Стартаваў адбор на Graffiti Open Music Fest

Стартаваў адбор на Graffiti Open Music Fest

Да 15 кастрычніка клюб “Графіці” прымае ад маладых гуртоў заяўкі на ўдзел у конкурсе Graffiti Open Music Fest, які ўпершыню стартаваў у 2009 годзе. Фармат мерапрыемства моцна ня зьменіцца — як і раней, раз на тыдзень маладыя гурты будуць сыходзіцца ў двубоі, па выніках якога лепшы калектыў выходзіць у наступны тур. Адзінае адрозьненьне ад папярэдніх гадоў у тым, што цяпер галасаваць за гурты можна будзе толькі ў клюбе.

Удзел у Graffiti Open Music Fest зможа ўзяць любы малады гурт, а таксама тыя каманды, якія раней ня здолелі дайсьці да фіналу конкурса. Мэханіка мерапрыемства амаль не зьмянілася. Раз на тыдзень у клюбе «Графіці» будзе праходзіць канцэрт з удзелам двух конкурсных калектываў. Па выніках выступу будзе абраны пераможца двубою, які выйдзе ў наступны тур конкурсу. Паступова лепшыя калектывы дойдуць да фіналу, а пераможца Graffiti Open Music Fest атрымае прызы ад клюба «Графіці» і партнэраў фэстываля. Лепшыя гурты мінулых конкурсаў — «Всё сразу» і Prastora — сталі ўладальнікамі грашовых узнагародаў, гадзінаў студыйнага і рэпэтацыйнага часу. Галасаваць за гурты змогуць наведнікі канцэртаў з дапамогай сваіх квіткоў (адзін квіток – адзін голас). У адрозьненьні ад папярэдніх гадоў, калі аддаць свой голас можна было яшчэ і на сайце «Графіці», сёлета гледачы змогуць прагаласаваць толькі ў клюбе пад час канцэрта. Апроч наведнікаў вызначаць лёс канкурсантаў будуць сябры журы. «Гэта будуць людзі, якія маюць адносіны да прафэсійнай музычнай дзейнасьці: прадусары, знаныя музыкі, крытыкі і журналісты», — кажа кіраўнік клюбу «Графіці» Нік Маторын. У адрозьненьні ад наведнікаў журоўцы будуць мець не адзін, а некалькі галасоў, якія яны могуць ці цалкам аддаць аднаму калектыву, ці матывавана падзяліць паміж двзьвума ўдзельнікамі. Дакладную колькасьць галасоў сябраў журы кіраўніцтва «Графіці» вызначыць бліжэй да старту канцэртнай часткі конкурсу.

Прыём заявак да ўдзелу ў конкурсе ўжо пачаўся і працягнецца да 15 кастрычніка. Гурты, якія жадаюць узяць удзел у Graffiti Open Music Fest павінныя даслаць на адрас pub@graffiti.by ліст з наступным зьместам:

— назва калектыва з сьпісам удзельнікаў і інструмэнтаў

— гісторыя калектыва, фота, любая дадатковая інфармацыя

— дэма-запіс гурта (не даўжэй за 20 хв.)

— нумар тэлефону, э-мэйл і іншыя кантактныя дадзеныя

Дыск з дэмазапісам і ўсёй інфармацыяй можна таксама прынесьці ў клюб «Графіці» (Менск, завулак Калініна, 16) штодзённа з 12:00 да 23:00.

http://music.fromby.net 

Падзяліцца:

Каментары