Старушка без зубоў

Старушка без зубоў

Трохмесяцовая рэвалюцыя ва Ўкраіне агаліла праблемы не толькі постсавецкага грамадства, але і грамадства заходняга.

Пра гэта цяпер гавораць многія. Я з іхнімі высновамі згодны. Незразумела для мяне толькі тая рэакцыя, – здзіўленне, – з якой канстатуецца няздольнасць Захаду дапамагчы народу Ўкраіны вырвацца з лапаў расейскага мядзьведзя і крывавага ўркі.

Але што ж тут дзіўнага?! Ці забылі мы, як паводзілі сябе еўрапейскія лідэры, калі нацыянал-сацыялізм пачынаў сваё крывавае шэсце па Еўропе? Можа хто і забыўся, але гісторыя помніць: усе толькі і думалі аб тым, як з Гітлерам дамовіцца. Пры дамове з Англіяй і Францыяй Гітлер акупуе частку Чэхаславакіі, у расчляненні якой удзельнічаюць Польшча і Вугоршчына. Усіх абышоў прым’ер-міністр Брытаніі Чэмберлен, каторы пасля дамоваў з Гітлерам з гонарам заявіў свайму народу: “Я прывёз вам мір”.

Калі ж эліта эўрапейскіх краінаў (журналісты, мысляры, культурніцкія дзеячы) заклікалі свае ўрады прарэагаваць на які-небудзь там антыгабрэйскі тэрор, урады гэтыя з ахвотаю рэагавалі: асуджаючымі рэзаліцыямі ды гнеўнымі заявамі сатрасалі паветра. Пачытваючы гэтыя адозвы ныцысцкі фюрэр спакойна сабе страляў у мітынгуючую апазіцыю і пачынаў паліць габрэяў.

А ці забылі мы, як паводзіў сябе Захад, калі развальвалася турма народаў? Як сведчаць сучаснікі тых падзеяў, заходнія палітыкі турбаваліся толькі тым, каб ядзерная зброя захавалася пад кантролем аднаго цэнтра, і таму ўсяляк пераконвалі лідэраў савецкіх рэспублік захаваць саюз “нерушымы”. Нерушымы усё адно рухнуў, і рухнуў з грукатам. Але паказальны сам пыдыход: калі Рэйган ахрысціў сэсэсэру імперыяй зла, дык ягоны наступнік Буш-старэйшы, каторы пры Рэйгане быў віцы-прэзідэнтам, упрошваў Шушкевіча гэтую імперыю зла хоць у нейкім фармаце, але захаваць.

Таксама і цяпер, з году ў год назіраем мы, як Захад адной рукою піша асуджальныя заявы на рэжым самазванца Лукашэнкі, самадура Пуціна, забойцы Януковіча, а другой рукою – прысылае паслоў вітаць самазванца, прызначае алімнійскі гульні для самадура, заклікае да згоды з забойцам; і ва ўсіх іх працягвае набываць нафтапрадукты і іншыя тавары, каб толькі дыктатары мелі чым утрымоўваць свае рэжымы, каб толькі маглі праплочваць карныя структуры, на якіх іхнія троны і трымаюцца.

Таму як па мне, дык няма нічога дзіўнага ў тым, што Еўропа бясслільна неяк паўплываць на падзеі ва Ўкраіне, Расеі ці Беларусі. Проста старушка Еўропа без зубоў. І без зубоў яна ўжо вельмі даўно.

Толькі ў гэтым я не бачу падставаў для адчаю, аднак наадварот – падставы для натхнення, бо чым менш у нас спадзяванняў на чалавека, тым больш мы спадзяемся на Бога. Чым менш у нас будзе ілюзіяў на нейкія знешнія чыннікі, тым хутчэй мы самі возьмемся за косы, сякеры і кактэлі.

А тое, што старушка без зубоў – гэта не яе віна, гэта проста прыкмета веку.

Змiцер Дашкевiч, спецыяльна для charter97.org

Падзяліцца:

Каментары