Статкевіч – баец! Аповед Змітра Дашкевіча

Статкевіч – баец! Аповед Змітра Дашкевіча

У першы дзень вясны, чарговы этап зэкаў прыбыў з Жодзіна на Валадарку. Уводзяць у Пішчалаўскі замак праз браму высокае аркі, што надае працэсу засялення ў сталічную турму пэўнае велічнасці. Ну падумайце самі: ці можа гэта параўнацца з вузкімі, маленькімі дзвярыма жодзінскае турмы, якія вядуць ў падвальнае памяшканне з замызганымі крывёю сценамі? Не, у турму №1 заходзіш і радуешся ўжо самому дызайну.

Арка падзелена гэткімі ж высокімі кратамі на дзве часткі. Першая частка займае 1/4 ад агульнай плошчы; справа і злева гэтай часткі размешчана два акенца, як быццам бы касавых на якім-небудзь старэнькім вакзале. Толькі што білет табе набываць не трэба — усё аплочана. Трэба ўсяго толькі назваць ля правага акенца прозвішча і твая вандроўка пачынаецца. Альбо працягваецца. Гэта як у каго. У другой частцы аркі маецца тры дзверы: злева, якія вядуць у адміністрацыйныя пакоі, справа — у адстойнікі, а тыя што пасярэдзіне, размешчаныя ў вялізных, гэткіх жа як і пры ўваходзе драўляных брамах, вядуць на тэрыторыю турмы. Правільныя дзверы, пры прыездзе на Валадарку, — справа, куды нас, 16 навабранцаў, і павялі.

Перш-наперш наноўпрыбыўшыя праходзяць шмон. Гэткім разам ён быў ашчаджаючага рэжыму: не трэба нават было, няхай даруе інтэлігенцыя, тры разы прысядаць без сподняга. Пасля гэтае працэдуры нас развялі па розных камэрах: сядзеўшыя — асобна, першаходы1 — асобна. Таму са сваім падзельнікам – “злосным хуліганам” Эдуардам Лобавым, дай Бог яму і надалей добрага здароўіцца, паехалі па розных адстойніках. Наступны этап адаптацыі да насельнікаў дому №2 па вуліцы Валадарскага, самы радасны — душ. У яго, з 10 чалавек нашае камеры, выказала жаданне ісці 4, і мы пайшлі. Хаця б на вечарок, але адчуць сябе не мурзатыі бяспраўным зэкам, а жыхаром цэнтра сталіцы цэнтральнаеўрапейскае дзяржавы!

Цяпер усе чакалі толькі пад’ему2 ў хаты. Вельмі хацелася кінуць кешары, заварыць гарбаты / купчыку3 / чыфіру (на любіцеля) і класціся спаць. Бязсонная ноч у жодзінскіх адстойніках хіліла найперш да гэткіх думак. Але перад здзяйсненнем такой простай (і трэба сказаць: законнай!) мары зэка, трэба было атрымаць яшчэ матрацы і пасцельную бялізну.

За ватам4 пайшлі ўсе прыбыўшыя з Жодзіна. І гэта дазволіла мне ўбачыць свайго паплечніка Эдуарда, каторы пачуваў сябе вясёлым і ўпэўненым.

— Здароў! – радасна прамовіў я, выбраўшы ў шэрагу зэкаў ля сцяны месца побач з Эдуардам.

— Здароў! – усміхаючыся адказаў ВДВэшнік.

— Ты як сам?

— Нармальна ўсё.

— Калі размяркуюць па хатах, трэба абавязкова спісацца.

— Добра, спішамся. — каротка прамовіў Эдуард.

— Так, стаім ціха! — гаркнуў старшына, падыходзячы да нас з Эдуардам. — Што. Яшчэ не набазарыліся? Дык я вас зараз угаманю!

— Ды ўсё нармальна, старшой, — суцішваючы страсці адказаў я, павярнуўшы галаву да маладога старшыні.

