Сёння палітвязню Мікалаю Аўтуховічу спаўняецца 50 гадоў

Сёння палітвязню Мікалаю Аўтуховічу спаўняецца 50 гадоў

Палітвязень сустракае яго («адзначае» казаць не выпадае) за кратамі гродзенскай турмы.

Заўтра, у аўторак, на Сядзібе БНФ (Чарнышэўскага, 3) а 18 гадзіне ў межах “Марафона Салідарнасці” адбудзецца імпрэза, прысвечаная Мікалаю Аўтуховічу. Уваход вольны.

Мікалай Аўтуховіч — ветэран афганскай кампаніі, паспяховы прадпрымальнік і дэмакратычны актывіст з Ваўкавыска.

Нарадзіўся на Каляды, 7 студзеня,1963 г. у Ваўкавыску. З 1981 года служыў у арміі ў Саратаўскай вобласці кіроўцам у ракетных войсках стратэгічнага прызначэння. Скончыў школу прапаршчыкаў, служыў у Афганістане. За ахову моста пад Кандагарам і ўдзел у іншых аперацыях узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, двума медалямі — «За адвагу» і «За баявыя заслугі». Звольніўся з войска ў 1991 годзе ў Ваўкавыску старшым прапаршчыкам, стаў займацца бізнэсам.

Упершыню Мікалай Аўтуховіч быў арыштаваны ў кастрычніку 2005 года.

Абвінаваціўшы ў нявыплаце падаткаў, яго асудзілі на тры з паловай гады. Ён быў адным з шасці палітзняволеных, вызваленых у выніку жорсткіх санкцый ЗША і ЕС

Мікалай Аўтуховіч другі раз быў арыштаваны 8 лютага 2009 г., асуджаны 6 траўня 2010 г. Вярхоўным судом Рэспублікі Беларусь па ч. 3 арт. 295 КК (незаконныя дзеянні ў адносінах да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў) да 5 гадоў і 2 месяцаў пазбаўлення волі ва ўмовах строгага рэжыму.

Рашэннем суда ад 17 студзеня 2012 г. умовы адбыцця пакарання былі змененыя на больш жорсткія, пераведзены з калоніі № 5 у Івацэвічах ў турму № 1 г. Гродна.

Напісаць ліст (віншаваць ніколі не позна) Мікалаю Мікалаевічу Аўтуховічу можна па адрасе: 230023, вуліца Кірава 1, Гродна, турма № 1, ці даць тэлеграму, патэлефанаваўшы з гарадскога тэлефона на № 166

Паводле “Нашай Нівы”

Падзяліцца:

Каментары