Статкевіч даслаў ліст пра Плошчу: «Аднаго не магу дараваць сабе…»

Статкевіч даслаў ліст пра Плошчу: «Аднаго не магу дараваць сабе…»

«…Ты ведаеш, што на наступным тыдні будзе яшчэ адна гадавіна, — піша палітвязень Мікалай Статкевіч у лісце жонцы, адпраўленым напярэдадні 19 снежня, калі споўнілася два гады з часу Плошчы-2010. — Мне не сорамна за той дзень. Аднаго не магу дараваць сабе…

— дазволіў тады завезці сябе ў тую пастку… […] Праўда, далей, здаецца, памылак не рабіў, бо працавалі ўжо інстынкты [пры нападзе]. Адразу закрыў спіну, стаўшы да «праваахоўнай» машыны, правільна ўдарыў, правільна прымаў удары. Каб хоць адзін прапусціў, то, гледзячы па стане прадплеччаў, якімі блакаваў удары дубін пад вострым вуглом, ужо нікуды б не дайшоў. Правільна таксама, што не здолеў ударыць «маску», што паўзла да мяне, бо не лічыў за ворага і баяўся біць нагой у галаву. А галоўнае, што чэрап аказаўся моцным (вынік 600-гадовага адбору :)) і адна нага ацалела, што дазволіла дайсці».

Жонка Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч размясціла пісьмо ў сацыяльных сетках.

Статкевіч так і не падпісаў прашэння аб памілаванні на імя Лукашэнкі, нягледзячы на ціск. Яго перакінулі з калоніі ў турму, дзе ён не бачыць сонца, і змясцілі ў адну камеру з асуджаным Васільевым, якога праваабаронцы падазраюць у датычнасці да так званага «эскадрона смерці», які забіваў бізнэсоўцаў, апазіцыйных палітыкаў і журналістаў у канцы 90-х.

МБ, “Наша Ніва”

Падзяліцца:

Каментары