— Стаім спакойна, не размаўляем, — ужо больш абыякава кінуў ён і пайшоў убок дзвярэй, даючы новы загад: — Усе за мною!

Ланцуг зэкаў пацягнуўся за камандаю начальства. Апынуўшыся ў той самай арцы мы павярнулі направа і праз сярэднія дзверы выйшлі на вуліцу. Перад намі, ва ўсёй велічнасці, пастаў Пішчалаўскі замак. Тут яго называюць старым корпусам турмы. Пасля таго, як у 2008 годзе адна з вежаў замка, дабітая горам тысячаў і тысячаў арыштантаў, абрынулася, стары корпус спыніў сваю векавую працу. Замак, разам з вежамі, быў абвараны жалезнымі балкамі і гэтым як бы застрахаваны ад далейшага развалу. Усе камеры, якія месціліся ў старым корпусе, а трэба прызнацца чытачу: гэта былі цудоўныя камеры ў цудоўных магнацкіх пакоях з высокімі столямі, закрылі для пражывання. Аднак падвал працягвае паспяхова функцыяваць. Ён, найперш, злучае корпусы паміж сабою, а таксама ў ім месціцца склад, куды зэкі здаюць свае рэчы перад выездам на суды, і памяшканне выдачы матрацаў.

— Рушнік трэба? — запытаўся ў мяне асуджаны, каторы запаўняў картку выдачы рэчаў.

— Не, — адказаў я.

— Кубак?

— Не.

— Стаў подпісы, — сказаў зэк і падсунуў на стале картку бліжэй да мяне.

Я паставіў 4 подпісы каля галачак, чкіч стаялінасупраць пераліку рэчаў, выдадзеных мне турмою: матрац – 1 шт., падушка – 1 шт., прастыня – 2 шт., навалачка – 1 шт. І тут жа, побач са сталом, месцілася акно выдачы рэчаў і другіасуджаны выдаў мне тонкую, абшытую коўдраю вату, у якую скруцілі ўсю астатнюю маю маёмасць часовага карыстання. Узяўшы свае рэчы я пайшоў на выхад. На падлозе падвала ўжо ляжала некалькі скручаных матрацаў. Паклаў свой пад сцену і я ды пачаў шукаць у натоўпе арыштантаў Эдуарда. Але ён быў ужо ў памяшканні выдачы рэчаў. Засунуўшы рукі ў кішэні курткі, на Валадарцы можа прайсці такі нумар, я сачыў за дзвярыма, каб на выхадзе перахапіць свайго сябра. Аднак праз хвіліну да мяне падыйшоў сярэдняга веку капітан і агучыў чарговы загад:

— Бяры вату і пайшлі.

— Куды? — зусім не разумеючы што да чаго, запытаўся я.

— Пайшлі за мною, — нічога не адказваючы прамовіў мой новы начальнік.

Тут і насамрэч адказу чакаць не выпадала. Таму я ўзяў пад паху вату і пакіраваўся за капітанам, каторы павёў мяне назад. Тое, што мяне вярнулі ў адстойнік і здзівіла, і насцярожыла. Пахадзіўшы ўзад-уперад па камеры з паўгадзінкі, я паляпаў у дзверы. Праз хвіліну адкрылася кармушка5 і прагучала пытанне.

— Што трэба?

— Мяне сёння будуць падымаць? — пацікавіўся я, нахіліўшыся да кармушкі.

— Не.

— А калі?

— Не раней, чым заўтрашнім ранкам.

— Зразумела… Дзякуй,– прамовіў я, і адышоў ад дзвярэй.

Кармушка захлопнулася.

Было відавочным, што шукаюць мне падыходзячую хату. “Н-да, — падумалася мне, — будзе цікава глянуць, які кангламерат падбяруць мне да заўтра”. А пакуль трэба было месціцца ў адстойнічку. Зрэшты, праўды дзеля, трэба сказаць, што гэта зусім не тыя адстойнікі, якія апісваў я пяць год таму ў “Гісторыі трох дзён”. За пяцігодку цывілізацыйныя пераўтварэнні пачалі прасочвацца і ў цэнтральную турму сталіцы нашае Радзімы.

