ДЗЕНЬ САЛІДАРНАСЦІ Ў САЛІГОРСКУ
Прыкладна за гадзіну да пачатка акцыі ў раёне цэнтральнай плошчы пачалі зьбірацца супрацоўнікі міліцыі і КДБ. Ў палове восьмай іх колькасць дасягнула трыццаці. Недзе сем аўтамабіляў і адзін аўтазак таксама займалі пазіцыі па перыметру плошчы. Людзі ў цывільным здымалі моладзь на відэакамеры. Аднак калі сябра МФ зрабіў фотаздымак аднаго з іх, чалавек у цывільным спрабаваў забраць камэру і пагражаў разбіць яе. Негледзячы на вялізарную колькасць міліцыянтаў людзі пачалі выстрайвацца ў шэраг, трымаючы ў руках партрэты зьніклых людзей і палітвязьняў. Міліцыя заблякавала частку плошчы, не пускаючы людзей, якія жадалі далучыцца. У акцыі прымалі ўдзел як салігорцы,так і госці са Слуцку, як моладзь,так і старыя людзі.Начальнік міліцыі Захарчук пытаўся высветліць арганізатара акцыі і прозвішчы некаторых удзельнікаў акцыі. Сотні гледачоў не дазволілі затрымліваць моладзь у цэнтры. Па заканчэнні акцыі міліцыянты кінуліся ў пагоню. Аднак негледзячы на ўсе намаганні ніхто не быў затрыманы. Вось так у Салігорску людзі ў чацьвёрты раз выйшлі на плошчу на Дзень Салідарнасці.
[16 траўня 2006]
Прэс-служба Маладога фронту
|