі сядзелі Дашкевіч з Фінкевічам, ішлі палітычныя працэсы, маладафронтаўцы знаходзілі час для малітвы і ў выніку ператрывалі і перамаглі. Кожная справа мае пачынацца з малітвы!

Апошняе

Не адчайвайцеся, не дайце сябе зламаць, не дайце сістэме нагодаў думаць, што ў іх атрымалася дэмаралізаваць і разбурыць арганізацыю. Змагайцеся, з Богам і малітвай усё будзе!

Падзяліцца:

Каментары