Цяпер у адстойніку замест сцэны6 стаяла тры двайныя нары, ля сцяны ўсталявалі невялікі столік з лаваю, побач з унітазам з’явіўся нават умывальнік (!), і ўвесь гэты санузел абнесены цэглянаю перагародкаю вышынёю з метар. Цяпер можна хадзіць па патрэбе, не выстаўляючы гэты працэс на ўсеагульны агляд. Для гнілых, зашморганых адстойнікаў беларускае турмы – гэта каласальныя пераўтварэнні. Самым жа вялікім дасягненнем цывілізацыі сталася з’яўленне ў камерах разетак! Зараз зэкам не трэба факеламі капціць сцены і столь, а міліцыі не трэба садзіць за гэта зэкаў у карцэр.

Налюбаваўшыся еўрарымонтам, я падыйшоў да вакна. Рэснічкі на ім былі не вельмі моцна прыціснутыя адна да адной, і таму праз іх можна было ўбачыць кавалак свабоды. Гледзячы на чыстае блакітнае неба і частку высоткі, якая месціцца ля СІЗА, я прыгадаў, як у 2006 годзе з гэтага ж адстойніку ездзіў на суд па арт. 193-1, і праз гэтыя ж шчыліны ў рэснічках глядзеў на такое дарагое, пасля некалькіх месяцаў камераў, неба. Цяпер, як і тады, хацелася толькі аднаго: звярнуцца да Таго, хто гэтае неба стварыў. Тым больш, так рэдка ў турме, амаль ніколі, бываюць такія моманты, калі ты можаш пабыць з Ім сам-насам: памаліцца за сваіх сяброў, распавесці Яму пра свае беды і перажыванні. Каму яшчэ чалавек можа даверыць стогн сваёй душы да рэшты?

Праз нейкі час пачуўся такі знаёмы гук дзвярных засовак і ў камеру ўвайшоў яшчэ адзін кліент:

Праз нейкі час пачуўся такі знаёмы гук дзвярных засовак і ў камеру ўвайшоў яшчэ адзін кліент:

— Здаровенька!

— Здароў, — адказаў я, аглядваючы свайго новага сукамерніка.

Гэта быў плотна складзены хлопец гадоў 35-ці, сярэдняга росту, з шырокімі плячыма, якія павальна пераходзілі ў начыста паголеную галаву.

— Цябе не паднялі яшчэ? — запытаўся ён, паставіўшы два кешары ля стала.

— Не, і цябе ўжо не падымуць.

— Да ты што?!

— Дакладна, заўтра раніцою толькі.

— Во як… — выдухнуў мой сукамернік са здзіўленнем, сутнасць якога была патлумачана наступным пытаннем: — А ты што, па-беларуску пастаянна размаўляеш?

Раз 1000-ны на яго адказваючы, я прамовіў толькі кароткае: “Ага”, бо ведаў, што зараз будзе зададзена адно з двух пытанняў. Прагучаў варыянт другі, менш распаўсюджаны, але які пасля апошніх падзеяў стаў ужывацца часцей:

— Што, апазіцыя?

Тое ж кароткае: “Ага”, бо і тут мне было зразумела, пра што запытаецца суразмоўца далей. Цяпер, праўда, заставаўся ўжо толькі адзін варыянт, які і прагучаў:

— За 19-е?

— Ды не, троху не дайшоў.

— А, бывае, — спачувальна і гэтак жа каротка прамовіў мой адзіны сукамернік і пасля павузы адрэкамендаваўся:

— Гена, — і працягнуў мне руку.

— Зміцер, — з усмешкаю адказаў я, паціскаючы ягоную шырокую далонь, і падрыхтаваўся адказваць на наступнае абавязковае пытанне.

