Магілёў: Сілавікі рэагуюць на бел-чырвона-белы маратон

Магілёў: Сілавікі рэагуюць на бел-чырвона-белы маратон

Акцыю «Люблю Беларусь» перасьледуюць сілавікі. 8 лютага, за магілёўскімі актывістамі Маладога Фронту, каторыя мелі намер аздобіць горад нацыянальным сьцягам, увесь дзень перасьледвала машына АМАПу.

— АМАП увесь дзень за намі езьдзіў, — кажа адзін з удзельнікаў маратону. — Здымалі нас на відэакамэру. Знаходзілі нас у любым выпадку: куды мы, туды й яны. Па ўсім бачна, што акцыя мае вялікі розглас і кіраўніцтва сілавых структураў прывяло карныя падразьдзяленьні ў баявую гатоўнасьць.

Мы хваляваліся за нашых хлопцаў, — кажа каардынатар маратону Яўген Васьковіч. — Вельмі доўга ад іх не было навінаў. Думалі, што ўсіх затрымалі. Але, як высьветлілася позна ўвечары, адбыўся цэлы шпіёнскі баевік з пагоняй і здымкамі на поўнай хадзе. Нажаль, маратон прыпыніўся на дзень. Аднак на шчасьце, што ўсе цэлыя і на волі.

Перасьледвалі хлопцаў на цывільных машынах. Адна зь іх — маркі «Джылі», другі — «Газэль», трэці — пікап. У машынах было поўна людзей. Сілавікі нават не хаваліся, назіраньне вялі нахабна.

Але нягледзячы на перасьлед з боку сілавых структураў маратон «Люблю Беларусь» будзе працягвацца.

Вывешвайце Бел-чырвона-белыя сьцягі ў сваіх гарадох і мястэчках! Верым, можам, пераможам!

Нагадаем, што раней на цэнтральных плошчах некалькіх гарадоў Беларусі былі вывешаны Бел-чырвона-белыя сьцягі: у Бабруйску, Маладэчне, Жлобіне.

Падзяліцца:

Каментары