Варыянт таксама быў толькі адзін:

— Як-як?

— Зміцер, — прамовіў я павольна, дадаўшы для тлумачэння: — Ну, як Зміцер Вайцюшкевіч. Чуў?

— Ну так, канешне.

Мяне гэткая дасведчанасць абрадавала і я запытаўся:

— Кіпяцільнік ёсць?

— Не, няма. І ў цябе таксама?

— І ў мяне таксама, — адказаў я, развёўшы рукамі.

— Фігова. Зараз нешта прыдумаем, — сур’ёзна прамовіў Генадзь і пачаў аглядаць камеру. Спачатку ён праглядзеў уважліва нары, а пасля пачаў шукаць нешта пад сталом, дастаўшы адтуль праз паўхвіліны машыну.

О! Машына — гэта гінеальны цуда-апарат для кіпячэння, прыдуманы геніальнымі зэкамі. За ўмераную дапамогу на развіццё беларускага падполля (пералічваць на рахунак Беларускага металургічнага завода з пазнакаю “на арматуру” ) гатовы паведаміць чытачам сакрэтныя схемы. Значыцца так: робіцца дадзены апарат выключна з аднаго аднаразовага станка для галення і кавалачка дроту. Найперш са станка дастаецца два ляза, якія злучаюцца, але паміж імі кладзецца кавалачак пластмасы (з гэтага станка) такім чынам, каб мойкі7 былі паралельныя адна адной і паміж сабой не злучаліся. Далей да адной і другой мойкі, толькі з розных бакоў, прымацоўваюцца два кавалкі дроту, кожны з якіх на канцы трэба абвязаць вакол запалкі. Апарат гатовы!

Менавіта ён, пад назваю “машына”, быў знойдзены Генадзем пад сталом. Я дастаў з кешара кубак, падараваны мне адным добрым сукамернікам у Жодзіна, і мы пачалі варыць крупчык.

— А ты за што сам? — запытаўся я ў Генадзя, адпіўшы два глыткі моцнай гарбаты і перадаючы яму кубак.

— Ды па 424 закрылі, — адказаў Гена, адразу тлумачучы: — Злоўжыванне службовым становішчам (рэдкі для дадзеных сценаў набор лічбаў). Было там у нас адно камерцыйнае прадпрыемства. (Генадзь адпіў два глыткі і даў кубак мне). 11 месяцаў нічога следакі вымудрыць не могуць. Адвакат абяцае, што праз месяц павінен быць я дома. Ну я іх тады ўжо, гадаў, па пракуратурах зацягаю! — з прагаю помсты ў голасе дадаў былы прадпрымальнік.

— Да… У нас яшчэ і не такое бывае. А адкуль цябе перакінулі?

— З Амерыканкі.

— І як там?

— Нармальна, сядзеў з вашымі там некаторымі.

— Цікава! – ажывіўся я. – З кім?

— Спачатку са Статкевічам. — адказаў Гена.

— Як ён там? — працягваў я распытваць, запамятаўшы ўжо і на гарбату, і на сон.

— Ды ён увогуле супер. З чэкістамі доўга не базарыць.

— Ну так, ён такі, — згадзіўся я. — Доўга сдзелі разам?

— Не, недзе дзён 10. Яго закінулі нам, калі мы ў камеры ўдвух сядзелі з адным малым —Віталянам, той за 378 ішоў. Завялі Міколу і малы адразу падскочыў да яго вітацца. Я падумаў, што яны знаёмыя, але той кажа: “Не, гэта ж кандыдат у прэзідэнты — Статкевіч”. Ну а я ж не ведаю — сяджу год ужо. Чуў нешта пра кандыдатаў гэтых, але неяк іх зашмат было (тлумачыў мне сітуацыю Гена), ды і не разабрацца з турмы хто там хто.

— Гэта так, — згаджаючыся кіўнуў галавою я. — Тут і на волі складана ў некаторых разабрацца.

— Во, дык адкуль я мог Статкевіта-та ведаць? — запытальна паглядзеў на мяне бізнэс-клас і працягваў. — Ён зайшоў у хату і адразу папярэдзіў: “Каб не было пытанняў, хлопцы, я галадую”. Я тут жа Віталяну кажу: “Так, малы, давай на другі паверх залазь, дай чалавеку месца”.

— Гэта годна, — кіўнуў я галавою.
— Ну а як? Чалавек паважаны, галадуе — мы абавязаны дапамагчы. Уладкавалі мы яго як трэба. Ну і што ты думаеш? – звярнуўся да мяне Генадзь.

— Што? — перапытаў я.

— Што… Адразу выклікае начальства турэмнае, на наступны ж дзень. Ціпа: “Што вам, сядзіцца кепска? Дык мы зараз учынім вам адсідку!” Я спачатку не зразумеў у чым праблема. А потым мне намякнулі, што, маўляў, Статкевіча мы там прыгрэлі!

— Н-да, знаёмая тэма, — абурыўся я разам з Генам.

— Ну! — павысіў тон размовы мой сукамернік. — Я нават ашалеў! Кажу ім: “Вы што, таварышы, здзекуецеся?! Мы ж проста дапамаглі чалавеку, як дапамаглі б іншаму. Ён жа галадуе, аслаблены. Што нам яго. На пальму трэба было загнаць?!”

— І што гэб’ё?

— Ды што гэб’ё, як заўсёды: “Не супакоіцеся — будуць праблемы!” Ну, дурным людзям нічога не дакажаш. Дык і што яны зробяць мне? Карцэр? Ды начхаць! Што так сядзець, што так.

— Н-да, — прамовіў я пад уражаннем пачутага, — весела. А самога Статкевіча, як, душылі?

— Яго, я мяркую, і не падушыш асабліва, — упэўнена сцвердзіў Гена, дадаўшы: — Моцны чалавек!

— Ён і на волі такі, — кінуў я. — Заўсёды ідзе да канца.

— Ну, баец! —– узвысіўшы голас заявіў Гена і ўзняў кулак у гору. — Я це дакладна кажу: Статкевіч — гэта баявая адзінка! Штык! — ужо прыкрыкнуў, захоплены аповедам Генадзь, і працягваў далей. — Гісторыю ведае на ўсе 100! Распавеў мне нават пра маё прозвішча ўсё! Я, як апынуўся, шляхта! І не абы якога роду! — з усмешкаю і гонарам заявіў камерсант, узняўшы ўказальны палец правае рукі ўгору.

— Герб — гэта сур’ёзна! – таксама з усмешкаю пацвердзіў я.

— Ну а потым, — неяк нават з сумам сказаў Гена, — мяне перавялі ў іншую камэру. Патрапіў я да гэтага вашага кандыдата ІКС.

— І як це кандыдат ІКС ? — было цікава мне даведацца.

— Не, мне не спадабаўся! — і Гена скрывіў твар. — Усё скуліў там нешта ды пастаянна жаваў! Я яму кажу: “Ты што тут жарэш, ё ты маё?! Стары там на голадзе ляжыць, а це ўсё прыкольчыкі! Ды з-за такіх во сук як ты, нармальныя людзі і сядзяць! Я, блін, вас гадаў такіх душыў бы!” — і шляхцюк не абы якога роду арыстакратычна патрос дзвюма здаравеннымі рукамі ў паветры.

— Што, так і сказаў?! — гагочучы запытаўся я.

— Ну а што? Так і сказаў! Статкевіч жа во з-за такога і сядзіць! А што, не так?! — і Гена запытальна глянуў мне ў вочы.

— Відаць што так.

— Відаць… Яно не відаць, — цвёрда вымавіў шляхціч, — яно так і ёсць! Панабіраеце там сабе бязвольных правадыроў, а яны вас потым здаюць з патрахамі. Ды нафіга вашчэ такая апазіцыя?!

— Так, такая не трэба.

— Ну, а Статкевіч — штык! Баец! За такімі людзьмі заўсёды пойдуць. Я це дакладна кажу — баец! — Не жадаючы супакойвацца паўтараў белы камерсант, сур’ёзнага роду шляхціч Гена.

Да, Статкевіч і сапраўды баец, думалася мне, калі мы з Генадзем улягліся ўжо на нары. Ніколі на папятную не ішоў. І калі за нешта браў адказнасць нікуды не збягаў і ні за каго не хаваўся. Ахвяраваць сабою вайсковы афіцэр гатовы заўсёды. Ён выступіў супраць “ГКЧП” тады, калі за гэта яго маглі падвесці пад растрэльны артыкул. Ён ствараў БЗВ і незалежнае беларускае войска, прыводзячы салдат і афіцэраў да прысягі Беларусі пад Бел-чырвона-белым штандарамі Пагоняю. Ён адным з першых у нашай краіне пайшоў па судах і спецпрымальніках, калі трэба было выходзіць на вуліцы і бараніць Незалежнасць сваёй Бацькаўшчыны, служэнню якой падпалкоўнік прысвячае жыццё.

Гэб’ё, раз за разам наведваючы мяне ў Жодзіна, цікавілася найперш Статкевічам. Як Статкевіч вёз вагоны арматуры? Як Статкевіч арганізаваў звяржэнне рэжыму? Як Статкевіч фінансаваў МФ?


На здымку: Зянон Пазьняк і Мікалай Статкевіч. 8 верасьня 1992, прысяга вайскоўцаў на вернасць Беларусі

Калі няшчасныя людзі задаюць неадэкватныя пытанні, знайсці адказы на іх вельмі цяжка. Ну каму даказваць, што Статкевіч не транспартаваў эшалонамі арматуру? Каму даводзіць, што падпалкоўнік не фінансаваў байцоў з Маладога Фронту, бо ўся ягоная выбарчая кампанія была адфінансавана ягонымі роднымі і ўкладалася ў сотню базавых велічыняў? Калі каго і цікавілі фінансы ў “Завірусе-2010”, дык толькі не Мікалая Статкевіча. Уся ягоная дзейнасць была накіраваная толькі на тое, каб дамагчыся ў Беларусі свабодных выбараў, адваяваць для нашага народу права абіраць сабе ўладу. Менавіта таму ён не збіраўся выдумляць пра цудоўную будучыню пасля ягонае перамогі на выбарах; а тым больш нават падумаць не мог, каб заігрываць з палітыкам, каторы амыў сваю ўладу крывёю палітычных апанентаў.

Таму усё, што казаў Генадзь пра двух кандыдатаў, з якімі сядзеў, дзівам для мяне не сталася. Можна толькі было паспачуваць аднаму, і тым людзям, каторым ён затуманьваў розум: і парадавацца мужнасці і прынцыповасці іншага. Статкевіч — баец! І на такіх байцах трымаецца ўся нашая барацьба.

Зміцер Дашкевіч, старшыня МФ
Травень 2011, Менск, турма на вул. Валадарскага

———
Турэмны слоўнік ад Зьмітра Дашкевіча:
1 Першаход — арыштант, каторы сядзіць першы раз.
2 Пад’ём — перавод.
3 Купчык, купец — моцная гарбата.
4 Вата — матрац з бялізнаю ці без яе.
5 Кармушка — невялікая дзверка пасярэдзіне дзвярэй камеры, праз якую выдаюць ежу, перадачы, пошту.
6 Сцэна — драўляны насціл з дошак.
7 Мойка — лязо для галення.


На здымку: Мікалай Статкевіч і Зміцер Дашкевіч. 6 верасьня 2009, Дванаццацігоддзе заснавання Маладога Фронту

Падзяліцца:

Каментары